“Увага – лепшы падарунак”. Жанчыны Астраўца пра 8 Сакавіка
Валерыя Кандраценка і Дар’я Пашкевіч, вучаніцы гімназіі №1:
– У гэты дзень звычайна атрымліваю кветкі з цукеркамі. Прыемна, калі іх дораць. Бывае, кладуць у падарунак грошы ці прыгожую вопратку.
З сяброўкамі ў нас ёсць традыцыя перад такімі святамі рыхтаваць адна адной розную касметыку: бальзамы для вуснаў, маскі для твару ці нешта іншае.
У мінулым годзе атрымала цудоўную рэч – майку, якую размалявала сяброўка. Відаць, што зроблена сваімі рукамі спецыяльна для мяне! Больш ні ў каго такой няма, бо ўклалі любоў, гэта многае значыць для мяне.
У тым годзе таксама падарункам стаў маленькі сябар – шэрае кацяня Патрык, якога прынеслі бацькі. Было шмат эмоцый – захапленне, пяшчота, падзяка. Гэта адзін з лепшых падарункаў у маім жыцці.
Дар’я:
– Цюльпаны дораць кожны год. З незвычайных падарункаў раней атрымлівала букет з мармеладу. Радасна здзівілася, бо салодкае люблю.
Мне падабаецца рабіць падарункі сваімі рукамі: паштоўкі з сэрцайкамі, кветкамі ці птушкамі. Іх можна прыляпіць ці намаляваць – і атрымаецца аднолькава прыгожа, але ўсё ж па-рознаму. Люблю, калі мне дораць нешта, што рабілі самі – час вылучылі, уклалі любоў і ўвагу. Адчуванне такое, быццам аддалі часцінку сваёй душы.
Алена Дарафей з сынам Іванам, у дэкрэтным адпачынку:
Рыхтую падарункі для мамы, сястры і лепшай сяброўкі. Выбіраю невялікія, але прыемныя рэчы, якія сама хацела б атрымаць. Вялікія сюрпрызы раблю на дні нараджэння.
Калі гаварыць пра незвычайнае, хацелася б, напэўна, выпрабаваць сябе ў палёце ў аэратрубе. Такія рэчы больш пра эмоцыі і ўражанні, чым пра нешта матэрыяльнае. Яны застаюцца ў памяці назаўсёды. Ведаю пра гэта не па чутках, бо ў дзяцінстве вельмі падабаўся Юра Шатуноў – і бацькі падарылі касету з яго
песнямі. Успаміны саграваюць мяне і цяпер.
Вера Даўляш (без фота):
– Люблю гэтае свята за тое, што яно звязана з вясной. На вуліцы ўсё расквітае – і жанчыны таксама: шмат усміхаюцца і смяюцца. Вясна для меня пачынаецца з першымі цюльпанамі, якія дораць на 8 Сакавіка.
Раней жаночы дзень мы з мужам адзначалі з сябрамі. Збіраліся вялікай кампаніяй, ехалі за горад – гэта ўжо быў своеасаблівы падарунак. Цяпер збіраемся сваёй сям’ёй.
На мой погляд, лепшы падарунак для кожнай жанчыны – увага. Кветкі, няхай проста і прадказальна, у такі дзень прыносяць столькі радасці, што нават сонца пачынае грэць мацней.
Алена ВАЙЦЯХОВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара і з архіва гераіні
