Успаміны пра армію: за рулём 90-тоннай машыны
Павел Шкуёнак, 1987-1989 гг., ракетныя войскі, г. Варэн
Прызываўся з Астраўца – я мясцовы, з Сарочча. Да арміі паспеў адвучыцца ў Ашмянах на шафёра, папрацаваць у калгасе. Наконт служыць ніякіх думак кшталту «хачу-не хачу» не ўзнікала – трэба. Так і з месцам службы: куды трапіў, там і добра.
Провады? Былі! Сябры, бацькі, родныя – народу шмат сабралася. Пастрыглі налыса… Нас тады чалавек восем з ваколіцы ў адзін прызыў трапіла. Лёха Бернюкевіч з Кемелішак са мной быў – мы з ім два гады разам служылі.
…З Астраўца павезлі ў Гродна, а куды рушылі потым, ніхто не ведаў. Паляцелі самалётам, прызямліліся – вакол такія ж, як у нас, дрэвы, неба… Убачылі аўтамабілі – не, не такія! Зразумелі, што гэта Германія.
Салдацкія будні ва ўсіх, мабыць, аднолькавыя, для вясковых хлопцаў ніякіх складанасцей не было: ранні пад’ём, фізічныя нагрузкі – нічога новага. А вось саслужывец з Тамбова каля сцяга ўмудраўся паспаць – з адкрытымі вачыма!
Я быў механікам-вадзіцелем шматвоснага дызельнага шасі – машыны, якая з загрузкай важыла 90 тон. Шмат абавязкаў у мяне было – не толькі за «баранкай» сядзеў. Так, тэхніка вялізная, але вясковым хлопцам нічога не страшна. (Смяецца.) Да таго ж у вучэбцы нездарма вучыліся. Цікава, што ўпраўлялася такая машына лёгка – адным пальцам.
Кожныя тры месяцы ў нас была поўная баявая гатоўнасць: спіш – а тут праз некалькі хвілін ракета павінна быць у небе. Усё было адточана да аўтаматызму.
Складаней было, калі на вучэнні выязджалі: машыны вялікія, а вуліцы ў нямецкіх гарадах вузкія. У стэп за Валгаград ляталі – сапраўды, ён бясконцы: бачыш недзе далёка чырвоную лямпачку, а не даехаць да яе.
…У вольны час хадзілі на спортгарадок, лісты дадому пісалі. Спачатку часцей – і бацькам, і сябрам, і родным, потым радзей стаў «вестачкі» адпраўляць.
з сябрам з Літвы Валдасам Будкусам (злева)
Звальніцельныя былі, але толькі «па месцы», з афіцэрскім суправаджэннем. Які там дом – далёка. Экскурсіі па горадзе, кіно, магазіны… У выніку чамадан дэмбельскі поўны прысмакаў дадому павёз. (Смяецца.) Пад канец службы, у 1989-м, нас вывелі ў Прыбалтыку. Адтуль і звольніўся ў запас.Дэмбельскі альбом сам рабіў, стараўся – прыгожы ён быў. Якіх толькі адрасаў саслужыўцаў тут няма: БССР, УССР, Пскоўская вобласць, Гродзенская, Калінінград, Мінск… За паўгода да «дэмбеля» пачаў над ім працаваць. І нездарма гавораць «100 дзён да загаду» – гэта самыя доўгія дні. Тады і «крыжыкі» ў календары ставіць пачынаеш. (Смяецца.)
Армія выхоўвае сапраўдных мужчын. І гэта не толькі пра рана ўстаць і жыць па рэжыме. Яна вучыць чуць і выконваць каманды, стасавацца з людзьмі, дысцыплінуе і загартоўвае. У мяне там шмат сяброў было, прычым розных нацыянальнасцей.
Дадому прыехаў на дзень раней, чым чакалі. Дабіраўся цягніком да Вільнюса, адтуль прасцей – транспарт добра хадзіў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
