Учитель, певица, хозяйка, мама – и всё это о Татьяне Кончанин

Прыгожы альт, якім яна з лёгкасцю выконвае народныя і эстрадныя песні, ведаюць і любяць многія. Артыстызм, з дапамогай якога яна з лёгкасцю пераўвасабляецца ў розныя сцэнічныя вобразы, зачароўвае і прымушае смяяцца-суперажываць гераіні песень. Яе жыццёвай энергіі хапае на ўсё і ўсіх. Знаёмцеся: настаўнік харавога класа Астравецкай школы мастацтваў, спявачка, гаспадыня і шматдзетная маці Таццяна Канчанін.
– Думаю, не толькі на Астравеччыне, але і далёка за яе межамі ваш прыгожы голас дакладна пазнаюць. А вы самі памятаеце, калі ўпершыню заспявалі?
– Спяваю, колькі сябе памятаю. (Смяецца.) Напэўна, гадоў з чатырох. Голас дастаўся мне ў спадчыну ад родных: мама, бабуля, тата – усе спявалі, а бацька яшчэ і на акардэоне іграў – самавучка быў. Пры Савецкім Саюзе мы з бацькамі жылі ў Вільнюсе. На выхадныя ці канікулы я прыязджала да бабулі ў Літвяны і, хоць малая яшчэ была, удзельнічала ва ўсіх канцэртах у мясцовым клубе. А тады ўсё было пад гармонік – і галасы гучалі больш чыста, натуральна. Убачыўшы схільнасць да творчасці, мама запісала мяне на бальныя танцы. Два гады наведвала заняткі, мне вельмі падабалася. Хто ведае, можа, каб не развал Савецкага Саюза, пасля якога наша сям’я пераехала з Вільнюса ў Кямелішкі, развівалася б у балеце. Але ўсё склалася інакш.
– А калі зразумелі, што ў вас атрымліваецца спяваць?
– Пачнём з таго, што я заўсёды была вельмі актыўнай. Прыходзіла са школы, рабіла ўрокі і ляцела на вакал, танцы, спартыўныя секцыі, гурток па вязанні, яшчэ і пірагі дома пякла. Вольнага часу амаль не заставалася. Але ўсё мне было цікава! Наогул, не разумела тады, ды і цяпер таксама, як можна сядзець без справы. Ну вось такая ўдалася. (Смяецца.) Таму як толькі мы пераехалі ў Кямелішкі, я запісалася ў музычную школу. І так супала, што ў той жа час туды прыехалі маладыя спецыялісты, у тым ліку Сяргей Дзям’янчык. Паколькі тата ў мяне іграў на акардэоне, дома быў гэты музычны інструмент. Здагадайцеся, куды я запісалася? Вядома ж, на акардэон да Сяргея Віктаравіча! З гэтага ўсё і пачалося. Праўда, спачатку дуэт у нас не заладзіўся. Дзям’янчык быў патрабавальным настаўнікам, а для мяне яшчэ і нейкім незразумелым чалавекам – я нават яго пабойвалася. Словам, музыкалку кінула. А Сяргея Віктаравіча ў гэты час забралі ў армію. Але ж творчасцю займацца я не перастала: удзельнічала ў школьных аглядах-конкурсах, выступала на канцэртах. Педагогі сцвярджалі, што ў мяне ёсць здольнасць , і ўгаворвалі вярнуцца ў музычную школу. Паслухала. І якраз вярнуўся з арміі Дзям’янчык. Гэта дакладна быў лёс. (Усміхаецца.) Паступова мы з Сяргеем Віктаравічам пасябравалі. І цяпер вельмі ўдзячна яму, што тады “выбіў” з мяне ўсё, на што здольная і нават больш. Акрамя музычнай школы, Дзям’янчык займаўся з дзецьмі вакалам у школе, у яго была “Ямаха” – на той час гэта было вельмі крута. Вядома, я была ў ліку наведвальнікаў гуртка. Вось тады, дзякуючы заняткам па вакале , і зразумела, што ў мяне атрымліваецца спяваць.

