У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначылі Дзень пажылога чалавека
Ёсць святы дзяржаўныя, сямейныя, рэлігійныя, прафесійныя… А ёсць – узроставыя – як, да прыкладу, Дзень моладзі ці Дзень пажылых людзей. І не паспееш азірнуцца, як адно перацякае ў другое…

Напярэдадні Дня пажылых людзей у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сабраліся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту, каб адзначыць сваё свята – як любіць жартаваць адна мая знаёмая, “Дзень вялікаўзроставай піянерыі”.
На ўваходзе сваіх сяброў і партнёраў сустракалі наведвальнікі аддзялення маладых інвалідаў ТЦСАН і кожнаму ўручалі невялікі салодкі падарунак.
–Мілыя, дарагія, родныя людзі! – так цёпла, па-хатняму звярнулася да прысутных, сярод якіх былі і тыя, хто толькі атрымаў пенсійнае пасведчанне, і тыя, хто неўзабаве адзначыць 90-гадовы юбілей, намеснік дырэктара цэнтра Аксана Свірская. – Свята, якое мы будзем неўзабаве адзначаць, называюць Днём пажылыхчалавека людзей. Я б сказала інакш: гэта дзень мудрых людзей. Бо якія ж вы пажылыя? Прызнаюся: часам зайздрошчу вам белай зайздрасцю – вашай энергіі, актыўнасці, таму, што цяпер у вас дастаткова часу на ажыццяўленне сваіх самых смелых жаданняў.

…У зале дзейнічала імправізаванае фотаатэлье: здымкі, зробленыя ў асенняй фотазоне, можна было затым пабачыць на выставе і забраць на памяць аб сустрэчы з сябрамі і аднадумцамі.
Атрымаўшы майстар-клас, можна было за некалькі хвілін зрабіць святочны сувенір. Жадаючыя маглі пагуляць у даміно, лато, шашкі ці шахматы. Але такіх не знайшлося, бо залай завалодалі Яўгенія Шэптун і Вікторыя Касцюк: яны з першай кампазіцыі “запалілі” гледачоў, якія тут жа сталі ўдзельнікамі: падпявалі, танцавалі, паказвалі мініяцюры – Юлія Скрыпнік, Людміла Ярмольчык і Ганна Шамардзіна прадэманстравалі ўласны варыянт “Моднага прысуду”.
Закончылася мерапрыемства агульным чаяпіццем і душэўнай бяседай.
…А што яшчэ трэба пажылым людзям, акрамя цяпла – цялеснага і душэўнага? Перафразіраваўшы вядомую дзіцячую песеньку, дэвізам гэтага свята можна ўзяць словы: падзяліся цяплом сваім – і яно не раз цябе сагрэе.
Ніна РЫБІК.
Фота аўтара.
