У Альхоўцы прайшоў раённы турзлёт

Два дні бадзёрасці духу,  сяброўства і рамантыкі – менавіта так можна сказаць пра сёлетні раённы турыстычны злёт, які прайшоў на базе ляснога масіву ў Альхоўцы напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, у гэтым годзе турзлёт быў прысвечаны галоўнаму святу краіны, а яго ініцыятарамі выступілі аддзел  па справах моладзі, аддзел па фізкультуры, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама, а таксама раённая арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Дажджлівае надвор’е ніколі не напалохае сапраўдных турыстаў. Не стала яно перашкодай і для ўдзельнікаў сёлетняга спартыўнага мерапрыемства. Прадэманстраваць сваю сілу, спрыт, а таксама творчыя здольнасці, адпачыць ад гарадской мітусні на ўлонні прыроды, паспяваць песні каля вогнішча зляцеліся 8 каманд з розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна: з цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела адукацыі, “Астравецрайгазу”, завода “Радыёдэталь”, Астравецкага лясгаса, СВК  імя Гашкевіча, СВК “Міхалішкі” і СВК “Гудагай”.
Падчас урачыстага адкрыцця турзлёту з прывітальным словам выступілі начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама С.В. Шэін, начальнік аддзела па справах моладзі А.У. Трамбовіч, першы сакратар райкама БРСМ М.М. Кутовіч і галоўны суддзя мерапрыемства, дырэктар ФСК Л.С. Даўляш. Усе пажадалі ўдзельнікам не толькі добра выступіць, але і прыемна адпачыць. Пасля жараб’ёўкі каманды спартсменаў і актывістаў адправіліся рыхтавацца да спаборніцтваў.



Пачалося ўсё са спаборніцтваў па валейболе. Кожная каманда ў складзе двух мужчын і адной жанчыны дэманстравала цікавую і насычаную гульню. Некалькі гадзін напружанай барацьбы, хваляванні балельшчыкаў – і ў выніку чэмпіёнамі стала каманда ЦРБ, на другім месцы – СВК імя Гашкевіча, “Астравецрайгаз” – на трэцім.
У гіравым спорце сілу рук і фізічную вынослівасць дэманстравалі сапраўдныя асілкі – па аднаму з кожнай каманды без уліку вагавой катэгорыі. 141 пад’ём 24-кілаграмовай саперніцы – вось вынік абсалютнага чэмпіёна, славутага гіравіка раёна Дзмітрыя Лаздзіна з каманды Астравецкай ЦРБ. На “сярэбранай” прыступцы аказаўся Яўгеній Пілецкі з каманды СВК “Гудагай”, які падняў гіру 110 разоў. Трэцяе месца – у Андрэя Бумбуля з аддзела адукацыі з вынікам 90 разоў.



Дартс можна аднесці да разраду азартных – эфект захапляльнасці з’яўляецца нават тады, калі вы падышлі проста паглядзець. А пасля таго, як кінеце дроцік, вас ужо будзе не адцягнуць. У гэтай гульні важна ўсё – трапнасць, каардынацыя, сіла кідка, а таксама ўпэўненасць у сабе і цвёрдасць. Самымі трапнымі на гэты раз аказаліся Наталля Хаткевіч з Міхалішак, Алена Рацкун, якая абараняла гонар “Астравецрайгазу”, і Яўгеній Лукша з СВК імя Гашкевіча. У агульным заліку лідарам стала каманда з Міхалішак, на другой прыступцы аказаліся “айбаліты”, трэцяе месца занялі ўдзельнікі з “Астравецрайгазу”. 