– Няўжо не хацелі стаць артысткай і спяваць на вялікай сцэне?
– Ой, з-за ўсіх сваіх захапленняў толкам і не задумвалася, кім хачу стаць. Настаўнікам часам сябе ўяўляла – у школу, напэўна, гулялі ўсе. Аднак не настаўнікам музыкі! Толькі ніколі не варта казаць “ніколі”. (Смяецца.) Аднойчы ў нашу музыкалку прыехала праверка з Лідскага музычнага тады яшчэ вучылішча, пачулі мой вакал і ў адзін голас параілі ісці вучыцца да іх. Сяргей Віктаравіч таксама сцвярджаў, што ў Лідскім вучылішчы моцная база, – і мы пачалі рыхтавацца да паступлення. Не пашкадавала, што выбрала гэты шлях. У вучылішчы таксама ўсюды ўдзельнічала, спявала ў вакальным гурце, гастраліравала. А ў 2003 годзе прыехала працаваць у родную Кямелішкаўскую музычную школу. На той час у нас быў такі класны творчы калектыў! Што мы толькі ні прыдумвалі, якія толькі канцэрты ні ладзілі! Нярэдка рэпеціравалі нумары да самай раніцы. Словам, было крута!
– Як знайшлі падыход да дзяцей?
– Усё прыходзіць з вопытам. Калі працавала ў Кямелішках, многія вучні ведалі мяне як мясцовую, таму цяжкасцей не ўзнікала. А пасля я ўжо ведала, што каму цікава. Мы не толькі развучвалі ноты і развівалі вакал, але разам прыдумвалі нумары, ладзілі канцэрты, дзецям падабалася – а гэта галоўнае. Пасля працавала ў Гудагайскім, Варнянскім, Гервяцкім філіялах – і ўсюды былі таленавітыя вучні. Па вопыце ведаю, што, калі дзеці прыходзяць самі, калі ў іх гараць вочы ад жадання займацца – працаваць з імі будзе лягчэй. Але і ў ціхім віры можна знайсці неверагодны самародак, галоўнае – заўважыць і дапамагчы яму раскрыцца.
– Прыгожы вакал. З з ім нараджаюцца ці гэтаму можна навучыцца?
– Уменне спяваць ёсць прыроджанае, якое бачна адразу, і яго застаецца толькі падкарэкціраваць. А ёсць вакал набыты – чалавек нават не падазрае, што можа спяваць, пакуль не пачне займацца і развіваць свае дадзеныя. Задаткі для спеваў ёсць у кожнага, толькі ў кагосьці яны больш моцныя. Напрыклад, была ў мяне вучаніца, якая хацела, але не магла навучыцца спяваць. У выніку я паставіла яе ў хор, дзяўчына перастала баяцца сцэны, пачала цягнуцца за астатнімі, больш развіваць вакал – і цяпер, нават пасля заканчэння школы мастацтваў, яна прыходзіць да нас у хор. Навучыцца спяваць можа кожны, толькі не ўсе будуць выконваць, скажам, оперу ці браць высокія ноты, бо здольнасці ва ўсіх розныя.
– Што больш падабаецца: вучыць ці выступаць?
– Шчыра кажучы, больш за ўсё люблю працэс падрыхтоўкі творчага нумара. Калі прадумала яго да дробязей, бачу яго ў думках на сцэне – гэта настолькі захоплівае, што хочацца хутчэй ажыццявіць задуманае. Пры гэтым мне аднолькава падабаецца рыхтаваць нумары і для дзяцей, і для нашага калектыву. Галоўнае – ствараць! У такія моманты вельмі не люблю, калі мне перашкаджаюць.

– Што адчуваеце, калі выходзіце на сцэну?
–Хваляванне. А калі бачыш, што гледачам падабаецца, калі пасля канцэрта чуеш словы падзякі – гэта неверагоднае пачуццё. Хочацца тварыць далей. Дарэчы, у апошні час наш гурт “Кансананс” шмат куды запрашаюць – мы з дзяўчатамі і рады, толькі не ведаем, як усюды паспець.
– Якому рэпертуару аддаеце перавагу?
–Асабліва падабаюцца хіты мінулых гадоў, але ў сучаснай апрацоўцы. Як паказвае практыка, і людзям яны больш “заходзяць” – старэйшыя ахвотна падпяваюць, а моладзь “ чапляе” модныя матывы.
– Сярод вашых вучняў нямала пераможцаў і прызёраў конкурсаў. У чым сакрэт поспеху?
– Мне здаецца, у кожнай справе важна паказаць прыклад. Як я, настаўнік па вакале, не прадэманструю дзецям, як трэба спяваць? Яны бачаць мяне на сцэне, натхняюцца і таксама хочуць выступаць. А для гэтага трэба працаваць.
– Прадоўжыце фразы: школа мастацтваў для мяне…
– Штосьці новае, мастацтва ў мастацтве, месца, дзе магу тварыць.
– Вашы вучні – гэта…
–Мае дзеці. Я да іх прывыкаю, яны да мяне. Мы разам вучымся, займаемся творчасцю, выступаем.
– Спевы – гэта…
–Усё маё жыццё! Самае вялікае пакаранне для мяне – калі прападзе голас і не змагу спяваць.
Бліц-апытанне
– Што любіце на сняданак?
– Каву і сырнікі. Я іх магу есці кожную раніцу.
– Якую музыку слухаеце, калі за рулём?
– Ніякую. У школе мастацтваў для мяне музыка пачынаецца, тут жа і заканчваецца. Я шмат часу аддаю мелодыям і песням – шукаю для дзіцячых нумароў ці для дарослых калектываў. Таму пасля мне патрэбна цішыня і перазагрузка. Дома таксама амаль нічога не слухаю. Адзінае, калі еду на канцэрт, тады рэпецірую ў машыне.
– З якой парой года ці стыхіяй можаце сябе параўнаць?
– Хоць і нарадзілася восенню, але не люблю яе. Мне падабаецца вясна і лета. А стыхія… Нават не ведаю, бо я розная. Можна сказаць, што агонь, вада і медныя трубы адначасова. (Смяецца.)
– У якім вакальным шоу хацелі б паўдзельнічаць?
– Яшчэ да замужжа спрабавала прайсці на адзін такі конкурс, але, апёкшыся, больш не стала. І цяпер не хачу. Хаця часам гляджу такія перадачы. І ўпэўніваюся, што ўсё ж больш цікава, калі прыгожа спяваюць людзі немузычных прафесій: медык, цясляр, праграміст. Гэта здорава!
– Захапленні?
– У апошні час на іх амаль не застаецца часу. Вось пайду на пенсію, буду вязаць, пірагі выпякаць. А цяпер няма калі – у мяне дзеці, урокі, творчыя нумары… (Смяецца.)
