Увеличение своих рядов - одна из основных задач Островецкой районной организации "Белая Русь"
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” сваімі добрымі справамі і актыўнай пазіцыяй вядома ва ўсёй краіне. Сёння “пярвічкі” Белай Русі” створаны ва ўсіх раённых цэнтрах і гарадах нашай рэспублікі. Наша інтэрв’ю са старшынёй Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталляй Уладзіміраўнай Сянюць прысвечана дзейнасці арганізацыі ў нашым раёне.– Наталля Уладзіміраўна, вы з’яўляецеся не толькі старшынёй раённай арганізацыі “Белая Русь”, але і дырэктарам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Як у вас атрымліваецца сумяшчаць гэтыя пасады?
– Мне не цяжка. Тым больш, што гэтыя пасады не ідуць у разрэз адна з другой. Дзейнасць “Белай Русі” вельмі блізкая да дзейнасці цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, таму я і згадзілася стаць старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Мне вельмі прыемна арганізоўваць мерапрыемствы, праводзіць іх, рабіць людзей шчаслівымі... Гэта, канешне, адымае шмат часу, але прыносіць агульную карысць і задавальненне ўсім неабыякавым людзям, якія ўваходзяць у склад нашай раённай арганізацыі. Галоўнае, каб гэта было па патрабаванні душы, тады і атрымлівацца ўсё будзе так, як трэба. Тым больш, што я не з тых людзей, якія баяцца цяжкасцей – яны, наадварот, мяне толькі загартоўваюць.
– Што для вас галоўнае ў сённяшнім жыцці?
– Гэтае пытанне я задавала сабе не раз. І калі б сёння перада мной паўстаў выбар, то ён быў бы на карысць “Белай Русі”. Зразумела, што шэсць гадоў, якія я працую у цэнтры творчасці, не прайшлі бясследна. Тут склаўся добры, творчы, дружны калектыў, вельмі дарагі для мяне. Але я ўпэўнена, што гэтыя людзі падтрымалі б мяне і мой выбар. Так было і тады, калі я стала старшынёй раённай арганізацыі – усе члены нашага калектыву выказалі жаданне ўліцца ў рады гэтай грамадскай арганізацыі. І сёння яны заўсёды патрымліваюць ўсе акцыі і мерапрыемствы, якія праводзіць “Белая Русь”.
Сёння Астравецкая раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” налічвае 725 чалавек, якія ўваходзяць у 45 пярвічных арганізацый. Літаральна за год яна папоўнілася 138 новымі членамі, створаны і пастаўлены на ўлік 5 пярвічных арганізацый – Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Астравецкай раённай ветэрынарнай станцыі, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 і Кямелішкаўскага НПК.
У мінулым годзе мы праводзілі агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы ў пярвічных арганізацыях. Лепшай па выніках работы, а таксама лідарам па колькасці стала пярвічная арганізацыя аддзела адукацыі, якую ўзначальвае яго начальнік Віктар Віктаравіч Млечка – сёння ў яе склад ўваходзяць 92 чалавекі. Плённа працуе і актыўна развіваецца пярвічная арганізацыя Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, старшынёй якой з’яўляецца Дзіна Аляксандраўна Мажэйка.
Але мы не збіраемся спыняцца. Наш горад расце і развіваецца, павялічваецца і колькасць насельніцтва. І таму адна з асноўных задач нашай арганізацыі – павелічэнне сваіх радоў.
– “Белая Русь” – адна з грамадскіх арганізацый, у якой ёсць уласныя сродкі ад членскіх узносаў. На што яны накіроўваюцца?
– За 2012 год арганізацыйнымі структурамі аб’яднання было сабрана амаль 62 мільёны рублёў членскіх узносаў. Гэта дазволіла вырашыць усе задачы, якія стаяць перад намі – мы можам праводзіць мерапрыемствы і акцыі, своечасова плаціць падаткі і зборы, заахвочваць і падтрымліваць актыў аб’яднання, віншаваць з прафесійнымі святамі. Аднак асноўная частка нашых расходаў накіроўваецца на рэалізацыю сацыяльных праектаў.
