Усыпление домашних животных осуществляется по письменному заявлению
У рэдакцыю газеты звярнулася жанчына з пытаннем, ці існуе ў нашым раёне служба, якая займаецца ўсыпленнем хатніх жывёл (катоў і сабак)?Жанчына не прадставілася, але растлумачыла сітуацыю. Яна мае інваліднасць і жыве ў сельскай мясцовасці. Сабака ў сілу ўзроставых асаблівасцей моцна хварэе і дастаўляе гаспадыні шмат нязручнасцей. Жанчына звярталася ў раённую ветэрынарную станцыю, але ёй там адмовілі, патлумачыўшы, што астравецкая ветстанцыя не займаецца ўсыпленнем хатніх жывёл, за гэта адказвае жыллёва-камунальная гаспадарка.
Інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела ЖКГ Рэгіна Францаўна Варковіч растлумачыла, што працэдура ўсыплення хатніх жывёл адбываецца выключна па пісьмовай заяве ўладальніка жывёлы і згодна з графікам і заяўкамі. Аднак абслугоўваюцца толькі гарадскія жыхары.
Жанчыне, якая хоча ўсыпіць сабаку, трэба звярнуцца з пісьмовай заявай у мясцовы сельскі Савет, прадстаўнікі якога павінны заключыць дагавор з ЖКГ. Праз некаторы час спецыялісты выедуць на месца і правядуць працэдуру ўсыплення.
Гэтая паслуга платная. Для ўсыплення сабак і катоў выкарыстоўваецца прэпарат “Лідар”. У спецыяльны “пісталецік” устаўляецца дроцік (шпрыц з лякарствам). Жывёліна пры гэтым не адчувае болю: засынае і не прачынаецца.
Варта адзначыць, што на сённяшні дзень спецыяльныя інструменты і лякарствы у ЖКГ ёсць у наяўнасці.
-------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.
