Третья часть нарушений природоохранного законодательства выявляется благодаря звонкам на "телефон доверия"
Ажыццяўленне дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем тых відаў дзікай жывёлы, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама відаў драўніна-кустарнікавай расліннасці і іншых дзікарастучых раслін, якія выкарыстоўваюцца для нарыхтоўкі, – адна з галоўных задач, пастаўленых перад супрацоўнікамі Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. І пакуль яны могуць толькі марыць, што аднойчы адрапартуюць у канцы года: парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства не зафіксавана – на жаль, іх колькасць не зніжаецца.За 2013 год смаргонскія дзяржаўныя інспектары правялі 136 палявых выездаў, у ходзе якіх было выяўлена 140 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства: канфіскаваны 44 рыбалоўныя сеткі, агульная працягласць якіх склала 2,25 кіламетра, і 26 іншых забароненых прыстасаванняў для лоўлі рыбы, 8 ружжаў і 154 іншых забароненых паляўнічых прылад. Выяўлена 72 кілаграмы рыбы і 73 кілаграмы мяса, якія былі здабыты незаконна, а таксама 43 кубічныя метры драўніны, высечанай у абыход закона.
На парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства накладзена больш за 194 мільёны рублёў штрафаў і прад’яўлена іскаў на суму 122,3 мільёна рублёў. Па фактах выяўленых парушэнняў з нанясеннем шкоды ў буйным і асабліва буйным памерах было ўзбуджана 6 крымінальных спраў.
На жаль, некаторых грамадзян не палохаюць не толькі вялікія штрафы, але і прыцягненне да крымінальнай адказнасці. Так, ужо ў студзені бягучага года інспектары Смаргонскай міжраённай інспекцыі сумесна з супрацоўнікамі Смаргонскага лясгаса затрымалі на тэрыторыі лесапаляўнічай гаспадаркі дваіх грамадзян Смаргонскага раёна, якія здабылі дзікага кабана без дазваляльных на тое дакументаў.
У адносінах да парушальнікаў узбуджана крымінальная справа па частцы ІІ артыкула 282 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Цяпер гора-паляўнічыя павінны будуць заплаціць 10 мільёнаў рублёў за ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю, і кошт незаконна здабытай жывёліны. А яшчэ браканьераў чакае судовы прыгавор.
Нельга не адзначыць, што трэцяя частка ўсіх парушэнняў выяўлена дзякуючы званкам нашых пазаштатных памочнікаў на “тэлефон даверу”. Спадзяюся, што і надалей жыхары раёна не будуць заставацца абыякавымі да фактаў, якія адмоўна адбіваюцца на нашым агульным прыродным багацці.
---------------------------------
Сяргей ХАЦЯНОВІЧ, начальнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
