Сям’я Пяткевіч з Міхалішак – звычайная і па-свойму ўнікальная


Злева направа: Меланія Іванаўна, Таццяна, Юрый трымае сына Паўла, Жанна і Герман

Дамаўляючыся аб сустрэчы з сям’ёй Пяткевіч, пачула ў трубцы: «Ды што пра нас пісаць, мы звычайная сям’я, якіх шмат у раёне». Падобныя словы чую не ўпершыню, і з імі цяжка не пагадзіцца. Сапраўды – звычайная. Але менавіта ў гэтай звычайнасці і заключаецца ўнікальнасць людзей, якія жывуць разам з намі ў раёне, вёсцы, па суседстве, побач. Кожны з іх – асобная гісторыя і лёс, а сям’я – асобны сусвет. 

Таццяна

Нарадзілася ў вёсцы Радзюлі, што ў Гудагайскім сельсавеце, і гэты населены пункт не стаў адзіным у дзяцінстве дзяўчынкі. