Таццяна, якая запаліла ў Кямелішках “Іскрынкі”
Жаданне дзіцяці «Я хачу танцаваць!» многіх вясковых бацькоў прымушае шукаць час і сродкі, каб вазіць малых за дзясяткі кіламетраў у горад у харэаграфічны клас ці студыю.
У жыхароў Кямелішак, Рытані і Падольцаў гэтая праблема вырашаецца прасцей: варта запісаць сына ці дачку ў Кямелішкаўскі філіял дзіцячай школы мастацтваў. А там будучых танцораў сустрэне Таццяна Смірнова, паставіць да станка каля вялікага люстэрка – і…Вядома ж, не ўсе яны стануць прафесійнымі танцорамі! Нехта кідае школу на паўдарозе, не жадаючы сто разоў паўтараць адно і тое ж па, нехта – такіх большасць! – знойдзе сабе іншы шлях у жыцці.
Але, як прызнаецца Таццяна Альбертаўна, вельмі прыемна, калі праз некалькі гадоў бацькі расказваюць, які цудоўны танец паказалі на ўласным вяселлі сын ці дачка і дзякуюць настаўніцы, што некалі навучыла малышоў адчуваць музыку і пластыку свайго цела, – гэта засталося з імі назаўжды. Ці дзеці, якія выехалі з вёскі, раптам засвецяцца на нейкім танцавальным конкурсе.
І, вядома ж, бальзам на душу настаўніка, калі яе птушаняты паступаюць на харэаграфічнае аддзяленне – як зрабіла Лізавета Гарбачова, як збіраюцца Караліна Капуста і Насця Казлоўская… Значыць, недарэмна некалі сама Таццяна Альбертаўна рэзка звярнула з пратаптанай жыццёвай каляіны і змяніла прафесію настаўніка пачатковых класаў спачатку на выкладчыка англійскай мовы, а затым – на харэографа. Настаўнікам яна ўсё роўна засталася: дапамагае пачаткоўцам Рытанскай школы вучыць англійскую мову. Але ж асноўным заняткам цяпер стала харэаргафія. І той, хто бачыў на сцэне яе маленькіх непасрэдных «іскрынак» з аднайменнага ансамбля, не паверыць, што іх выкладчык ніколі не марыла танцаваць і тым больш – вучыць гэтаму дзяцей.
– Проста я перфекцыяніст па натуры, – смяецца Таццяна Альбертаўна. – І калі за нешта бяруся, то зраблю ўсё, каб давесці да дасканаласці пачатую справу.
А перспектыў і магчымасцей і тут хапае!
– Няважна, дзе ты жывеш, – важна, чаго ты хочаш, – пераканана Таццяна Смірнова.
