Трагедыя кямелішкаўскіх яўрэяў сугучная з хатынскай
На шчасце, на тэрыторыі Астравеччыны няма вёсак, якія падзялілі гаротны лёс Хатыні. Але і ў нас у гады Вялікай Айчыннай вайны нямала мірных жыхароў сталі ахвярамі палітыкі генацыду фашысцкага рэжыму супраць беларускага народа. Адно з найбольш вядомых месцаў памяці і смутку – магіла на месцы расстраляных яўрэяў паблізу вёскі Кямелішкі.
22 сакавіка, у гадавіну хатынскай трагедыі, сюды прыйшлі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, воіны-пагранічнікі, вучні мясцовай школы, прадстаўнікі грамадскасці.
Старшыня Рытанскага сельскага Савета Рыгор Цэйка расказаў не толькі пра тое, што адбылося ў Хатыні 80 гадоў таму, але і нагадаў пра трагедыю, якая адбылася на гэтым месцы ў 1943 годзе, калі амаль паўтысячы вязняў яўрэйскага гета былі расстраляны толькі за тое, што належалі да іншай расы, нацыянальнасці, веравызнання.
–Такую ж палітыку фашысцкія варвары ажыццяўлялі і ў адносінах да іншых народаў, у тым ліку славян: па іх задуме, прадстаўнікоў “нячыстых” рас на зямлі павінна было застацца не больш за мільён – і толькі для таго, каб абслугоўваць патрэбы немцаў.
Вучні Кямелішскай школы ўспомнілі малавядомыя жудасныя факты генацыду фашыстаў супраць розных народаў.
–Толькі ад вас, маладых, залежыць, каб падобная трагедыя больш не паўтарылася, – нагадала ўдзельнікам мітынгу старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.
Сімфонія жыцця.
Шумелі над месцам вечнага спачыну кямелішкаўскіх яўрэяў стромкія сосны, недзе ў вёсцы гагаталі гусі.
Напэўна, такая ж мелодыя жыцця гучала ў Хатыні яшчэ 21 сакавіка 1943 года… А цяпер наваколле будзяць толькі жалобныя галасы званоў.
Не пытайце, па кім звоняць хатынскія званы. Яны ўспамінаюць усіх загінулых.
