Трагедыі: пасля "адпачынку"...
Жыццё, як сцвярджаюць вучоныя, зарадзілася ў вадзе. І, на жаль, для некаторых людзей яно там жа і заканчваецца. Прычын смерці ад вады шмат: хадзьба па тонкім лёдзе, празмерныя забавы на лодках, катамаранах і іншых плаўсродках, траўмы пры ныранні, сутаргавая рэакцыя арганізма на пераахалоджванне… І ўсё ж галоўная прычына ўтаплення – злоўжыванне алкаголем. Больш за 90 працэнтаў трагічных здарэнняў на вадзе пачынаецца з трывіяльнага жадання адпачыць “на прыродзе”.
Вось толькі культуры адпачынку, а тым больш культуры ўжывання спіртных напіткаў нашаму насельніцтву не хапае – ля водасховішчаў людзям хочацца “расслабіцца на ўсю катушку”. І заўвагі работнікаў выратавальнай станцыі яны нярэдка сустракаюць лаянкай. Гучаць, канешне, і падзякі, але часцей – ад родных тых людзей, якіх нашым супрацоўнікам удалося выратаваць.
Але выратавальнікі – не богі, і яны не могуць кантраляваць сітуацыю на ўсіх вадаёмах адначасова. Таму трагічныя здарэнні маюць месца быць. І развіваюцца яны часцей за ўсё па аднаму сцэнарыю: прыйшлі кампаніяй, напіліся, пачалі даказваць адзін аднаму сваё “а я магу лепш”. Вынік: выклік вадалазаў постфактум.
Падобным чынам у маі загінуў у рэчцы Страчанка малады лесаруб. А літаральна на гэтым тыдні трагічны выпадак здарыўся на Мальскім водасховішчы. Кампанія юнакоў адзначала “на прыродзе” нейкае сваё свята і рэтыравалася дадому, пакінуўшы на месцы імпрэзы свайго непаўналетняга сябра, у якога відавочна пачалося алкагольнае атручанне. Ніхто з іх нават не падумаў папярэдзіць бацькоў хлопца, які застаўся спаць амаль што на беразе вадасховішча. Цела юнака знайшлі вадалазы…
Паважаныя аматары адпачынку на прыродзе! Звяртаюся да вас з просьбай: калі ласка, не падыходзьце да вады пасля прыняцця нават невялікіх доз алкаголю. Не даказвайце сваім сябрам і суседзям па пляжы свой спрыт у плаванні і ныранні. Выконвайце элементарныя правілы паводзін на вадзе – гэтым вы значна прадоўжыце сваё жыццё, і вашым блізкім не прыйдзецца ліць слёзы гора.
Тамара РЫНКЕВІЧ, старшыня раённага Савета ТВВОД.