– Што гэта за праекты?
– Візітнай карткай аб’яднання стала акцыя “Белая Русь” з любоўю да дзяцей”. Яе мэта – падтрымка сям’і і рашэнне задач дэмаграфічнай бяспекі. Мы клапоцімся пра сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, пра дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шматдзетныя сем’і. Штогод у рамках гэтай акцыі актывісты раённай арганізацыі наведваюць маці, якія нарадзілі дзяцей у Дзень Незалежнасці і Дзень маці. 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, наведваем дзетак, што знаходзяцца на лячэнні ў дзіцячым аддзяленні раённай бальніцы. Мы ўваходзім у лік арганізатараў раённых мерапрыемстваў для дзяцей-інвалідаў. Штогод аказваем дапамогу ў арганізацыі аздараўлення дзяцей – толькі за мінулы год раённая арганізацыя набыла 38 пуцёвак у аздараўленчыя летнікі для дзяцей з сацыяльна небяспечных сем’яў, для актывістаў і адораных вучняў.
Штогод у раёне праходзяць і рэспубліканскія акцыі “Нашы дзеці”, “У новы год – з “Белай Руссю” і шэраг іншых. Падчас іх правядзення раённая арганізацыя стараецца ахапіць як можна больш дзяцей. Ды і ўвогуле, на працягу года мы ўдзяляем увагу і аказваем падтрымку ўсім, каму яна патрэбна.
Міласэрнасць, спагада, жаданне дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, які апынуўся ў складанай сітуацыі, аб’ядналі членаў нашай арганізацыі і прыцягнулі да гэтай дзейнасці сотні прыхільнікаў.
– “Белая Русь” вядома яшчэ і тым, што можа дапамагчы людзям у вырашэнні іх праблем – пры раённай арганізацыі працуе грамадская прыёмная. Ці часта да вас звяртаюцца людзі? З якімі пытаннямі?
– Стварэнне грамадскіх прыёмных – адзін з важнейшых праектаў, які рэалізавала РГА “Белая Русь”. Звароты грамадзян сведчаць, што людзі давяраюць нашай арганізацыі. У грамадскую прыёмную раённай арганізацыі паступіла 5 пісьмовых і 47 вусных зваротаў і званкоў на “гарачую лінію”. Усё яны былі разгледжаны і накіраваны ў органы дзяржаўнага ўпраўлення, у кампетэнцыі якіх знаходзілася іх вырашэнне.
А ў пачатку сакавіка раённай арганізацыяй сумесна з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, старшынёй Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адамам Дзмітрыевічам Кавалька быў арганізаваны прыём грамадзян па асабістых пытаннях на пляцоўцы будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Пытанні і праблемы, з якімі грамадзяне прыйшлі на прыём, датычыліся розных сфер жыцця і ўсе яны ўзяты на кантроль.
– За гады свайго існавання раённая арганізацыя ўдзельнічала ў чатырох выбарчых кампаніях. Чым запомніліся апошнія выбары членам “Белай Русі”?
– Наша раённая арганізацыя прыняла актыўны ўдзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. “Белая Русь” вылучыла 37 актывістаў для работы ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, 36 членаў нашай арганізацыі сталі назіральнікамі ў выбарчых камісіях. Падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыя-нальнага сходу грамадская прыёмная РГА “Белая Русь” выконвала ролю штаба па каардынацыі работы ў нашым раёне.
(Дарэчы, за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання старшыня раённай арганізацыі Наталля Уладзіміраўна Сянюць была ўзнагароджана Падзячным пісьмом Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” – аўт.)
– А што ў перспектыве?
– У бліжэйшай будучыні мы плануем на базе выязной грамадскай прыёмнай, якая будзе працаваць на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС, арганізаваць маніторынг сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў нашым рэгіёне.
Як арыенцір на будучыню – сустрэчы з працоўнымі калектывамі, каб бліжэй пазнаёміць іх з дзейнасцю нашага аб’яднання, і стварэнне новых пярвічных арганізацый.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам!
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
strong