У ваенкамаце ідзе зімовы прызыў

Паціху надыходзяць апошнія дні года, і неўзабаве лічба 2010 зменіцца на 2011. Што нам прынясе год наступны, пакуль невядома. Хаця некаторыя юнакі ўжо дакладна ведаюць, што менавіта ім давядзецца рабіць на працягу цэлага будучага года, а каму і крыху больш, – абараняць межы і незалежнасць Беларусі.


У аўторак у раённым ваенным камісарыяце адбылося пасяджэнне прызыўной камісіі, на якім канчаткова вырашалася, хто з юнакоў прызыўнога ўзросту ў студзені наступнага года будзе накіраваны ў вайсковыя часці нашай краіны.
Трыццаць юнакоў нашага раёна – столькі іх адправіцца аддаваць доўг краіне ў наступным годзе – сустрэліся з прызыўной камісіяй. Першыя з будучых абаронцаў ужо 19 студзеня адправяцца ў Гродна на абласны зборны пункт для далейшай адпраўкі ў вайсковыя часці, а апошнія адпраўкі прызначаны на 26 студзеня.
Служыць астраўчанам давядзецца ў розных родах войскаў: у пагранічных, ва ўнутраных, у камітэце дзяржаўнай бяспекі і ў сухапутных войсках.
Пасля прызыўной камісіі юнакоў яшчэ на пэўны час затрымалі ў ваенкамаце для ўрачыстай часткі, падчас якой перад імі выступілі начальнік аддзела па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта Алег Уладзіміравіч Трамбовіч і першы сакратар раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Марына Мар’янаўна Кутовіч. Добрымі словамі блаславілі на выкананне святога абавязку прызыўнікоў святары каталіцкі і праваслаўны – ксёндз Вячаслаў і айцец Георгій. Пасля выступлення запрошаных гасцей усё прызыўнікі атрымалі павесткі.
Як паведаміў камісар Астравецкага раённага ваеннага камісарыята Ігар Мікалаевіч Чычварын, зімовы прызыў-2010 ідзе поўным ходам і ніякіх нараканняў не выклікае. Большасць юнакоў свядома рыхтуюцца да выканання свайго свяшчэннага абавязку. Хаця ёсць і такія, хто рознымі праўдамі і няпраўдамі ўхіляецца ад службы. У гэты прызыў такіх “хітрых” зарэгістравана 6 чалавек: Арцём Браско з Палуш, Вадзім Орпік з Трокенік, Павел Мацко з Гервят, Марк Вянгроўскі з Астраўца, Сяргей Радзькоў з Лошы і Сяргей Клімашэўскі з Падольцаў. Гэтыя юнакі афіцыйна аб’яўлены ў вышук, у адносінах да двух з іх ужо дзейнічае абмежаванне ў выездзе за межы краіны.


Антон МАЛЬШЭЎСКІ.