Три обязательных дела нужно выполнить в посту
– об этом и не только рассказывают католический и православный священники.
Хрысціяне ўсяго свету, праходзячы праз выпрабаванні і абмежаванні каляднага посту, знаходзяцца ў чаканні вялікага свята – Нараджэння Хрыстовага. Як у перадсвяточных клопатах, мітусні, будзённасці не растраціць светлае адчуванне найвялікшай радасці, дастойна пражыць пост і з чыстым сэрцам сустрэць навіну аб тым, што нарадзіўся Хрыстос і даў нам надзею на збавенне ад вечнай пакуты?Пра гэта мы распыталі ў людзей, якія крыху бліжэй да Бога, чым простыя смяротныя, – у святароў.
На пяць пытанняў аб галоўным адказвалі благачынны Астравецкага благачыння айцец Георгій Савіцкі і вікарый парафіі Святых Космы і Даміяна Раман Вайцяховіч.
Пяць пытанняў аб галоўным
1. Больш за дзве тысячы гадоў мы сустракаем Нараджэнне Хрыстовае, і наперад вядома, што сёлета ўсё будзе, як заўжды: пост, куцця, сена пад абрусам… Калі ўсё паўтараецца кожны год, то ў чым і як шукаць свята?
2. Вы памятаеце, як чакалі і святкавалі Нараджэнне Хрыстовае ў дзяцінстве? І як сустракаеце свята цяпер?
3. Якія тры справы абавязкова павінен зрабіць падчас Каляднага посту кожны вернік?
4. Як вы думаеце, у перадкаляднай споведзі чаго больш – жадання ачысціць душу – ці быць, як усе і выканаць правіла: у посце трэба паспавядацца?
5. Дзеці, ды і дарослыя, чакаюць ад гэтага свята найперш падарункаў. А што трэба зрабіць кожнаму з нас, каб у перадсвяточнай мітусні – у клопатах, каб стол быў накрыты не горш, чым у суседа, каб усіх адарыць, і не абычым – не страціць сэнс свята, яго духоўны складнік?
Ксёндз Раман ВАЙЦЯХОВІЧ, вікарый парафіі Святых Космы і Даміяна:
1. Кожны год адно і тое ж…
– Часам чалавеку здаецца, што ўсё паўтараецца з году ў год, калі радаснае прадчуванне свята Божага Нараджэння заціраецца ці знікае.
Калі паглядзець на прыроду: то дзень саступае ночы, вясна змяняе зіму, такая цыклічнасць – нармальная з’ява. Свой дзень нараджэння мы адзначаем кожны год і чакаем яго. Так і да сустрэчы з маленькім Езусам трэба рыхтавацца. Для гэтага дадзены Адвэнт, які ў каталіцкай традыцыі лічыцца перыядам радаснага чакання.
З-за штодзённай спешкі, клопатаў і турбот адчуванне свята можа страціцца. У чым і як яго шукаць? У маленькіх радасцях: шчырай малітве, дапамозе бліжняму. Калі не будзе спакою на сэрцы і ў душы – Ражаство пройдзе звычайна. Для таго, каб адчуць усю паўнату радасці Божага Нараджэння, да яго трэба рыхтавацца.
2. Каляды дзяцінства і сённяшняе
– Я з веруючай сям’і. Да трынаццаці гадоў мы жылі ў вёсцы Забалаць, што на Воранаўшчыне, потым пера ехалі ў Гродна. Калядныя традыі ў нас такія ж, як і ў большасці каталіцкіх сямей. Нездарма свята Божага Нараджэння лічыцца сямейным: на Куццю раней збіраліся ўсе родзічы ў доме бабулі і дзядулі – і гэта не абмяркоўвалася. Мужчыны выносілі вялікі стол, каб усе памесціліся, і прыносілі сена. За прыгатаванне страў адказвалі бабуля і маці. Са з’яўленнем на небе першай зоркі запальвалі свечку, самы старэйшы член сям’і чытаў урывак з Евангелля. Потым мы дзяліліся аплаткай, пры гэтым складаючы пажаданні ці просячы прабачэння за крыўды. Гэта былі вельмі кранальныя моманты… Цяпер усе збіраемся ў маіх бацькоў, да нас прыязджае бабуля. Апоўначы абавязкова ідзём на Пастэрку ў касцёл.
