Цветочные сердца островецких озеленителей покорили Мосты
Незвычайныя і прыгожыя кампазіцыі з’явіліся ў сёлетняй сталіцы абласных “Дажынак-2024” – горадзе Масты. Астравецкія кветкаводы перамаглі ў конкурсе прафесійнага майстэрства «Цветочные краски».
Па добрай традыцыі за некалькі месяцаў да абласнога свята аграрыяў Гродзенская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў зладзіла конкурс прафесійнага майстэрства сярод работнікаў жыллёва-камунальных прадпрыемстваў.
Гэта творчае спаборніцтва выявіла не толькі самых крэатыўных кветкаводаў вобласці, але і дало цудоўную магчымасць пакінуць астраўкі прыгажосці ў “дажыначнай” сталіцы Гродзеншчыны.
– Конкурс складаўся з некалькіх этапаў. Практычнай частцы папярэднічаў тэарэтычны экзамен, які здавала я. Трэба было адказаць на пытанні па доглядзе за зялёнымі насаджэннямі, тэхналогіі закладкі кветнікаў і іншыя, – расказала тэхнік па азеляненні Астравецкага РУП ЖКГ Ганна Свірская. – Пры ацэнцы работы журы ўлічвала шмат фактараў: складанасць кампазіцыі, якасць і асартымент рассады, арыгінальнасць, прытрымліванне правіл аховы працы, форму работнікаў – дзякуючы нашаму прадпрыемству мы выступалі ў прыгожых новых касцюмах.
На творчы іспыт адводзілася ўсяго тры гадзіны. За гэты час на невялікай пляцоўцы, выкарыстоўваючы прывезеныя расаду і іншыя неабходныя матэрыялы і аб’екты, трэба было стварыць паўнавартасную кампазіцыю.
– Пры распрацоўцы ідэі ў першую чаргу адштурхоўваліся ал таго, што сёлетні год праходзіць пад знакам якасці – а гэта шматграннае паняцце, – працягнула Ганна. – Кветкавыя астравы злучаны двума драўлянымі сэрцамі (выканаў па маім эскізе Валерый Гук), нібыта мастамі, стварыла працавітая і дружная каманда ў складзе Людмілы Ярмаковіч, Алены Гук, Таццяны Кунігель, Анастасіі Паповай, Наталлі Алёксы, Таццяны Максіменкі, Святланы Удырыш і Уладзіміра Лаўша. За дапамогу і падтрымку ўдзячна дырэктару Аляксандру Мекіну і начальніку ўчастка добраўпарадкавання, азелянення і санітарнай ачысткі Дзмітрыю Салагубу. Фінальным акордам у пераможным выніку нашай работы прагучага песня ў выкананні нашага работніка Віктара Старука на словы Віталя Асінскага. Як сказаў старшыня камісіі, астравецкія сэрцы скарылі душы журы.




Карпатлівую падрыхтоўку і крэатыўную работу нашых кветкаводаў ацанілі па заслугах: прадстаўнікі Астравецкага ЖКГ сталі першымі з 15 каманд.
У тэму
На сайце абласнога галіновага прафсаюза кожны ахвочы можа аддаць голас за кампазіцыю, якая спадабалася найбольш. Давайце разам падтрымаем землякоў!
