Тры альхоўскія юнакі дапамаглі ўтаймаваць пажар

1

Трое герояў гэтага артыкула, вучні Альхоўскай сярэдняй школы – адзінаццацікласнік Саша Бернюкевіч, дзесяцікласнік Павел Шыманэль і дзевяцікласнік Мікіта Сямашка – не валодаюць прыёмамі кунг-фу, не размаўляюць на пяці-дзесяці мовах і не ўваходзяць у кнігу рэкордаў Гінеса. Словам, яны –  звычайныя школьнікі, якія нічым не адрозніваюцца ад іншых. І разам з тым кожны з іх – глыбокая і асобная індывідуальнасць, са сваімі звычкамі, захапленнямі і прыярытэтамі ў жыцці. А нядаўна яны прадэманстравалі смеласць, кемлівасць і сапраўдную мужчынскую адвагу – на месцы пажару, які ў канцы студзеня ўспыхнуў у Альхоўцы, трое юнакоў аказаліся першымі.


Але перш, чым паведаміць пра падзеі таго вечара, хочацца крыху  падрабязней расказаць пра юных альхоўскіх выратавальнікаў. Сашу Бернюкевічу, напрыклад, падабаюцца вершы Пушкіна, сярод школьных прадметаў ён аддае перавагу рускай мове і геаметрыі – тлумачыць: проста даюцца яны лягчэй. А ў вольны час з задавальненнем гуляе ў футбол-валейбол-баскетбол і іншыя спартыўныя гульні. Яшчэ Саша – вельмі камунікабельны юнак, які, напэўна, не раз спрабаваў “загаварыць” настаўніка ці кагосьці з суразмоўцаў. А вось у будучыню ён глядзіць з перспектывай, прафесію хоча звязаць з энергетыкай, чаму  – тлумачыць, па-мойму, не трэба. Ёсць у Сашы і цікавы занятак “для душы” – у мясцовым Доме культуры па выхадных ён ператвараецца ў так званага відэадзіджэя – “круціць” для гледачоў фільмы. Праўда, справа гэтая  няўдзячная, бо на такія кінасеансы людзей збіраецца ў  лепшым выпадку чалавек дзесяць і то, як правіла, гэта сябры ці аднакласнікі. Вядома, у каго зараз няма камп’ютара ці хоць бы DVD – «качай» і глядзі, што хочаш і колькі ўлезе. Аднак, нягледзячы на гэта, Саша падыходзіць да сваёй справы адказна – падбірае розныя навінкі і спраўна дэманструе іх па выхадных у ДК.
Павел Шыманэль зараз знаходзіцца ў такім цудоўным узросце – дзясятым класе, калі да выбару канчатковага прафесійнага шляху яшчэ ёсць час падумаць. Што ён і робіць. Сярод сваіх захапленняў юнак адразу ж называе заняткі спортам – амаль ва ўсіх яго праяўленнях. Таму не  дзіўна, што любімы ўрок для Пашы –  фізкультура.
А вось калі ўбачыла Мікіту Сямашку, у свядомасці адразу ўзнікла пытанне: каго ж ён мне так нагадвае? “Дык ён жа ў нас у КВЗ некалькі гадоў гуляў,” – падказалі пасля настаўнікі. Ну канешне – вобраз яркага, артыстычнага, сонечна-рыжага гарэзы, які да колікаў у жываце весяліў залу, тут жа ўсплыў у памяці. Праўда, зараз ён стаў больш дарослым. А вось жартаваць не перастаў – у гэтым упэўнілася за час гутаркі. Толькі вось у будучым хлопец хоча стаць не кавэзэншчыкам, а праграмістам – гэта вырашыў яшчэ два гады назад. На жаль, бацькі Мікіты не разглядаюць прафесію “камп’ютаршчыка” як сур’ёзную і кожны дзень угаворваюць сына паступаць на ўрача. Такім чынам, хлопец зараз знаходзіцца перад складаным і адказным выбарам.
Менавіта гэтая тройка першай  убачыла, не спалохалася і папярэдзіла бяду, якая лёгка магла разгарэцца ў сапраўдную трагедыю.
У той дзень, а дакладней, вечар нядзелі 30 студзеня, Саша, як звычайна, адправіўся ў мясцовы Дом культуры для відэапаказу. “Адкруціўшы” фільм, ён з сябрамі – Мікітам і Паўлам – вырашылі  прагуляцца. Калі ж праз некаторы час збіраліся разыходзіцца, пачулі незразумелы гук – быццам нехта выбіваў дыван. Гук даносіўся з боку, дзе знаходзіліся агульныя хлявы. “Пайшлі, паглядзім, што там”, – прапанаваў адзін з юнакоў – і астатнія дружна згадзіліся.
–Калі мы падышлі бліжэй, убачылі воблака дыму і невялікае полымя. На шчасце, пабудова толькі пачынала гарэць, але агонь ужо быў на даху. Паша пабег па дапамогу і выклікаць выратавальнікаў, а мы засталіся і пачалі выводзіць жывёлу. Ці было страшна? Ды неяк тады і не задумваліся. Першая думка, якая пасля стала галоўнай задачай, – гэта як мага хутчэй вывесці жывёлу. Праз некаторы час падаспелі дарослыя, прыбег Паша, мы ўсім дапамагалі, пакуль не прыехалі выратавальнікі. Вось і ўсё, – сціпла расказваюць пра тыя падзеі самі хлопцы. Яны, падобна, самі не ўсведамляюць значнасць свайго ўчынку. Бо важны нават не той факт, што яны памаглі аднавяскоўцам выратаваць жывёлу, а тое, што не задумаліся ні на хвіліну, не пабаяліся і не засталіся абыякавымі да бяды.
–А як бы вы паступілі, калі б зноў трапілі ў падобную сітуацыю? – задаю хлопцам правакацыйнае пытанне.
–Шчыра кажучы, зараз задумаўся б, ці патрэбна ўмешвацца, – прызнаецца Саша. Паша задумліва паціскае плячыма. А Мікіта выпальвае:
–Ведаеце, як было крыўдна, калі на наступны дзень некаторыя людзі сталі гаварыць, што гэта мы самі і падпалілі хлявы... Маўляў, стаялі там, курылі і выпадкова недакурак кінулі. А пасля, каб апраўдаць сябе, самі ж тушылі і дапамогу паклікалі. Вось і дапамажы – сам жа пасля і вінаватым застанешся. Крыўдна...
Сапраўды, крыўдна і жахліва, што людзі перастаюць верыць у звычайныя, бескарыслівыя добрыя ўчынкі. І замест элементарнай падзякі адказваюць абвінавачваннем. А Саша, Мікіта і Павел – малайцы! Бацькі і школа могуць  імі ганарыцца. Пабольш бы такіх смелых і адважных юнакоў.


Марына МАЦКЕВІЧ.