Упаковка в магазинах должна быть бесплатной?

У рэдакцыю газеты звярнулася жанчына, якая сцвярджала, што ўпакоўка ў магазінах павінна быць бясплатнай. І цікавілася, чаму прадаўцы дзяржаўных і прыватных магазінаў пра гэта не ведаюць? Ці яны толькі робяць выгляд, што не ведаюць?

Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі намесніка начальніка аддзела эканомікі Астравецкага райвыканкама Вольгу Раманаўну Сілюк.


– 22 ліпеня бягучага года ўступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 703 «Аб зацвярджэнні Правілаў продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання і Палажэння аб парадку распрацоўкі і зацвярджэння асартыментнага пераліку тавараў, асартыментнага пераліку прадукцыі грамадскага харчавання».

Згодна з пунктам 25 гэтай пастановы  прадавец абавязаны перадаць пакупніку тавары належнай якасці ў тары і (ці) упакоўцы, за выключэннем тавараў, якія па сваім характары не патрабуюць затарвання ў тару і (ці) упакоўку, у вызначаным наборы (камплект  тавараў) і камплектнасці  з дакументамі і прыналежнасцямі, якія адносяцца да тавараў.

Тавары павінны перадавацца пакупніку ва ўпакаваным выглядзе без дадатковай платы за ўпакоўку. Від упакоўкі вызначаецца прадаўцом. Выключэнне складаюць упакоўкі тортаў, набораў пірожных, напояў, якія прадаюцца на разліў, кошт якіх уключаецца ў рознічны кошт тавараў.

Такім чынам, як гэта было прадугледжана і раней дзеючымі правіламі, прадавец павінен перадаць пакупніку тавар у бясплатнай упакоўцы.

Таму тавары, якія патрабуюць па сваіх характарыстыках затарвання, перадаюцца пакупнікам ва ўпакаваным выглядзе без дадатковай платы. А від упаковачнага матэрыялу можа быць любым: ад паперы да кантэйнера. Напрыклад, прадавец вырашыў, што бясплатнай упакоўкай будзе поліэтыленавы пакет. У гэтым выпадку ён прапануе пакупніку зрабіць выбар: упакаваць прадукцыю ўласнай вытворчасці ў бясплатны поліэтыленавы пакет ці набыць за дадатковую  плату іншую ўпакоўку.

Аднак ёсць і выключэнні: торты, разліўныя напоі, наборы пірожных – тара для гэтых прадуктаў уключаецца ў рознічны кошт. А ўсё астатняе «кладзецца» на плечы суб'ектаў гандлю.

Прадуктовыя тавары, якія патрабуюць затарвання: не ўпакаваныя вытворцам (пастаўшчыком) у спажывецкую тару; хлебабулачныя  вырабы ( у тым ліку ва ўпакоўцы вытворцы ў выпадку разразання іх на часткі); весавыя тавары ва ўпакоўцы вытворцы, у тым ліку каўбасныя вырабы, сыры, цукровыя кандытарскія і іншыя вырабы ў абалонцы, абгортцы, плёнцы, пергаменце, паперы; прадукцыя ўласнай вытворчасці.

Непрадуктовыя тавары, якія патрабуюць затарвання: усе тавары, якія могуць быць забруднены  ці пашкоджаны (разбіты) пры перавозцы: пасцельная і нацельная бялізна, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, посуд са шкла і фарфору, навагоднія цацкі і іншыя падобныя вырабы, а таксама тыя, што самі могуць забрудзіць ці пашкодзіць рэчы пакупніка (напрыклад, мыла); дробнаштучныя тавары: гузікі, кнопкі, цвікі, шурупы, фурнітура, бігудзі і прышчэпкі; метражныя тавары: тканіна, трыкатажнае і гардзіннае палатно, штучны мех, нятканыя матэрыялы, ленты, карункі, тасьма, правады, шнуры; цыбуліны раслін, расада, насенне, пасадачны матэрыял, корм для жывёлы, птушкі, рыбы.

Што рабіць, калі за ўпаковачны пакет з вас узялі плату?

Па-першае,  вы павінны ведаць свае правы і патрабаваць, каб вам перадалі набыты тавар у бясплатнай упакоўцы – усе заканадаўчыя аргументы на вашым боку. Калі прадавец не згаджаецца – заплаціце грошы, вазьміце чэк  і патрабуйце кнігу заўваг і прапаноў. Яе павінны выдаць па першым патрабаванні. Пакідайце ў ёй запіс – і чакайце рэакцыі. Кіраўнік прадпрыемства, арганізацыі павінен ва ўстаноўлены тэрмін даць вам адказ аб прынятых мерах і пакаранні вінаватых.


-------------------------------------------------

Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.