У аграгарадку Варона жыве актыўная пенсіянерка, прыхільніца кветак Аліна Казлоўская, якая захапляецца імі з дзяцінства.
Якіх толькі кветак няма ў калекцыі гаспадыні: ад чайных да півонавідных руж і розных відаў клемацісаў. А яшчэ шыкоўныя півоні, рознакаляровыя лілеі, буйналістыя хосты, далікатныя фіялкі, сакавітыя вяргіні… Пералік можна весці бясконца. Але сэрца кветкавода аддадзена аднагодцы петуніі і каралеве кветак ружы. Вакол дома – амаль батанічны сад, які гаспадыня старанна даглядае.
Раніцай, ідучы на работу, родныя і вяскоўцы любуюцца клумбамі Аліны Іванаўны. Суседзі называюць двор Казлоўскіх райскім куточкам.
«Кветкі – гэта маладосць душы» – пад такім дэвізам жыве і стварае прыгажосць руплівая гаспадыня. Расліны жанчына не толькі набывае на рынку, але і выпісвае, абменьваючыся імі і заахвочваючы да свайго хобі ўсё больш людзей.
– Я вельмі беражліва стаўлюся да раслін, бо многія з іх – гэта памяць аб тых, каго ўжо няма побач: вось кветкі, пасаджаныя клапатлівай рукой мамы, а гэта расліны мужа, – расказвае Аліна Іванаўна.
Усё сваё жыццё жанчына была ветурачом у калгасе, а на пенсіі ўжо 7 гадоў працуе ў Варонскай бібліятэцы. Да Міжнароднага дня кветак бібліятэкар правяла свята для дзяцей, якія з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах і віктарынах, узгадвалі вершы і творы, у якіх гаворыцца пра кветкі, знаёміліся з выставай, на якой прадстаўлены тэматычныя кнігі і артыкулы, урыўкі з мастацкіх твораў, легенды, нацюрморты і фатаграфіі.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.