У Камаях успомнілі Казіміра Сваяка
Напачатку лютага ў Камаях прайшло свята ў гонар нашага слыннага земляка, паэта сярод святароў і святара сярод паэтаў – Казіміра Сваяка.
Нягледзячы на тое што лёс адмераў яму кароткае зямное жыццё, Казімір Сваяк словамі, справамі, вершамі, казаннямі і малітвамі на доўгія часы запісаў сваё імя ў гісторыю Астравеччыны, ды і ўсёй Беларусі.
На жаль, касцёл Святога Яўхіма ў Клюшчанах, куды Косцік дзіцем хадзіў разам з бацькамі на імшу, дзе падлеткам адчуў сваё пакліканне і куды праз некалькі гадоў вярнуўся святаром, загінуў у агні. Ужо ніколі не атрымаецца адчуць невымоўнае святло храма, укленчыць на драўлянай падлозе, па якой некалі ступалі ногі святара, і шчыра памаліцца ва ўнікальнай, быццам бы сатканай з самога сонца, святыні…
Тым не менш памяць пра Казіміра Сваяка жывая і зараз, дзякуючы шчырым, дзейсным людзям – у першую чаргу Іаланце Валуевіч, якая, не шкадуючы часу, здароўя, душэўных сіл, збірае на сустрэчы астравецкіх «сваякоў», рады якіх апошнім часам, на жаль, паменшыліся, запрашае гасцей з Мінска, Віцебска, Вільні і іншых гарадоў і мястэчак.
І сёлета, дзякуючы Іаланце Францаўне і ксяндзу з Міхалішак Анатолю Захарэўскаму, астраўчане змаглі трапіць у Камаі на свята ў гонар Казіміра Сваяка.
Вытокі сваякоўскіх сустрэч
Крыху больш за дзесяць гадоў назад астраўчане і камайцы дамовіліся ладзіць сваякоўскія сустрэчы два разы на год: у Камаях у лютым адзначаць дзень нараджэння Казіміра Стэповіча, а ў Клюшчанах збірацца на гадавіны з дня яго смерці.
Хоць вікарыят Казіміра Сваяка ў Камаях працягваўся менш за год, удзячныя парафіяне і да гэтага часу памятаюць святара… А гэта заслуга нястомнага, няўрымслівага, энергічнага, унікальнага ксяндза Яцэка Хутмана. Паляк па нацыянальнасці, набажэнствы ў касцёлё ён праводзіць па-беларуску, вяртае забытыя імёны дзеячаў мастацтва і рэлігіі, рэстаўрыруе касцёл і могілкі, апякуецца мясцовай моладдзю – словам, працягвае справу Сваяка…
Праз два дні пасля свайго прыбыцця ў Камайскую парафію ксёндз Канстанцін Стэповіч пісаў у дзённіку: «…Прыехаў на свой вікарыят у Камаі. Беларусь шчырая. Нават разгаварыцца іначай трудна. Касцёл падобны да нейкай крэпасці з сярэдніх вякоў. Пробашч чалавек залаты. …Наагул здаецца, што тут дрэнна ня будзе…»
Відаць, касцёл Святога Яна Хрысціцеля, як і яго парафіяне, залужылі ў Бога асаблівую ласку: Ён пасылае камайцам сапраўдных святароў.
Паяднаныя Сваяком
Нядзеля. Раніца. Камаі. Кусаецца мароз. Да імшы застаецца з паўгадзіны, а вольнага месца ў лаўках ужо не знайсці. Вернікі адмаўляюць ружанец – прамаўляючы кожную малітву шчыра, а галоўнае – па-беларуску. Тое, за што так хварэў, пакутаваў і цярпеў праследаванні Казімір Сваяк, здзейснілася! Нават бабулькі, якія з дзяцінства прывыклі маліцца на польскай мове, па-нашаму прамаўляюць «Вітай, Марыя» і «Ойча наш».
Падчас імшы, якую разам праводзілі ксяндзы Яцэк Хутман і Анатоль Захарэўскі, маліліся за вернікаў і гасцей клюшчанскай парафіі, узгадвалі Казіміра Сваяка. Богаслужэнне скончылася на настальгічнай ноце: пранізліва-шчырае выкананне песні пра маленькую радзіму Казіміра Сваяка, вёску Барані, расчуліла да слёз многіх прысутных у касцёле.
Мастацкую частку распачала Генавефа Дубіловіч. Яна, перайначыўшы крылатыя словы Уладзіміра Караткевіча, адзначыла, што Камаі – край адкрытых душ і гасцей, а таксама ўручыла штогадовым удзельнікам сваякоўскіх сустрэч невялікія падарункі.
Паэтычны настрой падтрымала і ўнучка ўдзельніка «Хаўруса Сваякоў» Іосіфа Лаўрыновіча, стрыечная сястра паэта Станіслава Валодзькі Галіна Паўлава – яна прачытала верш-прысвячэнне брата Казіміру Сваяку.
…Ланцужок выступленняў пацягнуўся далей. Шмат добрых і цёплых слоў у гэты дзень было сказана пра Казіміра Сваяка, нястомных Яцэка Хутмана і Іаланту Валуевіч…
Верыцца, што ксёндз Казімір усё бачыць з вышыні і яго сэрца радуецца, што людзі моляцца на сваёй мове і не баяцца Бога, бо Ён і ёсць любоў…