Увага: конкурс! Філатэлісты ўсяго раёна, аб’ядноўвайцеся і спаборнічайце!
У Гродзенскай вобласці стартаваў конкурс маладых філатэлістаў “Сімвалы Бацькаўшчыны”, які праводзіцца штогод па ініцыятыве РУП “Белпошта” з мэтай павысіць інтарэс моладзі да гісторыі Беларусі і сфарміраваць паважлівыя адносіны да дзяржаўных сімвалаў.
Усе мы ў дзяцінстве любілі нешта збіраць. У некага гэта былі фанцікі ад цукерак і шакаладак, у іншых – наклейкі з любімымі героямі мультфільмаў, машынкамі ці лялькамі. І быў у гэтым працэсе надзвычайны спартыўны інтарэс – дзеці куплялі іх штодзень, абменьваліся паўторнымі наклейкамі з сябрамі, каб хутчэй сабраць поўную калекцыю. А з якой зайздрасцю пазіралі на таго, у чыім альбоме красаваўся самы рэдкі экзэмпляр! Але час прайшоў, і стала неяк не па-даросламу збіраць наклейкі з машынкамі…
Хаця чаму б не пачаць збіраць штосьці іншае – да прыкладу, маркі? Калекцыяніраванне марак здаўна лічыцца самым папулярным хобі ва ўсім свеце. Калі вы купляеце марку сваёй краіны, то набываеце часцінку гісторыі сваёй любімай радзімы. Так што, школьнікі, студэнты, папаўняйце рады філатэлістаў! Тым больш, што зараз для гэтага ёсць добрая нагода – правядзенне абласнога конкурсу.
У конкурсе могуць прыняць удзел школы, сярэдне-спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама асобныя філатэлісты ва ўзросце да 21 года. Першы этап праходзіць з 12 кастрычніка 2011 года па 10 сакавіка 2012 года на раённым узроўні. Удзельнікам неабходна падрыхтаваць матэрыялы ў выглядзе стэндавых экспанатаў аб’ёмам 16 выставачных лістоў фармату А4 па наступных намінацыях – “БССР”, “Гады незалежнасці”, “Культура Беларусі”, “Беларускія “Дажынкі”, “Гісторыя дзяржаўных сімвалаў”, “Гісторыя краіны ў асобах”, “Гераічная Беларусь”, “Старажытная Беларусь”, “Прырода Беларусі”, “Лепшыя маркі Беларусі”.
Два стэнды з раёна – лепшая калекцыя навучальнай установы і лепшая індывідуальная калекцыя – будуць адпраўлены ў Гродна для ўдзелу ў другім этапе конкурсу, які пройдзе з 16 сакавіка па 29 красавіка 2012 года. Члены журы вызначаць 20 пераможцаў, якія атрымаюць прызы ад арганізатараў напярэдадні Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь: два наборы эксклюзіўных марак і дыпломы ад Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”, дзесяць прызоў за лепшыя індывідуальныя работы ад аддзела па справах моладзі аблвыканкама, дзесяць прызоў за лепшыя групавыя работы ад абласнога камітэта БРСМ, дыпломы і падарункі за лепшую арганізацыю філатэлістычнага руху ў навучальнай установе і самаму юнаму ўдзельніку ад упраўлення адукацыі аблвыканкама, а таксама прызы ўдзельнікам ад Гродзенскага абласнога аддзялення прафсаюзаў.
– У недалёкім мінулым філатэлія была адным з самых распаўсюджаных відаў калекцыяніравання – маркі збіралі мільёны людзей, – расказвае начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Сёння ж пасля імклівага росту папулярнасці інтэрнэту гэта хобі стала нечым экзатычным. Тым не менш хацелася б прывіць моладзі інтарэс да філатэліі і адрадзіць гэты захапляльны і цікавы занятак. Падчас раённага этапу конкурсу “Сімвалы Бацькаўшчыны” мы плануем арганізаваць сустрэчы школьнікаў з нашым мясцовым філатэлістам Станіславам Баляслававічам Памецькам, які раскажа дзецям пра філатэлію і прадэманструе ім свае калекцыі. Затым зробім выставу калекцый саміх удзельнікаў конкурсу. Зразумела, што гэта справа не аднаго дня: сабраць калекцыю марак не так проста, улічваючы, што выпускаюцца яны ў абмежаванай колькасці. Але ж гэта сапраўды захоплівае – жаданне, каб менавіта ў тваёй калекцыі было больш за ўсё рэдкіх экзэмпляраў. Дарэчы, для ўсіх жадаючых пошта арганізоўвае падпіску на філатэлістычную прадукцыю і вы будзеце забяспечаны кожным новым выпускам паштовых марак.
Школьнікі, студэнты, далучайцеся да ўдзелу ў гэтым творчым і цікавым конкурсе! Яшчэ вялікі Гётэ казаў, што калекцыянеры – шчаслівыя людзі.
Вольга ШОЎКУН.