Трыццаціградусныя маразы вернуцца ў Беларусь у канцы тыдня
У канцы бягучага тыдня ў Беларусі зноў чакаюцца трыццаціградусныя маразы, паведамляе галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.
У мінулыя выхадныя дні ўмовы надвор'я крыху змяніліся. Маразы аслабелі і мінулай ноччу тэмпература паветра вагалася ад мінус 10 градусаў на паўднёвым усходзе да мінус 22 градусаў на паўночным захадзе краіны. У многіх раёнах прайшоў снег. Прыкметна павялічылася вышыня снежнага покрыва. Паводле апошніх даных, яна складае 14-31 см, а ў Гомельскай і ў многіх раёнах Магілёўскай абласцей - 32-59 см. На шэрагу метэастанцый Гомельскай вобласці - Жлобін, Васілевічы, Мазыр, Брагін - перавышана максімальная за зіму вышыня снежнага покрыва за ўвесь перыяд інструментальных назіранняў на гэтых метэастанцыях. Напрыклад, на метэастанцыі Васілевічы яна склала 63 см. На канец першай дэкады лютага звычайна вышыня снежнага покрыва дасягае 8-22 см.
Снегапады былі абумоўлены праходжаннем атмасфернага фронту з поўдня Еўропы. Але ў бліжэйшыя суткі франтальны раздзел будзе губляць актыўнасць і рухацца на паўночны захад краіны.
У пачатку тыдня ў цэлым па Беларусі будзе воблачнае з праясненнямі надвор'е. Ноччу і раніцай у многіх раёнах, а днём па паўночным захадзе пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Вецер усходні ад 5 да 10 метраў у секунду. Тэмпература паветра ў аўторак у начны час складзе мінус 12-18 градусаў, пры праясненнях да мінус 20-22 градусаў. Днём яна будзе знаходзіцца ў межах 8-14 градусаў марозу.
У сярэдзіне тыдня рост атмасфернага ціску пачне ўзмацняць уплыў халоднага антыцыклону з цэнтрам над поўначчу еўрапейскай часткі Расіі. Снег у многіх раёнах спыніцца. У чацвер тэмпература паветра ў начны час складзе мінус 15-20 градусаў, пры праясненнях яна панізіцца да мінус 21-26 градусаў. Днём прагназуецца ад 8 градусаў марозу на захадзе да мінус 15 градусаў на ўсходзе. У пятніцу маразы ўзмоцняцца па ўсёй краіне: ноччу будзе мінус 20-25 градусаў, пры праясненнях да 26-30 градусаў, днём - 15-20 градусаў марозу.
У выхадныя маразы ўзмоцняцца яшчэ на пару градусаў, а ў нядзелю ноччу чакаецца мінус 23-30 градусаў, месцамі тэмпература паветра панізіцца да 31-34 градусаў. Тэмпература паветра днём складзе мінус 15-20 градусаў, месцамі да 21-25 градусаў марозу. Пройдзе кароткачасовы снег.
БелТА.