У Астравецкім лясгасе прайшла калегія Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання
Астравецкі вопытны лясгас па традыцыі ўваходзіць у пяцёрку лепшых галіновых устаноў Гродзеншчыны. Таму яго невыпадкова абралі пляцоўкай для правядзення абласной калегіі, на якой разгледзелі пытанні лесааднаўлення, прымянення сучаснай тэхнікі пры вырошчванні сеянцаў і саджанцаў, выкананне арганізацыямі прагнозных паказчыкаў за тры кварталы бягучага года і іншыя.
Адкрываючы пасяджэнне, генеральны дырэктар Гродзенскага ДВЛГА Міхаіл Ігнацік падкрэсліў, што асноўнае ў дзейнасці ўстаноў –лесааднаўленне з арыентацыяй на эканамічныя паказчыкі і новыя эфектыўныя тэхналогіі.
– У лясной галіне створаны ўмовы для вырошчвання здаровых і якасных лясоў ад нарыхтоўкі і перапрацоўкі лесанасеннага матэрыялу і яго захоўвання, вырошчвання стандартнага пасадачнага матэрыялу, правядзення лесааднаўлення і лесаразвядзення – да догляду за насаджэннямі і іх уводу ў катэгорыю каштоўных, – акцэнтаваў увагу прысутных Міхаіл Міхайлавіч. – Але нам ёсць да чаго імкнуцца: тэхналогія вырошчвання пасадачнага матэрыялу пастаянна ўдасканальваецца.
Першым пунктам, які наведалі ўдзельнікі дырэктары і галоўныя ляснічыя, стаў лесагадавальнік. Нагадаю, гэта структурнае падраздзяленне чатыры разы атрымлівала статус узорнага. Такое званне штогод прысвойваюць 15-ці лепшым лесагадавальнікам краіны з улікам многіх паказчыкаў.
Гадавальнік плошчай 12 гектараў складаецца з пасяўнога, школьнага аддзяленняў, школкі для вырошчвання дэкаратыўных драўнінна-хмызняковых парод, матачнікаў і цяпліц. Закладзены магістральны паліў з магчымасцю пераносіць “рукавы”.
Для вырошчвання лесакультурнага пасадачнага матэрыялу выкарыстоўваюць 4 цяпліцы (5-я – для чаранкавання). У першай растуць сеянцы сасны і ёлкі з закрытай каранёвай сістэмай. Неаспрэчная перавага такога метаду ў тым, што расліны выдатна прыжываюцца, іх можна высаджваць не толькі вясной і восенню, але і летам. У апошняй арганізаваны так званы туманападобны – кропельны паліў.
Начальнік лесагадавальніка Таццяна Андрушойць расказала, што ў пасяўным аддзяленні вырошчваюць 9 мільёнаў сеянцаў, 650 тысяч саджанцаў для азелянення з якіх 75 тысяч – дэкаратыўных парод.
– Насенне хвойных парод сеець механізавана. За дзень яго прыгортваюць у глебу ў сярэднім на 1,5 гектара. Але і без ручной працы не абысціся, – лічыць спецыяліст.
Прадстаўнікі Смаргонскага агрэгатнага завода прадэманстравалі міні-тэхніку для работы ў цяпліцах і на адкрытай мясцовасці, а таксама расказалі пра ўмовы яе набыцця.
З навядзеннем парадку на тэрыторыі ўдзельнікі калегіі пазнаёміліся, наведаўшы Міхалішкае і Катлоўскае лясніцтвы.
