Уражанні нашых землякоў ад сустрэчы з Янам Паўлам ІІ
Нават імя яго – сімвал ХХ стагоддзя. Ён – паэт. Філосаф. Святар міласцю Божай. Намеснік Хрыста на зямлі, які ўсё сваё жыццё імкнуўся ахінуць любоўю людскі род. Міратворца. Заступнік убогіх і пакрыўджаных. Галава каталіцкай царквы, перад якім здымалі капялюш урады краін самых розных веравызнанняў, атэістычных – у тым ліку. Прапаведнік, да якога, каб пачуць яго Слова, з усіх бакоў свету сцякаліся мільёны людзей. Ён быў (і ёсць!) бясспрэчным духоўным аўтарытэтам для сучаснай моладзі, якая разуверылася, здавалася б, ва ўсім і ва ўсіх. Ён - гонар і сумленне Касцёла.
Ян Павел ІІ. Папа Рымскі, якога называюць Святым Айцом тысячагоддзя. Ключнікам святога Пятра.
Ён той, хто прайшоў шляхам святога Пятра. Хто адважыўся папрасіць прабачэння ў народаў, якіх калі-небудзь пакрыўдзілі католікі. Хто ў адзіноце маліўся ля Іерусалімскай Сцяны Плачу. За ўсіх. За ўвесь касцёл. За людзей свету, сярод якіх для яго не было вызначаных – усе роўныя.
Жыццё Яна Паўла ІІ – як Святое Пісанне, старонкі якога падчас апошняга падарожжа да месца пахавання ў ягоных знямелых ужо назаўсёды руках перагортваў вецер. Старонкі, поўныя чысціні, мудрасці, любові. Як гадзіны, дні, гады, пражытыя Святым Айцом. На вачах у мільёнаў людзей, якія ўдзельнічалі ў яго пахаванні (большасць з дапамогай тэлебачання) вецер гартаў старонкі Пісання туды-сюды, туды-сюды. І раптам закрыў. Гучна. Як стрэліў. І рэха гэтага стрэлу болем аддалося ў сэрцы Свету.
Яна Паўла ІІ не стала. Ён адышоў у іншы, лепшы свет. І ён застаўся сярод нас назаўсёды. Вечны – як удзячная людская памяць.
3 мая – дзень беатыфікацыі Святога Айца Яна Паўла ІІ. Аб сустрэчы з ім сёння ўспамінаюць тыя з ураджэнцаў і жыхароў Астравеччыны, якіх Бог адарыў гэтым шчасцем.
Прафесар Адам МАЛЬДЗІС, 1 мая 1990 года:–І вось мы ў вялікай прыёмнай зале. Нас папярэджваюць, што Папа сёння вельмі заняты ў сувязі з будучым падарожжам у Мексіку. Таму на гаворку з кожным у яго літаральна хвіліны. Таму выстройваемся вялікім паўкругам і напружана чакаем. Нарэшце раздаюцца апладысменты: у дзвярах справа паказваецца невысокая постаць наступніка першаапостала Пятра.
Па чарзе Папа падыходзіць да кожнага, паціскае руку, для кожнага знаходзіць адпаведныя словы. Калі чарга даходзіць да мяне, ад імя беларусаў уручаю Яго Святасці энцыклапедычны даведнік “Францыск Скарына”, коратка гавару пра юбілей вялікага палачаніна, які турбаваўся, каб народ меў слова Божае на зразумелай яму мове. На жаль, Скарынавы традыцыі далёка не заўсёды знаходзяць варты працяг. У сённяшніх беларусаў-католікаў мала сваіх пастыраў, па сутнасці, няма патронаў, якімі маглі б стаць Фабіян Абрантовіч або Казімір Сваяк. Папа адказвае, што ён ведае пра беларускія праблемы і што паступова яны будуць вырашаны. У сваю чаргу задае пытанні, якія сведчаць пра выключную кампетэнтнасць у нашых справах.
У развітальнай прамове Папа ўскосна вярнуўся да гэтай праблемы, прыгадаў, што адразу пасля ўступлення на апостальскі трон ён прамаўляў не толькі па-польску, але і па-літоўску, па-беларуску, па-ўкраінску, хаця гэта таго-сяго шакіравала.
Выходзілі мы, моцна ўражаныя чалавечнасцю, даступнасцю, высокім інтэлектам папы Яна Паўла ІІ, першага славяніна на ватыканскім троне.
