У Рымдзюнскім сельскім Доме культуры адкрылася выстаўка
Выстаўка прысвячаецца сумеснай беларуска-літоўскай воднай экспедыцыі па рацэ Вілія – Нярыс, якая адбылася ў 2007 годзе і была прысвечана 150-й гадавіне падобнага падарожжа выдатнага вучонага графа Канстанціна Тышкевіча.
Экспазіцыя складаецца з 97-мі здымкаў, кожны з якіх і па кампазіцыйным вырашэнні, і па глыбіні перадачы канкрэтнай падзеі, і па эмацыйнай афарбоўцы – маленькі шэдэўр. Тэматыка фотаработ шырокая: плаўсродкі і людзі, якія імі кіруюць, сустрэчы беларускіх (сярод якіх і наш зямляк, кандыдат гістарычных навук Юрый Внуковіч) і літоўскіх вучоных з жыхарамі прыбярэжных населеных пунктаў, партрэтныя работы, цудоўныя пейзажныя замалёўкі і інш.
Фатаграфіі размешчаны ў храналагічным парадку – ад пачатку экспедыцыі ля вытокаў Віліі да яе фінальнай кропкі ў месцы ўпадзення ракі ў Нёман.
Ганна ЧАКУР.