Сямейную гісторыю з жыцця, звязаную з “раёнкай”, узгадвае Алена Каркоцкая
Упэўнена не толькі я, але і мае калегі падцвердзяць: нічога так журналісту не грэе душу, як зваротная сувязь ад пастаянных чытачоў ці новых герояў. Падчас святкавання Дня Незалежнасці на пляцоўку «Астравецкай праўды» зазірнула сямейная пара Каркоцкіх з аграгарадка Гервяты. Муж з жонкай прызналіся, што «раёнку» выпісваюць пастаянна, чытаюць ад першай да апошняй старонкі, і ўсё ім падабаецца, вось толькі шкада, што больш не публікуюць у газеце прозвішчы памерлых.
– Даўней многія, як толькі атрымлівалі свежы, тады яшчэ суботні нумар, адразу глядзелі, хто нарадзіўся і хто памёр, апошняя рубрыка была, бадай, самай важнай для маёй свекрыві, – расказала Алена Сцяпанаўна. – На Астравеччыне я з 1975 года – як выйшла замуж у Лошу. Маці мужа часта хварэла, не менш за чатыры гады на год ляжала ў бальніцы – а хваробы і боль вельмі збліжаюць людзей, яны хутка становяцца роднымі ў бальнічных сценах. Знаёмых у розных куточках Астравеччыны ў яе было шмат. Як толькі паштальёнка праходзіла па вёсцы, свякруха бегла да скрыні за свежым нумарам, каб даведацца, каго не стала. Аднойчы мой Ваня – ён тады малады быў, прыгожы, 1981 год ішоў! – вырашыў пажартаваць з маці. Апярэдзіў яе і сам дадому прынёс газету. Разгарнуў нумар і гучна з расстаноўкай «зачытаў»: «Паважаная Марыя Сямёнаўна, рэдакцыя газеты паведамляе, што памерлых на мінулым тыдні няма і больш ніколі не будзе».
Калі сур’ёзна, гэта была вельмі патрэбная рубрыка: знаёмыя ёсць ва ўсім раёне, і хочацца ведаць, за спачын каго варта памаліцца.