3. Тры абавязковыя справы ў Калядны пост
– Варта разумець, што Калядны пост адрозніваецца ад Вялікага. Цяпер мы рыхтуемся да сустрэчы з маленькім Езусам, і гэты час лічыцца перыядам радаснага чакання. Самае галоўнае – пад рыхтаваць сэрца і душу, каб годна прывітаць Дзіцятка Божае. А зрабіць гэта найлепш праз шчырую споведзь. Варта вучыцца прабачаць, адпускаць крыўды і прасіць прабачэння. Мне падабаецца традыцыя пастаноў, калі вернікі падчас Адвэнту ці Вялікага посту ставяць перад сабой задачу пазбавіцца ад нейкага граху ці заганы. Хтосьці адмаўляецца ад салодкага, іншы стараецца больш часу праводзіць не на працы, а з сям’ёй. Пост якраз той самы час, каб унутрана перазагрузіць сябе і перагледзець свае адносіны з людзьмі і Богам, стаць крышачку лепшым.
4. Пра споведзь, сапраўдную і фармальную
– Чаго больш у каляднай споведзі – жадання ачысціць душу ці даніна традыцыям – гэта ўжо залежыць ад чалавека і знаходзіцца на яго сумленні.
Мы абавязкова прыбіраем свой дом, калі чакаем гасцей, – так і з душой. Я ўпэўнены: той, хто чакае маленькага Езуса, «прыбярэ» сваю душу – абавязкова шчыра паспавядаецца.
5. Як не страціць духоўны пачатак
– Ёсць столькі цудоўных адвэнтавых традыцый, якія могуць дапамагчы адчуць усю паўнату радасці свята Божага Нараджэння. Гэтаму варта павучыцца ў дзяцей і разам з імі. У нашым касцёле на Рараты – ранішнюю імшу ў гонар Панны Марыі – прыходзяць сем’ямі. Дзеткі робяць сэрцайкі (на фота), складаюць іх у кошык, а потым святар выцягвае іх творчасць. Шчасліўчык атрымлівае падарунак – фігуру Маці Божай, святога Юзафа ці Анёла. Разам з дзіцем можна зрабіць адвэнтавы каляндар: на кожны дзень посту ў скрыначках ці канвертах пакідаць заданне, за выкананне якога вечарам будзе чакаць пачастунак.
Увогуле, якія прыгожыя словы ні казалі б бацькі сыну ці дачцэ, без уласнага прыкладу нічога не атрымаецца. Калі бацькі моляцца – дзеці таксама будуць рабіць гэта. Усё закладваецца ў дзяцінстве. Адвэнт – пачатак гісторыі збаўлення.
Айцец Георгій САВІЦКІ, благачынны Астравецкага благачыння:

1. Кожны год адно і тое ж…
– Так, на першы погляд можа падацца, што падрыхтоўка да свята і само святкаванне праходзіць аднолькава – але ж мы мяняемся! Гадоў дзесяць ці нават менш таму мы не тое што гэтае свята – само жыццё ўспрымалі інакш!
Дзеці яго чакаюць з адным настроем, маладыя людзі мараць і просяць Бога зусім пра іншае, калі дасягаем сярэдняга ўзросту з усімі яго крызісамі – глядзім на жыццё другімі вачыма, і абсалютна іншыя адносіны да жыцця і свята ў тых, хто дасягнуў паважанага ўзросту. І з кожным годам адначасова са зменамі ў нас мяняюцца і адносіны да гэтага свята.
Гэта як Евангелле, якое чытаеш штодня – і кожны раз адкрываеш для сябе нешта новае. Трэба толькі ўмець слухаць і чуць – малітву, Бога, сябе – і свята, пры знешняй падобнасці, будзе іншым, непадобным на папярэднія.
2. Каляды дзяцінства і сённяшняе
– У дзяцінстве я, як, напэўна, і ўсе дзеці, больш чакаў Новы год і падарункі.
Лепш успомніць, як мы сустракалі Ражаство ў манастыры – там абстаноўка зусім іншая. Хоць і было гэта гадоў 15 назад, а такое ўражанне, нібы ўчора. Каб настроіцца на адпаведны лад, кожны дзень ранкам і вечарам ішлі на службу: можна было памаліцца і ў келлі – але прымушаеш сябе падняцца раней, каб у шэсць гадзін быць у храме.
Як вядома, праваслаўныя святкуюць Ражаство пасля Новага года, 7 студзеня. А Новы год семінарысты сустракаюць у храме: без чвэрці дванаццаць пачынаецца навагодні малебен, пасля якога чакае невялікая посная трапеза з абавязковымі мандарынамі.
Асаблівы настрой – апошні ты дзень перад святам: царкоўныя службы становяцца больш працяглымі, са свята Увядзення ў храм Багародзіцы пачынаюць гучаць калядныя песнапенні.
