Творчая вечарына нашага земляка паэта Станіслава Валодзькі прайшла ў Даўгаўпілсе
У Цэнтры беларускай культуры Даўгаўпілса ў рамках дзён славянскай культуры і дзён горада адбылася творчая вечарына нашага земляка, ураджэнца Падольцаў паэта Станіслава Валодзькі “Мой медазбор”.
Станіслаў Валодзька, старшыня Таварыства латвійска-беларускай садружнасці , – вядомы даўгаўпілскі паэт, аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей і дарослых. Піша ў асноўным на беларускай мове, актыўна займаецца перакладамі папулярных латвійскіх, латгальскіх, польскіх, украінскіх, рускіх песень на беларускую мову.
У Цэнтры беларускай культуры штогод праходзяць творчыя вечарыны, прэзентацыі новых зборнікаў і дыскаў песень паэта. На гэты раз у літаратурнай гасцёўні адбылася прэзентацыя трэцяга тома з яго “Збору твораў”.


На вечарыне прагучалі песні на словы героя вечарыны і яго пераклады папулярных песень з рускай, украінскай і латышскай моў у выкананні вакальных калектываў і салістаў Даўгаўпілса, Ліван, Малты і Дагды (Латгальскі край), музыку да якіх напісалі кампазітары Латвіі і Беларусі.
З багатым творчым медазборам паэта павіншавілі першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Аляксей Васільеў і консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Аляксей Козюк, калегі па літаратурным цэху. Дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская ўручыла Станіславу Валодзьку грамату ад самакіравання Даўгаўпілса за ўдзел у свяце горада.
У жыхароў Астравеччыны ёсць нагода ў чарговы раз парадавацца за земляка, які знайшоў прызнанне не толькі ў родным краі, але і ў замежнай краіне.
Марыя ПАМЕЦЬКА.
