Улучшилось качество обслуживания клиентов в центральной аптеке
У канцы верасня цэнтральная аптэка №95 некалькі дзён не працавала, а калі адкрылася, то пакупнікоў чакала некалькі сюрпрызаў – трэба сказаць, не зусім прыемных. За тлумачэннямі, чаму ў аптэцы ўзніклі чэргі, мы звярнуліся да загадчыка аптэкі Васілія Васільевіча Будніка.– Справа ў тым, што мы ўстанавілі камп'ютарную праграму “Беларуская аптэка”. І зараз на месцах у рэцэптараў знаходзяцца не касавыя апараты, як раней, а камп’ютары, у якіх занесена інфармацыя аб леках і наогул уся база аптэкі. Гэтая праграма вельмі спрашчае работу нашых супрацоўнікаў. У самыя кароткія тэрміны мы можам прадаставіць справаздачу па прыходах і расходах лекаў. Акрамя таго, з’явілася магчымасць пастаяннага кантролю за абаротам тавару. Зараз кожны жадаючы можа ў он-лайн рэжыме паглядзець асартымент любой аптэкі, дзе ўстаноўлена праграма “Беларуская аптэка”: для гэтага трэба проста зайсці ў інтэрнэт, набраць, напрыклад, сайт tabletka.by, выбраць свой горад – і пабачыць, ці ёсць у наяўнасці патрэбнае лякарства. Яшчэ адна асаблівасць: зараз будзе бездакорная дакладнасць разліку. На кожнай упакоўцы размешчаны спецыяльны штрых-код кошту тавару, які “счытвае” камп’ютар.
Такім чынам, памыліцца пры разліку будзе немагчыма. Адзіная нязручнасць заключаецца ў тым, што пры абслугоўванні, калі прадастаўляецца льготны ці экстэмпаральны рэцэпт, неабходна тут жа, на месцы, афармляць усе даныя і заносіць іх у камп’ютар. А гэта патрабуе часу і, адпаведна, стварае затрымку ў абслугоўванні пакупнікоў.
Наогул, карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да нашых кліентаў. Мы толькі нядаўна перайшлі на гэтую новую праграму, а ўсё новае патрабуе навучання і практыкі. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы стараемся зрабіць усе магчымае для якаснага абслугоўвання пакупнікоў. І крыўдна чуць не вельмі прыемныя словы ў наш адрас. Зразумейце: мы асвойваем новую праграму для карысці кліентаў. І некаторыя замінкі і нязручнасці – часовая з’ява. Думаю, праз месяц наведвальнікі аптэкі адчуюць усе плюсы абслугоўвання. Для гэтага трэба крыху пацярпець і з разуменнем аднесціся да ўзнікшых складанасцяў.
----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