Спартыўныя спаборніцтвы першага дня змяніліся конкурснай праграмай. Нягледзячы на тое, што турысты пражываюць у палявых умовах, пры жаданні свой побыт яны могуць арганізаваць так, што будзе не менш камфортна, чым у кватэры з усімі выгодамі цывілізацыі. У ходзе конкурсу “Побыт турыста” журы ацэньвала жартоўнае меню, само ўладкаванне і афармленне лагера, яго санітарны стан, прытрымліванне правілаў аховы навакольнага асяроддзя. Не лагер, а гатэль “пяць зорак” – менавіта так можна было назваць месца размяшчэння каманд ЦРБ і аддзела адукацыі, якія набралі аднолькавую колькасць балаў і падзялілі паміж сабой першае і другое месца ў гэтым конкурсе. На трэцім  – завод “Радыёдэталь”.
Конкурс мастацкай самадзейнасці суправаджаўся моцным ліўнем, але гэта не спыніла турыстаў, якія да таго ж  аказаліся таленавітымі артыстамі – жартоўнымі нумарамі, песнямі і танцамі здзіўлялі членаў журы ўдзельнікі спаборніцтваў. У выніку на першым месцы аказалася каманда ЦРБ, крыху адстала ад іх каманда аддзела адукацыі, якой прысудзілі “серабро”. Завяршае тройку прызёраў “Астравецрайгаз”.
Завяршыўся першы дзень турзлёту вясёлай дыскатэкай і спускам вянкоў на ваду.
Другі дзень спаборніцтваў быў не менш напружаным і пачаўся ён з кансерватыўнага, але не менш відовішчнага віду спорту – скачкоў у даўжыню. Ад кожнай каманды было заяўлена па 4 чалавекі – 2 мужчыны і 2 жанчыны. У агульным заліку лідарам зноў стала каманда раённай бальніцы з вынікам 9 метраў 29 сантыметраў. Толькі на 2 сантыметры адстала ад іх каманда аддзела адукацыі – у выніку другое месца. “Бронзу” атрымала каманда з Гудагая.
У гэтым годзе новаўвядзеннем стала рухавая гульня “Гарады”. Сутнасць яе заключалася ў тым, што ў цэнтры поля стаяў куб – своеасаблівы горад, які абаранялі тры чалавекі. Чатыры нападаючыя павінны былі закінуць мячык унутр. Самай спрытнай і ўмелай аказалася каманда СВК “Міхалішкі”, на другім месцы – СВК імя Гашкевіча, трэцяе месца ў СВК “Гудагай”.



Перацягванне каната напэўна самы відовішчны і эмацыянальны від спорту. Тут, зрэшты, як і ў любым камандным спаборніцтве, патрэбны калектыўны дух каманды. І лепш за ўсё яго прадэманстравалі асілкі з Астравецкага лясгаса, “Астравецрайгаз” на другім месцы, бронза ў актыве СВК “Міхалішкі”.
Наступным і апошнім этапам спаборніцтваў стаў конкурс сценгазет. Журы ацэньвала змест, арыгінальнасць падачы матэрыялу, мастацкае афармленне. І тут не было лепшых за каманду аддзела адукацыі, усё ж такі ў гэтай справе яны асы. Было ў іх сценгазеце ўсё – і калонка рэдактара, і рэпартаж з месца падзей, і парады бывалых турыстаў, і жартоўнае меню з агуркова-памідорнай рапсодыяй, шашлычком з курыцы “Ко-ко” (не Шанэль) і нават кашай грэчневай “17 тысяч і гэта не мяжа”. У выніку заслужанае першае месца. На другую прыступку ўзнялася каманда СВК “Міхалішкі”, выдатнымі мастакамі аказаліся ўдзельнікі з каманды завода “Радыёдэталь” – у іх трэцяе месца.    
І вось надышоў самы хвалюючы момант мерапрыемства – падвядзенне вынікаў і аб’яўленне пераможцаў. Самымі хуткімі, спрытнымі і ўмелымі аказаліся медыкі, якія па праву заслужылі першае месца. Зборная СВК “Міхалішкі” стала другой, на трэцім месцы СВК імя Гашкевіча. Усе яны былі ўзнагароджаны дыпломамі і атрымалі падарункі ад аддзела моладзі райвыканкама  – надзіманыя лодкі. Акрамя таго, у кожнай намінацыі за першыя месцы былі ўручаны прызы ад аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама – валейбольная сетка, дартс, гантэлі, турыстычны дыванок, барбекю, мячык, надзіманая падушка, надзіманы матрас, кепкі. На жаль, конкурс ёсць конкурс, і пераможцаў шмат быць не можа. Тым не менш, і тых, хто прайграў на турзлёце не было – кожны ўдзельнік атрымаў зарад станоўчых эмоцый і добры настрой. І ў наступным годзе самыя актыўныя, спрытныя, дружныя і энергічныя сустрэнуцца на традыцыйным раённым турыстычным злёце, каб зноў пазмагацца за перамогу і прыемна адпачыць.


Вольга ШОЎКУН.