У падарунак – увага і добры настрой

Што марыць атрымаць жанчына на 8 Сакавіка? Кветкі? Парфюм ад NINA RICCI? Так! Падарунак? Канешне! Прыемны сюрпрыз? Верагодна. Але ніхто не будзе спрачацца, што самае галоўнае – гэта ўвага. Напярэдадні свята ўвасобіць мару ў рэальнасць вырашылі ў ЦК БРСМ і аб’явілі рэспубліканскую акцыю “Лепшы падарунак – гэта ўвага!”
Праявіць увагу таксама можна па-рознаму. Райкам БРСМ сумесна з аддзелам па справах моладзі райвыканкама падышлі да гэтага творча і арыгінальна. Восьмага сакавіка з экранаў тэлевізараў, якія размяшчаліся ў магазінах “Гермес” і “Вернісаж”, усіх жанчын раёна віншавалі вядомыя мужчыны – кіраўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый. А напярэдадні свята на вуліцах Астраўца можна было ўбачыць юных БРСМаўцаў з вялізнымі рознакаляровымі букетамі паветраных шарыкаў. Гімназісты Дзіма Замара, Жэня Андралойць, Арцём Гаральскі і Дзіма Карвэцкі разам з урачыстымі віншаваннямі раздорвалі іх прадстаўніцам прыгожай паловы і атрымлівалі ў адказ усмешкі. Спонсарамі ж гэтых вясёлых падарункаў выступілі таксама мужчыны – прыватныя прадпрымальнікі Вадзім Міхцееў і Алег Гарбачоў.
Але не толькі жыхаркі Астраўца атрымалі жаданую ўвагу. Члены БРСМ розных школ раёна наведаліся ў святочныя дні да адзінокіх жанчын і павіншавалі іх.

Марына МАЦКЕВІЧ.