Уладзімір і Міраслава Якіменкі штогод упрыгожваюць ёлку ў вёсцы Селевічы
Адначасова з галоўнай ёлкай Астраўца – дзень у дзень, гадзіна ў гадзіну – загарэліся агеньчыкі на галоўнай ёлцы вёскі Селевічы.
…Нехта, прачытаўшы пра гэта, задуменна нахмурыць бровы: а Селевічы – гэта дзе? Нехта хмыкне: вось яшчэ знайшлі падзею: колькі жыхароў у вёсцы засталося?!
Так, вёска Селевічы ў Міхалішкаўскім (колішнім Спондаўскім) сельскім Савеце невялікая – там засталося з паўтара дзясятка жыхароў. Але вяскоўцы таксама хочуць свята і радаснага настрою! І, перафразіраваўшы вядомае выказванне Мічурына, не чакаюць ад некага міласці, а ствараюць яго самі!
…Гадоў з 15 таму Уладзімір і Міраслава Якіменкі пасадзілі каля свайго падвор’я елачку. Даглядалі, падкормлівалі, абразалі… Дрэўца падрасло – і стала сапраўднай прыгажуняй! «Грэх не ўбраць такую на Новы год!» – вырашылі аднойчы Якіменкі. Так і нарадзілася традыцыя, якой ужо больш за 10 гадоў: кожны год напярэдадні Ражаства запальваюцца святочныя агеньчыкі на галоўнай ёлцы Селевіч. Хоць упрыгожваць зялёную прыгажуню немаладым гаспадарам усё цяжэй – вунь якая вымахала! Сёлета, прызнаюцца, хацелі прасіць дапамогі ў выратавальнікаў, ды неяк справіліся.
– А што рабіць? Узяўся за гуж – не кажы, што нядужы, – як заўсёды, з гумарам каменціруе свой добраахвотны сямейны грамадскі абавязак неўгамонная і нязломная Міраслава Ізыдораўна. – Аднавяскоўцы задоўга да Новага года цікавяцца, ці запаляцца сёлета на нашай ёлцы агеньчыкі. Як іх падвесці? Не зразумеюць… А нам прыемна: людзі прыходзяць з дзеткамі, машыны спыняюцца, фатаграфуюцца. Усе ж у Астравец не паедуць… Летась нават дыскатэку пад ёлкай зрабілі: карагоды вадзілі і дзеці, і дарослыя. Я цяпер хварэю, дык хоць у акно пагляджу, парадуюся. Ці ж не радасць, што і ў нашай вёсцы – свята?
Гары, ззяй, галоўная ёлка Селевіч! Нясі святло і добры настрой тым, хто цябе ўпрыгожвае, і тым, для каго стараліся Якіменкі!
