Участниками акции "Ангел в твоём сердце. Ты в сердце ангела" стали сотни островчан

Напрыканцы красавіка ў раёне стартавала дабрачынная акцыя «Анёл у тваім сэрцы. Ты ў сэрцы анёла».


У школах і дашкольных установах яна пачалася з тыдня дабрыні. Дзеці прынялі ўдзел у зборы добраахвотных ахвяраванняў, цацак, кніг і канцылярскіх прылад для дзяцей з інваліднасцю.


– А колькі эмоцый і добрага настрою атрымалі нашы выхаванцы падчас майстар-класаў! – расказвае выхавальніца карэкцыйнага класа Ніна Іванаўна Козіч. – Спачатку мы з дзеткамі наведалі аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра, дзе нас вучылі рабіць свечкі. А потым іх выхаванцы прыйшлі ў госці да нас – і мы разам вучыліся рабіць кветкі з паперы ў тэхніцы «кусудама». А потым за чаем абмяркоўвалі сваё жыццё з яго радасцямі і няўдачамі.


Прадаўжэннем раённых мерапрыемстваў дабрачыннай акцыі стаў кірмаш «Наша сэрца асаблівым дзецям», на які з'ехаліся прадстаўнікі з усіх школ раёна. Пах прысмакаў, выпечаных у форме сэрца, песні, танцы, жарты – атрымалася сапраўднае свята, дзякуючы якому школьнікі да таго ж змаглі зарабіць грошы і ўнесці свой пасільны ўклад у добрую справу.

Дзеці і дарослыя прадэманстравалі рукатворную прыгажосць – на конкурс дзіцячай творчасці «Ад сэрца да сэрца» было даслана 60 «сардэчных »работ.


– «Судзіла» гэты конкурс непрафесійнае журы – свой голас за работы дзяцей і дарослых мог аддаць любы, хто стаў удзельнікам мерапрыемстваў, што праходзілі падчас дабрачыннай акцыі, – расказвае дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Алеся Казіміраўна Кашко. – Пераможцамі конкурсу сталі Кірыл Аўлас, Максім Клімук, Павел Таразевіч з Рытанскага НПК, педагогі гімназіі №1 Наталля Віктараўна Рэвака і Юлія Віктараўна Буневіч і выхаванцы карэкцыйнага класа. Другое месца па найбольшай колькасці галасоў падзялілі Ганна Васільева з Гудагайскай школы, Алеся Рыпенская з СШ №2 і Алеся Парашутовіч, Паліна Вянгроўская і Антаніна Алёкса, якія прадстаўлялі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Трэцяе месца занялі Эдгар Кардзіс з Гервяцкай школы і выхаванцы дашкольнай групы карэкцыйнага цэнтра. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала работа выхаванца дашкольнай групы карэкцыйнага цэнтра Марка Кавальчука. Усе яны на апошніх школьных лінейках атрымалі дыпломы і сувеніры.


Дзень адчыненых дзвярэй у карэкцыйным цэнтры, ваенна-патрыятычнае мерапрыемства «Родам не з дзяцінства», дабрачынны канцэрт, спартыўнае свята, удзельнікамі якога сталі дзеці з інваліднасцю, курс рэабілітацыі для выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра, які быў арганізаваны ў цэнтральнай раённай бальніцы, – удзельнікамі гэтых і іншых мерапрыемстваў, якія прайшлі ў рамках акцыі, сталі сотні дарослых і дзяцей.


– Добрых анёлаў у нашым раёне аказалася вельмі шмат. Ужо сёння мы можам бачыць вынікі акцыі і ўдзячны ўсім, хто да яе далучыўся. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы дырэктара «ДзяткоБуд» Андрэя Дзятко на тэрыторыі нашага цэнтра з'явілася горка, лясгас падарыў нам альтанку, саджанцы дэкаратыўных дрэўцаў і дапамог з піламатэрыяламі. За грошы, сабраныя працоўнымі калектывамі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, для дзетак набылі садовыя арэлі, а Сяргей Кабарда дапамог з набыццём будаўнічых матэрыялаў і гульнявога комплексу «Сонейка». Мы ўдзячны аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і Аляксандру Альховіку, якія арганізавалі і правялі дабрачынны канцэрт, а сабраныя за яго грошы – 8 мільёнаў 300 тысяч беларускіх рублёў – ахвяравалі нашаму цэнтру. Тэрытарыяльны цэнтр, райветстанцыя, РАУС, амаль усе ўстановы адукацыі, настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Георгій і многія іншыя сталі добрымі анёламі для нашых дзяцей.


Акцыя заканчваецца, але яна яшчэ раз даказала, што добрых людзей больш, чым бяздушных і абыякавых. Гэтая ісціна не раз пацвярджалася падчас дабрачынных мерапрыемстваў, што праходзяць у нашым раёне. Зрэшты, не абавязкова іх чакаць – кажуць, добрыя справы трэба рабіць пастаянна.


Алена ЯРАШЭВІЧ.