В Гервятах появился киоск с островецкой сувенирной продукцией
Доўгі час турысты, госці, ды і жыхары Астравеччыны не маглі набыць сувеніры на памяць аб наведванні нашых мясцін ці ў падарунак. Гэтую нішу своечасова заўважыла тагачасны начальнік Астравецкай пошты Ірына Эдуардаўна Тальчук – менавіта пошта арганізавала выпуск і продаж сувенірнай прадукцыі – магніцікаў, паштовак, буклетаў, кубкаў, сувенірных талерак, гадзіннікаў і г.д – “Астравецкая праўда” ўжо расказвала пра гэта.
Але з цягам часу ўзнікла іншая праблема: усю гэтую прадукцыю можна купіць на пошце ці ў вясковых аддзяленнях паштовай сувязі – але адкуль аб гэтым ведае прыезджы? Ля Гервяцкага касцёла кожны дзень спыняецца па некалькі турыстычных аўтобусаў – цяжка ўявіць, што наведвальнікі пабягуць шукаць паштовае аддзяленне, ды яшчэ ў тыя гадзіны, калі яно адчынена, каб купіць магніцік.
І гэтую праблему таксама вырашыла пошта – праўда, пакуль толькі часткова, у самым турыстычным пункце Астравеччыны – Гервятах. Каля месца паломніцтва турыстаў – касцёла Святой Тройцы – устаноўлены кіёск, дзе арганізавалі продаж сувенірнай прадукцыі. Попыт на яе пераўзышоў усе спадзяванні, і зараз у вузле паштовай сувязі думаюць аб тым, каб пашырыць асартымент сувеніраў і павялічыць іх колькасць: турыстычны ж сезон у самым разгары.
Пахвальная ініцыятыва – астраўчане, таксама, думаю, не адмовяцца купіць тое-сёе сабе ці гасцям на памяць аб цудоўнай Астравеччыне.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
