В киноконцертном зале "Островец" прошел благотворительный утренник
У цікавую зімовую казку трапілі ўсе, хто 30 снежня завітаў у кінаканцэртную залу «Астравец» – тут прайшоў дабрачынны ранішнік, арганізатарамі якога сталі Астравецкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі, спорту і турызму, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Павіншаваць дзяцей з самымі цудоўнымі і чароўнымі святамі прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Фёдараўна Раткевіч.
Менавіта Ірына Эдуардаўна, якая ў сваім выступленні не толькі павіншавала рабят і іх бацькоў з навагоднімі святамі, але і загадала загадкі, і дала старт астравецкай дабрачыннай ёлцы, удзельнікамі якой сталі малалетнія інваліды, сіроты, дзеці, якія засталіся без бацькоў, актывісты, выдатнікі вучобы і ўсе тыя, хто верыць у цуды.
А на сцэне між тым разварочвалася чароўнае дзейства «Казачнага перапалоху», удзельнікамі якога сталі выхаванцы і педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і ўсе прысутныя.
Дасціпныя гульні, загадкі, таямніцы і смех дзяцей дапамаглі дабру перамагчы зло – і ўсё стала на свае месцы, а да дзяцей прыйшлі Дзед Мароз і Снягурка.
Але і на гэтым свята не закончылася. У фае кінаканцэртнай залы ўсе жадаючыя маглі расказаць Дзеду Марозу вершы ці праспяваць песні. Напрыканцы свята 147 дзетак атрымалі падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.
Алена Ярашэвіч
