Уратуй мяне, мама!
У мінулым годзе памерла 109 жыхароў нашай вобласці ва ўзросце да 17 гадоў. 69 дзяцей пайшлі з жыцця па прычыне хвароб, прыроджаных анамалій, новаўтварэнняў. У кожным канкрэтным выпадку гэта бяда, трагедыя для родных і блізкіх. І ў ліку прычын таго, што адбылося – аб’ектыўныя фактары, у тым ліку ўзровень развіцця медыцыны, недастатковае ўкараненне новых тэхналогій пры лячэнні і прафілактыцы захворванняў у дзяцей.
Права дзяцей на жыццё і ахову здароўя гарантавана заканадаўствам, якое дзейнічае ў нашай краіне. У той жа час статыстычныя звесткі, характарызуючыя сітуацыю з дзіцячай смяротнасцю і нанясеннем шкоды здароўю дзяцей сведчаць аб тым, што дарослымі робіцца не ўсё, што ад іх залежыць, па забеспячэнню бяспечных умоў жыцця нашых дзяцей.
Насцярожвае наступнае: штогод каля 40 дзяцей у вобласці гіне ад уздзеяння знешніх фактараў – утаплення, суіцыдаў, дарожна-транспартных здарэнняў, пажараў, іншых няшчасных выпадкаў. У большасці выпадкаў гэта – віна дарослых. Дзесьці недаглядзелі бацькі, пасадзіўшы дзіця на пярэдняе сядзенне аўтамабіля і не прышпіліўшы яго. Або забыліся пра бяспеку малыша ў час купання ў вадаёме ці прагулкі, прадаставіўшы дзіцяці поўную свабоду і не кантралюючы яго.
У мінулым годзе ў Мастоўскім раёне васьмігадовы хлопчык у час катання на “тарзанцы”, калі стаяў на трубах цеплатрасы, не ўтрымаўся, зваліўся і павіс на вяроўцы. Прычынай смерці стала механічная асфіксія.
У размешчаным у лясным масіве ваенным бліндажы непадалёк вёскі Крэва Смаргонскага раёна, адбыўся выбух снарада, у выніку чаго 17-гадовы юнак атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх і загінуў на месцы.
У Навагрудскім раёне зарэгістраваны выпадак, калі да смерці дзіцяці на пажары прывяла злачынная легкадумнасць маці. Яна пакінула двухгадовага сына аднаго ў доме з падпаленай печкай, а сама пачала раніцу ў кампаніі суседзяў і “зялёнага змія”.
Следчымі органамі гора-мамашы было прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 144 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (нанясенне смерці па неасцярожнасці). Аднак, на жаль, жыццё малыша ўжо не вернеш.
У выніку пажару, які адбыўся ў вёсцы Петралевічы Слонімскага раёна была зафіксавана смерць дзіцяці 2006 года нараджэння, які выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. На момант пажару – а гэта было ў 10 гадзін раніцы – яго маці і бацька ўжо знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
У тым жа Слонімскім раёне загінулі на пажары трое дзяцей з адной сям’і. І зноў трагедыі можна было б пазбегнуць, калі б дарослыя праявілі больш увагі і не пакінулі без кантролю дзяцей, забавы якіх з агнём і прывялі да бяды.
З года ў год рэгіструюцца суіцыды сярод маладых людзей. У мінулым годзе ў вобласці ў выніку самазабойства загінула 8 падлеткаў. Вынікі пракурорскіх праверак сведчаць, што асноўнымі прычынамі самазабойстваў сталі псіха-эмацыянальны стан непаўналетніх, нязначныя сямейна-бытавыя спрэчкі, абмежаваныя меры выхаваўчага характару, адсутнасць жаданай увагі бацькоў, адносіны з равеснікамі, пачуццё рэўнасці. На жаль, у некаторых выпадках асноўным фактарам, які падштурхнуў маладых людзей да апошняга кроку, стала раўнадушша і абыякавасць з боку дарослых родных людзей. І гэта ўжо сігнал SOS для бацькоў. Задайце сабе пытанне: ці заўсёды вы, занятыя сваімі клопатамі, праяўляеце ўвагу да сваіх дзяцей, ці бачыце іх праблемы ў стасунках з равеснікамі, сябрамі, ці дапамагаеце вырашыць іх сумеснымі намаганнямі, у тым ліку звяртаючыся да парады спецыялістаў-псіхолагаў? Ці кантралюеце, у якія камп’ютарныя гульні гуляюць вашы дзеці, ці засцерагаеце іх ад прагляду фільмаў, якія прапагандуюць жорсткасць і насілле?
Далёка не кожны з бацькоў можа станоўча адказаць на гэтыя пытанні, а жыццё паказвае, што, каб дарослыя былі больш уважлівымі да сваіх дзяцей, у шэрагу выпадкаў трагедый можна было б пазбегнуць, бо трывожныя званкі гучалі значна раней, чым здарылася бяда.
Працягваюцца летнія канікулы і ў дзяцей з’явілася шмат свабоднага часу. Таму ў гэты перыяд дарослыя павінны быць асабліва ўважлівымі. Засцерагайце дзяцей ад магчымай небяспекі: пры купанні ў вадаёмах, на адпачынку, пры паездках у транспарце. Не пакідайце маленькіх дзяцей без нагляду, у тым ліку ў закрытых аўтамабілях пад спякотным сонцам. Адпраўляючы дзіця на адпачынак у вёску да бабулі, у дзіцячы летнік, растлумачце яму правілы паводзін на вадзе, абыходжання з рэчывамі, якія лёгка загараюцца, ці агнём. Раскажыце дзецям аб забароне стасункаў з малазнаёмымі і незнаёмымі людзьмі.
Яшчэ раз нагадайце сваім нашчадкам аб адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, распіццё піва, спіртных напояў, кіраванне без вадзіцельскіх праў транспартам, здзяйсненне хуліганскіх ці іншых незаконных дзеянняў, якія заканчваюцца ўмяшаннем праваахоўных органаў. Растлумачце ім, што прыцягненне да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці ў юным узросце назаўсёды перакрэслівае мару насіць пагоны міліцыянера ці займаць пасаду дзяржаўнага служачага.
Не забывайце таксама і самі аб тым, што здзяйсненне вашымі дзецьмі правапарушэнняў і злачынстваў да дасягнення ўзросту, з якога наступае адміністрацыйная ці крымінальная адказнасць, будзе сведчыць аб невыкананні вамі абавязкаў па выхаванні сваіх дзяцей і цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць па арт. 9.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у выглядзе штрафу ў памеры да 350 тысяч рублёў, а пры паўторным падобным парушэнні – і да 700 тысяч рублёў.
Беражыце сваіх дзяцей! Іх жыццё, здароўе і будучыня залежыць ад вас!
С. НАНКЕВІЧ, старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці.
Л. ШАЎЦОВА, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама.