Турнир по пляжному волейболу прошёл в Островце

Іх аб’яднала лета, сонца, Янаўскае вадасховішча і пляж… А самае галоўнае – дух спаборніцтва, імкненне да перамогі і непрадказальны працэс гульні.

Міжраённы турнір па пляжным валейболе на прызы СВК “Варняны”, які арганізавалі работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, з поспехам прайшоў у мінулую нядзелю на беразе Янаўскага вадасховішча.


Адразу адзначу, што ў параўнанні з мінулым годам лета сёлета пайшло насустрач спартсменам. Думаю, хто памятае леташні турнір, пагодзіцца са мной. Надвор’е тады было, мякка кажучы, не вельмі: дзьмуў халодны, пранізлівы вецер і час ад часу ўсіх асыпаў-палохаў дробны дождж. Тады не тое, каб купацца – сядзець на месцы было холадна. Што, аднак, не спалохала ўдзельнікаў, якія мужна змагаліся на пляцоўцы, – і турнір прайшоў паспяхова.

Сёлета ж надвор’е так і шаптала – гуляйце! Расклееная і размешчаная дзе толькі можна рэклама-аб’ява запрашала: прыязджайце. І нават лета, быццам просячы прабачэння за мінулагоднія выбрыкі, дало сваё каштоўнае “дабро”: сонца з ранку не пякло, не паліла, не падсмажвала, а схавалася за лёгкай вуалькай аблокаў, якія давалі жаданую прахалоду.

На такі цёплы ва ўсіх адносінах заклік адгукнуліся дванаццаць каманд. І калі летась на спаборніцтва ў якасці гасцей прыехалі толькі тры ашмянскія каманды, то сёлета маштаб турніру быў больш шырокі: пазмагацца за права быць лепшымі на пляжнай пляцоўцы прыехалі па дзве каманды з Ашмян, Воранава, Мядзеля, адна са Смаргоні і пяць астравецкіх.

Як і належыць, падрыхтоўка да спаборніцтва пачалася з самага ранку. У каторы ўжо раз выраўнівалася пясчаная пляцоўка, правяралася трываласць нацягнутай сеткі і пругкасць мячоў. Судзейская каманда ў апошні раз абмяркоўвала дэталі спаборніцтва. А прыбываючыя каманды рэгістраваліся, цікавіліся, аглядаліся. Словам, арганізатары пастараліся зрабіць усё магчымае, каб турнір прайшоў на годным узроўні. Магчыма, крыху былі расчараваныя наведвальнікі пляжа, якія таксама планавалі адпачыць і пагуляць у валейбол, – вядома, што валейбольная пляцоўка на Янаўскім вадасховішчы, асабліва пры добрым надвор’і ды ў выхадныя дні, ніколі не пустуе. Аднак ігракі-аматары хутка ператварыліся ў балельшчыкаў, якія горача падтрымлівалі каманды.

Думаецца, не толькі ўдзельнікаў гульні, але і ўсіх наведвальнікаў Янаўскага вадасховішча парадаваў у той дзень і выязны гандаль раённага вузла паштовай сувязі – нарэшце на пляжы можна было купіць марожанае і іншыя прысмакі. Шкада, што такой магчымасці няма ў іншыя дні.

Аднак пра валейбол… Пасля ўрачыстага прывітання каманд, азнаямлення з правіламі гульні і правядзення жараб’ёўкі ўдзельнікі разышліся на пяціхвілінную размінку. Нагадаю, што пляжны валейбол крыху адрозніваецца ад звычайнага: каманда складаецца з двух удзельнікаў, якія гуляюць у майках, шортах і басяком. Гульня праводзіцца па дзве партыі да 21 ачка. Калі яны заканчваюцца ўнічыю, пераможцу вызначае трэцяя партыя працягласцю да 15 ачкоў. Спаборніцтва праходзіла па алімпійскай сістэме: прайграўшыя выбывалі з гульні, пакуль не засталася тройка фаварытаў, якія і разыгралі паміж сабой камплект медалёў.

І вось па розныя бакі сеткі сыходзяцца два на два. Падача, накід, удар, блок… і жаданае ачко! Або недалёт пры падачы, крыўдны аўт ці пракатка па пяску на жываце ў палёце за мячом. У пляжным валейболе  - дарэчы, як і ў кожнай каманднай гульні – вельмі важна адчуваць партнёра, разумець адзін аднаго без слоў, угадваць наступны крок таварыша – тым больш, калі на пляцоўцы іх толькі двое. За гэтым псіхалагічным фактарам назіраць не менш цікава, чым за самой гульнёй.

Трэба адзначыць, што гарманічна гуляць атрымлівалася не ў кожнай каманды. І калі ў першай серыі з шасці гульняў паядынкі праходзілі больш-менш спакойна, то ў наступных нервы ў некаторых удзельнікаў пачалі здаваць. Пачаліся ўзаемныя папрокі і незадаволенасць, чуліся павышаныя галасы. Такое неразуменне таварыша па камандзе ў выніку часта прыводзіла да страты ачкоў. І наадварот, вельмі прыемна было назіраць, як зладжана, упэўнена і дакладна гулялі ігракі, якія заставаліся камандай пры любых абставінах. Словам, з набліжэннем фінальных партый эмоцыі накаляліся ўсё больш, сіл заставалася ўсё менш, а выйграць хацелася кожнаму.

Дванаццаць каманд – і першая серыя з шасці гульняў. Партыі праходзілі па-рознаму: адны ігракі выкладваліся на сто працэнтаў, каб прайсці далей, другія ўпэўнена і спакойна ішлі да перамогі, трэція адразу вырываліся ў лідары і выйгравалі са значным адрывам. У наступны тур спаборніцтва выйшлі сапраўды мацнейшыя. Працягваць барацьбу на валейбольнай пляцоўцы атрымалі права дзве каманды з Воранава, дзве – з Мядзеля, каманды Ашмян і Астраўца.

Шасцёрку лепшых на пары сапернікаў падзяліла зноў-такі жараб’ёўка. Першымі на пляцоўку выйшлі ашмянцы і каманда мядзельцаў. Валейбалісты нарачанскага краю адчувалі сябе ўпэўнена. Аднак і нашы суседзі паказалі, што Ашмяны проста так не здаюцца. Асабліва прыцягвае ў такіх, набліжаных да фіналу гульнях, напружанасць атмасферы, што маланкамі пранізвае паветра. Тут ужо ўдзельнікі не стрымлівалі эмоцый, бо кожная з каманд імкнулася да перамогі. З розных бакоў даносіліся парады-падтрымка балельшчыкаў: “Давайце, хлопцы! Пакажыце, што вы лепшыя! Збярыцеся!” І яны паказвалі, даказвалі, дэманстравалі акрабатычныя здольнасці, дацягваючыся да, здавалася б, нерэальных мячоў. У выніку лепшымі былі валейбалісты з Мядзеля.

Наступнымі на пляцоўку выйшлі каманды з Воранава і…Воранава. Так, лёс пажартаваў з хлопцамі, звёўшы ў важнай партыі землякоў. Я ўмоўна падзяліла іх на каманды “белых” і “сініх” – па колеру маек. Першая падача, і… Расказваць падрабязна няма сэнсу: гэта была Гульня з вялікай літары! Ішла “…ццатая” хвіліна трэцяй рашаючай партыі, а каманды ідуць падача ў падачу, ачко ў ачко… І пры гэтым эмоцыі і хваляванні выдавалі толькі напружаныя скулы ды ручайкі поту. Вось гэта вытрымка, вось гэта гульня! Шчыра кажучы, падчас гэтага паядынку немагчыма было хварэць за кагосьці канкрэтна – ты проста атрымліваў задавальненне. Тым не менш рашаючае ачко – і перамагаюць “белыя”. Але ў завяршэнні – сяброўскія абдымкі землякоў.

Апошнімі гулялі другая каманда з Мядзеля і валейбалісты з Астраўца. Канешне, хацелася, кааб перамаглі нашы. Аднак у чарговы раз упэўніваюся, што гульня – рэч непрадказальная. І тут таксама не абышлося без сюрпрызаў. Адзін з мядзельцаў пашкодзіў руку. Аднак нават гэта не спыніла іграка, і ён мужна працягваў падаваць і адбіваць мячы. Прычым так удала, што мядзельцы выйгралі і гэтую гульню.

Такім чынам вызначылася тройка фаварытаў. У рашаючай гульні сышліся каманды з Мядзеля ў складзе Аляксея Капусціна і Андрэя Русака і ўдзельнікаў з Воранава – Алега Рамейкі і Валерыя Бутрыма.

Паядынак быў цікавым, але мацнейшымі былі мядзельцы. Стомленыя ў напружанай перадфінальнай гульні, рабяты з Воранава ўступілі і другой камандзе з Мядзеля, дзе гулялі Кірыл Самусенкаў і Яўген Ардынец. Лагічна, што ў паядынку за золата павінны былі сысціся дзве каманды Мядзеля. Але яны вырашылі яго па-сяброўску. Нагадаю, адзін з ігракоў атрымаў траўму. Такім чынам, пара Кірыл Самусенкаў і Яўген Ардынец аддалі званне чэмпіёнаў сваім землякам Аляксею Капусціну і Андрэю Русаку.

Пасля такога шквалу жарсцяў і перажыванняў нарэшце надышоў спакойны, але ўрачысты момант узнагароджвання. Каманда Воранава, якая заняла трэцяе месца, была ўзнагароджана кубкам, бронзавымі медалямі і грашовай прэміяй у памеры 460 тысяч рублёў. “Сярэбраныя” прызёры атрымалі кубак, сярэбраныя медалі і 560 тысяч. А чэмпіёны міжраённага турніру па пляжным валейболе ўзнагароджаны спецыяльным кубкам, залатымі медалямі і прэміяй у памеры 660 тысяч рублёў.


Марына МАЦКЕВІЧ