Чаканне нараджэння Хрыста, здаецца, разліта ў паветры і на нябесных скрыжалях вялікімі літарамі напісана: «Хутка!»
У вігілійны вечар усе стараліся прыйсці да споведзі і прычасця, каб апошні дзень правесці ў малітве і сустрэць Ражаство з чыстай душой.
А потым сама святочная служба – ні з чым непараўнальнае адчуванне радасці і благадаці. Ніводнае свецкае свята не дазваляе зведаць такое ўсеабдымнае шчасце, любоў да ўсяго свету і кожнай жывой душы ў ім.
Цяпер, вядома, падрыхтоўка да свята і яно само праходзіць крыху паіншаму. Больш арганізацыйных клопатаў і турбот: трэба падумаць, як упрыгожыць храм, прыбраць ёлку, паставіць батлейку з фігуркамі Маці Божай і дзіцяткі Хрыста, прасачыць, каб усё было падрыхтавана да святочнай службы, прыдбаць падарункі дзецям – і мноства іншых клопатаў. Мітусні нашмат больш – але яна святочная, і таму радасная.
3. Тры абавязковыя справы ў Калядны пост
– Папершае, абавязкова ў гэты час трэба прыйсці на споведзь і да прычасця.
Трэба старацца захоўваць пост. Калі не цялесны – на яго, калі немагчыма строга пасціцца з-за праблем са здароўем ці нейкіх асаблівасцей укладу жыцця, можна ўзяць у бацюшкі дазвол на паслабленне, то духоўны – абавязкова. Варта сябе ў нечым абмежаваць павялічыць малітоўнае правіла, бо без малітвы мы не зможам годна падрыхтавацца да свята.
І неабходна як мага часцей, пажадана – кожны святочны дзень прыходзіць у храм на службу. Гэта свята перш за ўсё царкоўнае, і да яго патрэбна духоўная падрыхтоўка.
4. Пра споведзь, сапраўдную і фармальную
– Некаторыя гавораць: «Я пайду да споведзі, калі адчую, што мне гэта патрэбна!» Але можна за ўсё жыццё гэтага не ачуць, бо грахі множацца – і нашэптваюць чалавеку: «Не трэба табе ісці да споведзі, які ты грэшнік – такі ж, як і ўсе». Пост з’яўляецца нагодай прыйсці ў храм і паспавядацца – магчыма, на першым часе нават фармальна. Але чалавек пастаіць на службе, памоліцца, падумае пра сябе і свае ўчынкі, магчыма, нешта зразумее, пераасэнсуе – і ў наступны раз прыйдзе свядома. А ўжо справа святара – пагутарыць з чалавекам так, каб ён пайшоў са споведзі і прыняў святое прычасце з ачышчанай душой і сэрцам.
Трэба разумець, што без духоўнага ачышчэння мы Хрыс та не сустрэнем. Можна пасядзець у рэстаране за багатым сталом, смачна паесці і папіць – але гэта звычайнае застолле ў звычайны выхадны дзень.
5. Як не страціць духоўны пачатак
– Ражаство – свята сямейнае. Рыхтуючыся да яго, у доўгія асеннія і зімовыя вечары трэба старацца больш часу праводзіць з сям’ёй, з дзецьмі: пачытаць ім казку, расказаць пра Хрыста і яго жыццё. І нават святкуючы Новы год, растлумачыць, што нас чакае яшчэ адно, самае галоўнае свята – Ражаство, і тады сям’я пойдзе ў царкву. Гэта толькі здаецца, што дзеці яшчэ малыя, нічога не зразумеюць і не запомняць – усё яны запамінаюць.
І, вядома ж, у гэты дзень дзеці абавязкова павінны пабыць на службе! Свята адчуваецца зусім паіншаму, калі ў храме дзеці. Хай сабе яны маленькія, не заўсёды могуць ціхенька стаяць – прывядзіце іх хоць на
непрацяглы час, на споведзь і прычасце. Большым трэба растлумачыць, як сябе паводзіць у храме. А калі малеча і пашуміць крыху – не бяда: на тое яно і дзіця, каб шумець, мы таксама некалі такімі былі. Хай лепей дзетвара шумяць у царкве, чым яе там зусім не будзе.
І падарункі дзецям трэба дарыць, прымяркоўваючы іх да Ражаства, каб яны асацыіраваліся са святам.
І тады свята прыйдзе ў кожную сям’ю і ахіне благадаццю кожнае сэрца.
Гутарылі Ніна РЫБІК і
Алёна ГАНУЛІЧ