Тыдзень лесу: пасадзі сваё дрэва!
З 21 па 28 красавіка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў нашым раёне, як і ва ўсёй рэспубліцы, пройдзе добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу-2012”. У гэтым годзе яна будзе прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння вялікіх класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Традыцыйна паўдзельнічаць у акцыі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з лясной гаспадаркай, даведацца, якімі намаганнямі ствараюцца і захоўваюцца нашы лясы, можа кожны жадаючы. У Астравецкім лясгасе ўжо вызначаны спецыяльныя аб’екты, на якіх дабраахвотнікі змогуць пасадзіць дрэвы, падрыхтаваны неабходны пасадачны матэрыял і транспарт. Самы вялікі аб’ём пасадак адбудзецца ў Катлоўскім лясніцтве – тут плануецца пасадзіць 64 гектары лясных культур. У Падольскім і Варнянскім лясніцтвах – па 40 гектараў.
Канешне, выканаць план пасадкі сваімі сіламі Астравецкаму лясгасу цяжка, бо, каб дрэўцы прыжыліся, трэба паспець іх пасадзіць у кароткі тэрмін, пакуль зямля не перасохла. Таму для ўдзелу ў акцыі лясгас запрашае вучняў школы, супрацоўнікаў арганізацый раёна і ўсіх, хто хоча ўнесці свой уклад у справу прымнажэння лясных багаццяў нашай зямлі.
Не заставайцеся ў баку, прыміце ўдзел у агульнарэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу-2012”. Пасадзіце сваё дрэва!
Вольга ШОЎКУН.