У Астраўцы пачала працаваць "Малышкіна школа"

Зусім нядаўна наша газета паведамляла пра “Малышкіну школу”, а калі дакладней – адаптацыйную групу кароткачасовага знаходжання дзяцей да 3-гадовага ўзросту. Аднак тады яшчэ толькі ставілася пытанне – ці праўда, што яе адкрыюць у Астраўцы? І вось на мінулым тыдні ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 адбылося ўрачыстае адкрыццё “Малышкінай школы”.


Як паведаміла намеснік загадчыцы дашкольнага цэнтра Г.А. Восарава, артыкул у газеце выклікаў шырокі рэзананс і да іх літаральна на наступны ж дзень сталі тэлефанаваць зацікаўленыя. Бацькі малышоў пыталіся, калі адкрыецца такая група і на якіх умовах яна будзе працаваць? Таму не дзіўна, што на знаёмства з “Малышкінай школай” прыйшло каля дваццаці бацькоў – з дзеткамі і без іх. Праўда тыя, хто пакінуў малышоў дома, вельмі хутка аб гэтым пашкадавалі. Бо тут іх чакала сапраўднае прадстаўленне. Ужо на лесвіцы маленькіх гасцей сустракалі вясёлыя зайчыкі, мішкі, лісічкі, якія суправаджалі іх у залу. А там усё такое прыгожае і цікавае – ну як тут сядзець на месцы? Тым больш, што ніхто не забараняў і можна было пахадзіць, агледзецца, пагуляць з цацкамі. І пакуль дзеці займаліся сваімі справамі, супрацоўнікі дашкольнага цэнтра знаёмілі дарослых са спецыфікай работы адаптацыйнай групы. “Малышкіна школа” будзе працаваць па дзве гадзіны два разы на тыдзень. У гэты час з дзецьмі будуць займацца педагогі, псіхолагі, дэфектолагі і іншыя спецыялісты. Такім чынам, паступова і ў лёгкай форме малыя пройдуць перыяд адаптацыі, прывыкнуць да новай абстаноўкі і ў патрэбны час без слёз і істэрык пойдуць у дзіцячы садок.
У выніку адкрыццё “Малышкінай школы” прайшло цікава і плённа. Дадому бацькі вярнуліся з неабходнай інфармацыяй, а дзеці – з невялічкімі падарункамі, якія ім уручылі на развітанне.


Марына МАЦКЕВІЧ.