У Астравецкім раёне гарэў грузавы аўтамабіль
15 сакавіка ў 1.10 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення паступіла паведамленне аб загаранні грузавога аўтамабіля з прычэпам на стаянцы ў вёсцы Слабодка Трокеніцкага сельсавета.
Як стала вядома, аўтамабіль “МАН-23403” належыць індывідуальнаму прадпрымальніку з Калінінграда, і ў нашых краях ён аказаўся падчас паездкі ў Самару з грузам сантэхнікі транзітам праз Літву. На стаянцы ў вёсцы грузавік знаходзіўся тры дні, на працягу якіх вадзіцель займаўся рамонтам турбіны рухавіка, а начаваў у кабіне аўтамабіля. Ноччу 15 сакавіка мужчына прачнуўся ад едкага паху дыму.
Як лічаць спецыялісты, прычынай загарання стала кароткае замыканне аўтаномнага абагравальніка на дызельным паліве, які ўстаноўлены пад вадзіцельскім сядзеннем.
Полымем знішчана кабіна аўтамабіля, пашкоджана тэнтавае пакрыццё кузава, тэнт прычэпа і ўпакоўка тавару. На шчасце, вадзіцель не пацярпеў.
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.