У першы дзень новага года ўнук ледзь не спаліў кватэру дзядулі

На другі дзень новага года ў міліцыю звярнуўся пажылы жыхар мікрараёна Валадарскага. Ранкам ён вырашыў схадзіць у магазін і быў не на жарт раз’юшаны “падарункам”, які зрабіў на Новы год яго ўнук: хлопец падпаліў дзверы ў кватэру дзядулі.


Як паказала следства, у ноч з 1-га на 2-е студзеня малады чалавек вырашыў зайсці ў госці да дзядулі, з якім апошнім часам у яго былі “нацягнутыя” адносіны. Калі ж хлопца не ўпусцілі ў кватэру, ён вырашыў пакурыць. Непатушаныя запалкі трапілі на дыванок пад дзвярыма, ён пачаў тлець – і ў хуткім часе полымя ўжо “лізала” дзверы. Юнак, па яго словах, спусціўся пакурыць на пралёт ніжэй, дзе і пачуў пах дыму, а пазней заўважыў агонь. Ён затушыў полымя і зноў паспрабаваў “дастукацца” да дзядулі, але, калі яму не адчынілі, пайшоў па сваіх справах.
Памер нанесеннай шкоды – усяго 40 тысяч рублёў – не дазволіў прыцягнуць хлопца да крымінальнай адказнасці, ды і дзядуля праз некалькі дзён напісаў заяву, што не жадае прыцягваць унука да крымінальнай адказнасці. Толькі вось адміністрацыйнай адказнасці хлопцу пазбегнуць не атрымалася: суд вынес вердыкт: “Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці”, па якому маладому чалавеку ўсё ж давядзецца адказваць.


Антон МАЛЬШЭЎСКІ.