Торжественное закрытие военных сборов-2012 (фото)

Яны апранулі форму – і са старанных работнікаў, прыкладных сем’янінаў, добрых таварышаў і сяброў на нейкі час пераўтварыліся ў сапраўдных абаронцаў Айчыны. І  больш, чым на два тыдні зноў трапілі ў армію: прымалі прысягу, праходзілі агнявую падрыхтоўку, разам з пагранічнікамі ахоўвалі дзяржаўную мяжу ад няпрошаных гасцей.
Усім гэтым ваеннаслужачыя тэрытарыяльных войск займаліся падчас збораў, на якія былі прызваны з 4 па 20 чэрвеня.
Аднак вучэнні скончыліся, а значыць – час падвесці і вынікі. Што і было зроблена падчас урачыстага закрыцця ваенных збораў, якое прайшло ў кінаканцэртнай зале “Астравец” 20 чэрвеня.


Мерапрыемства пачалося з гімна Рэспублікі Беларусь: ваеннаслужачыя стаяць, не варухнуцца – і ад гэтага ўрачыстасць моманту становіцца яшчэ больш сімвалічнай.
Затым перад прысутнымі выступіў намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла.
– Сілы тэрытарыяльнай абароны – значны рэсурс для абароны нашай Радзімы, – адзначыў Віктар Збігневіч. – Падчас вучэнняў вы зноў адчулі сябе ўдзельнікамі армейскіх будняў, выконвалі заданні, разам з пагранічнікамі адказвалі за бяспеку нашай мяжы і ў выніку павінны былі адчуць, што ў нас ёсць што абараняць. Сёння – падвядзенне вынікаў. Можна смела сказаць, што зборы ваеннаслужачых тэрытарыяльных войск прайшлі паспяхова, усе этапы пройдзены, а задачы – выкананы. Усе дастойна справіліся са сваімі абавязкамі, а зараз вернуцца дадому. І мне застаецца ад імя райвыканкама павіншаваць вас з паспяховым заканчэннем збораў і пажадаць удачы і моцнага здароўя. Дзякуй усім за службу! 
З падвядзеннем вынікаў прайшоўшых збораў выступіў таксама  начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь І.Ф. Матрашыла.
– Усё, што ёсць у Беларусі, пачынаецца з дзяржаўнай мяжы, – сказаў Ігар Фадзеевіч. – І ад захавання яе бяспекі залежыць і наш з вамі спакой. Падчас збораў гэтую адказную і вельмі значную задачу разам з пагранічнікамі выконвалі і вы – ваеннаслужаныя, прызваныя на зборы. І, трэба адзначыць, справіліся з пастаўленымі задачамі паспяхова. Таксама адзначу дакладную, змястоўную і добрую работу Астравецкага райвыканкама ў час збораў. Напрыканцы ж хочацца ўсім пажадаць поспехаў і моцнага здароўя.
Для агучвання загада аб прысваенні чарговых воінскіх званняў на сцэну падняўся намеснік ваеннага камісара ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці Ю.К. Труш. Званне старшага лейтэнанта запасу атрымалі лейтэнанты запасу Б.І. Каркоцкі і В.У. Радзевіч. Пагоны малодшага лейтэнанта запасу атрымалі Д.М. Выдыш і В.І. Лукашэвіч. Званне сяржанта запасу атрымаў А.І. Чарняўскі, а старшага сяржанта запасу – С.А. Адула.   
Затым усе ўдзельнікі збораў атрымалі ганаровыя граматы Астравецкага ваенкамата і каштоўныя падарункі ад райвыканкама.
Аднак і на гэтым прыемныя сюрпрызы не скончыліся. Сваіх работнікаў, якія былі прызваны на зборы, з паспяховым заканчэннем вучэнняў падарункамі і прэміраваннем павіншавалі прадстаўнікі СВК “Гервяты”, ААТ “АСБ Беларусбанк”, Астравецкага лясгаса, СВК “Варняны”, Транспартнай інспекцыі і РУП ЖКГ. 
Свае падарункі – прыгожыя музычныя нумары – падарылі ўсім прысутным і работнікі аддзела культуры.
Зборы-2012 завяршыліся. І праз некалькі гадзін іх удзельнікі ўжо ў грамадзянскім адзенні і з дарожнымі сумкамі раз’ехаліся па дамах, дзе іх зачакаліся родныя і блізкія.



Марына МАЦКЕВІЧ.