У конкурсе "Кветкі жыцця" перамаглі Ала Раманюк і Марына Пілецкая. Віншуем!
Завяршыўся летні этап нашага фотаконкурсу, які газета рэгулярна праводзіць на сваім сайце ostrovets.by. Прысвячаўся ён нашым цудоўным “кветкам жыцця” – дзецям, і выклікаў вялікую цікавасць у нашых чытачоў і наведвальнікаў сайта – фотаздымкі змяшчаліся і на старонках газеты, і ў яе віртуальнай версіі. Дастаткова сказаць, што на дзіцячы фотаконкурс 23 аўтары даслалі 52 фотаздымкі, і на кожным з іх нашы “кветачкі” “цвілі і пахлі”.
Канешне, тэхнічнае выкананне конкурсных фотаздымкаў рознае, але ж і аўтары іх – не прафесіяналы, і ў большасці сваёй дасылалі на конкурс здымкі сваіх дзяцей, унукаў, пляменнікаў… Але дзіцячая непасрэднасць, іх ясныя вачаняты – гэта заўсёды цудоўна і выклікае па меншай меры замілаванне, а на некаторых здымках – і шчырае захапленне!
Фота Алы Раманюк



Як і раней, мы вызначалі двух пераможцаў конкурсу: па выніках галасавання на сайце газеты і па меркаванню рэдакцыйнага журы. На сайце з першых дзён наперад вырваліся фотаздымкі дзвюх канкурсантак – Вольгі Сабалеўскай і Алы Раманюк, і да апошняга дня яны сваё лідарства не саступілі, спаборнічаючы толькі паміж сабой. Усе два месяцы, пакуль ішло галасаванне, яны з вартым зайздрасці пастаянствам змянялі адна другую на першым радку рэйтынгу з прыкладна аднолькавым адрывам у дзесяць ачкоў.
Фота Марыны Пілецкай


І выніку ж на момант закрыцця галасавання – адбылося гэта, як і было абяцана, у першы асенні дзень, 1 верасня – найбольш галасоў – 147 — аказалася ў Алы Раманюк – яна і стала пераможцай конкурсу. Вольга Сабалеўская са 138 галасамі апынулася на другім месцы, Рэгіна Дрэма з 70-цю – на трэцім.
У рэдакцыйнага журы таксама было некалькі прэтэндэнтаў на перамогу. Супрацоўнікам рэдакцыі спадабаліся “кветкі жыцця” з саду Аляксандра Андрыянца, Паўла Базюка, Святланы Муцянскай, Аляксандры Букель. Але найбольш галасоў усё ж набралі “кветачкі” Марыны Пілецкай.
Такім чынам, пераможцамі фотаконкурсу “Кветкі жыцця” сталі Марына Пілецкая і Ала Раманюк. Віншуем іх і запрашаем у рэдакцыю за заслужанымі ўзнагародамі.