Каля сарака гадоў Мечыслаў Аляксандравіч ВАЛУЕВІЧ узначальваў адну з самых фінансава моцных гаспадарак Астравеччыны – калгас “Шлях Леніна”. Многа было ў яго жыцці падзей і сустрэч. І ўсё ж адну з іх ён і сёння памятае так, нібы яна адбылася толькі што:–У Ватыкан я патрапіў у лістападзе 1991 года ў складзе беларуска-літоўскай дэлегацыі, якая накіравалася ў Папскую сталіцу для ўдзелу ва ўрачыстасці з нагоды кананізацыі Рафала Каліноўскага. Па прапанове біскупа Кандрусевіча я нават узначаліў гэтую дэлегацыю.
Цяжка знайсці словы, каб перадаць уражанні ад сустрэчы з Янам Паўлам ІІ…
Ведаеце, па роду працы мне даводзілася сустракацца з “моцнымі” гэтага свету: з Пятром Міронавічам Машэравым, са старшынёй Савета міністраў СССР Мікалаем Іванавічам Рыжковым. Моцна хваляваўся, канешне, і перад, і падчас такіх спатканняў. Але з Папам Рымскім… Тут зусім іншае. Непараўнальнае абсалютна.
Айцы-кармяліты з Гудагайскага касцёла Наведання Маці Божай з надзеяй асвяціць цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай узялі яго з сабой. Вядома, усе мы рыхтаваліся да гэтай сустрэчы. У думках я бясконца паўтараў польскія словы, якімі меў намер павітаць Святога Айца. А калі ён спыніўся каля нас, усё падрыхтаванае ў імгненне знікла з галавы.
–Нічога страшнага, – супакоіў мяне Ян Павел ІІ. – Размаўляйце па-руску. Я зразумею.
І пачаў распытвацца ў мяне пра Беларусь, пра маю сям’ю, пра жыццё.
–Католік?
–Католік.
–А жонка?
–Праваслаўная.
–Праблемы на глебе веравызнання ўзнікаюць?
–Не. Знаходзім агульныя кропкі судакранання.
–Так і трэба. Трэба, каб сяброўскія сувязі паміж каталіцтвам і праваслаўем узмацняліся. Мы ж хрысціяне. Нас аб’ядноўвае Хрыстос Збавіцель.
Яна Паўла ІІ цікавіла многае. Асабліва яго непакоіў стан веры моладзі. Ён лічыў, што мала робіцца дзеля заахвочвання моладзі наведваць храмы, актыўна удзельнічаць у хрысціянскім жыцці.
Святы Айцец трымаў сябе проста і шчыра – размаўляў са мной, як з роўняй. Але ўплыў быў… Я не магу вам расказаць. Маё сэрца гатова было выскачыць з грудзей ад радасці! А душа спявала “Асанну”.
Ян Павел пайшоў далей, але промні яго святасці засталіся ў кожным з прысутных. Натхненне небывалых памераў! Вера – на неабсяжных вышынях. Малітва нараджалася сама сабой. І гучала не толькі на вуснах – у сэрцы.
Ён не быў звычайным чалавекам – ён стаў святым яшчэ пры жыцці. Сапраўдны намеснік Бога на зямлі.
Вечарам нас запрасілі на прыём. І за сталом з пачастункамі я сядзеў непадалёк ад Айца. Ён размаўляў галоўным чынам па-польску. І я стараўся не прапусціць ніводнага яго слова…
Людвіка КАРДЗІС нарадзілася і вырасла ў Астраўцы, але пасля школы паступіла ў Віленскі ўніверсітэт і засталася жыць у Вільні. Актыўны сябра беларускай суполкі. Калі Папа Рымскі прыязджаў у Вільню, Людвіка прамаўляла яму вітальныя словы ад імя беларусаў Літвы. Вось як яна пра гэта ўзгадвае:–У 1993 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ наведаў Літву. У сустрэчы, якая адбылася ў Закрэце ў Вільні, пашчасціла ўдзельнічаць і мне. Ад імя сваіх супляменнікаў Папу Рымскага віталі ў той дзень прадстаўнікі літоўскага, польскага, украінскага народаў. Мне даверылі прадстаўляць беларускую дыяспару Літвы.
Напачатку я ўспрыняла гэты давер на чыста патрыятычным узроўні. І пра маральную падрыхтоўку – пра падрыхтоўку душы да сустрэчы – не думала. Я вельмі сур’ёзна паставілася да свайго знешняга выгляду – беларускі нацыянальны строй падрыхтавала цудоўны (хоць некаторыя яго часткі давялося здабываць у Мінску – з калекцыі самаго прафесара Раманюка).
