У сакавіку пенсіі будзе менш
З 1 студзеня 2012 года ўстаноўлена штомесячная дадатковая мэтавая даплата да пенсій пажылым грамадзянам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым. Аднак памер пенсіі за сакавік у іх будзе меншым, чым за люты. Каб пазбегнуць пытанняў пенсіянераў – чаму? – мы звярнуліся за тлумачэннямі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Астравецкага райвыканкама. Вось што нам растлумачылі:
– З 1 студзеня ўстаноўлены даплаты пенсіянерам, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту, у памеры 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту, а пенсіянерам 80-гадовага ўзросту і старэйшым – 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту.
Такім чынам, памер студзеньскай даплаты за даўгалецце складаў 107 780 рублёў і 143 700 рублёў адпаведна. А з лютага памер пенсійных бонусаў узрос да 132 540 рублёў і 176 720 рублёў.
Выплата даплаты за студзень праводзілася разам з пенсіяй і даплатай за люты агульнай сумай. Адсюль і атрымалася высокая лютаўская пенсія. Пры атрыманні пенсіі за сакавік яе памер будзе ніжэйшым, чым у лютым, на 107 780 рублёў (для пенсіянераў, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту) і на 143 700 рублёў (для пенсіянераў 80-гадовага ўзросту і вышэй).
Пераразлікі працоўных пенсій адбудуцца таксама ў маі, жніўні, лістападзе, зыходзячы з сярэдняй зарплаты работнікаў па рэспубліцы за I, II і III кварталы 2012 года.
Вольга ШОЎКУН.
Фота з сайта news.21.by