Памятаю той дзень. Сыпаў дробны дожджык. Рух у Вільні быў перакрыты, і ў бок Закрэтаў рухалася лавіна пешаходаў, у якую ўліліся і мы з мамай. Агульная мэта аб’ядноўвала людзей, стварала атмасферу асаблівай еднасці. Настолькі моцнай, што мне раптам захацелася паспавядацца. Падышла да ксяндза, які вёў маладзёжную пілігрымку, і папрасіла аб гэтай ласцы. Святар згадзіўся, і споведзь адбылася падчас хады праз Закрэцкі парк…
Потым быў вельмі строгі кантроль з металашукальнікамі. Нарэшце ўдалося сесці на вызначанае месца…
Калі на поле выехаў Святы Айцец, нешта здарылася. Не ведаю, дзе канкрэтна. На Закрэтах? У Вільні? У Літве? На ўсім свеце? Толькі аднекуль з неба на нас – на кожнага з прысутных – раптам апусцілася такая радасць, якой не здаралася адчуць ні да, ні пасля сустрэчы з Янам Паўлам ІІ. Супакой і лёгкасць існавання немагчымай сілы. Усе мае хваляванні зніклі самі сабой – я адчытала свае радкі цалкам спакойна. І накіраваны яны былі не ўсім – толькі Святому Айцу. І нейкім невытлумачальным спосабам я адчувала, што Ян Павел ІІ слухае мяне і разумее…
Адкрыты твар, што літаральна выпраменьваў дабрыню і святло. Шчырасць вышэйшай пробы, на якую звычайны чалавек не здольны…
Я шчаслівая, што мне выпала невымерная радасць не проста жыць з Янам Паўлам ІІ у адзін час, але і бачыць яго ўвачавідкі. І нават сказаць яму некалькі вітальных слоў на роднай для мяне мове.
АЙЦЕЦ ЛЕАНАРД, манах ордэна кармялітаў босых. Шмат гадоў працуе ў Гудагайскім касцёле Наведання Маці Божай. Айцец Леанард сустракаўся з Янам Паўлам ІІ у 2003 годзе:–Слынны цудамі абраз Гудагайскай Маці Божай даўно заслугоўваў быць каранаваным папскімі каронамі – пра гэта мы марылі не адзін год. Але як ажыццявіць сваю мару – не ведалі.
У 2003 годзе Ватыкан урачыста адзначаў 25-годдзе пантыфікату Яна Паўла ІІ. Удзел у свяце збіралася прыняць і дэлегацыя Беларусі. “Гэта ваш шанс, – патэлефанаваў нам біскуп Аляксандр Дзям’янка. – Едзьце. А раптам атрымаецца!”
Мы ўзялі даўно падрыхтаваныя залатыя кароны і паехалі. Ехалі, канешне, з вялікім пытальнікам у душах: ці ўдасца трапіць на прыём да Святога Айца? Прыехалі. У Ватыкане ўжо сабраліся мільёны пілігрымаў – ніякай надзеі…
А потым нехта з нас прыдумаў патэлефанаваць у канцэлярыю. Здабылі нумар тэлефона і патэлефанавалі адразу… асабістаму сакратару Папы ксяндзу Дзівішу. Ён выслухаў нас і адказаў: “Графік складзены вельмі шчыльна, але паглядзім… Можа, і ўдасца што зрабіць”. Вечарам ксёндз Дзівіш перазваніў нам сам і паведаміў канкрэтную гадзіну сустрэчы – ну хіба не чарговы цуд Маці Божай Гудагайскай?!
Святы Айцец сустрэўся з намі адразу пасля сустрэчы з біскупамі і арцыбіскупамі, якая адбывалася ў вялікай зале прыёмаў. У той момант ён ужо быў моцна хворым, знаходзіўся ў стане, блізкім да крытычнага, меў вялікія праблемы з мовай.
–Святому Айцу цяжка размаўляць, – сказаў нам кс. Дзівіш, – але ён з радасцю вас выслухае. Не бойцеся – расказвайце.
І мы расказвалі. Пра касцёл на Беларусі – як пра інстытут. Пра наш парафіяльны касцёлік. Пра працу кармялітаў. Пра абраз, які мы марым каранаваць…
Ян Павел не проста слухаў – ён праменіўся ўвагай. Боль і цярпенне зніклі з ягоных вачэй – вочы сталі шчаслівымі і радаснымі. І ад яго слабенькай схварэлай постаці сыходзіла святасць такой сілы, што нашы эмоцыі зашкальвала…
–З самага сэрца благаслаўляю кароны для Гудагайскага абраза. І вас, кармяліты, благаслаўляю таксама, – знайшоў у сабе сілы прамовіць Святы Айцец.
Паблагаславіў, але далей маліўся ўжо толькі вачыма – не меў сіл прамовіць малітву вуснамі…
Кожны раз, калі я гляджу на маленькія кароны Гудагайскай Дзевы і Яе Сына, я ўзгадваю Святога Айца – аднаго з самых вялікіх сыноў, якіх нарадзіла наша зямля…
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.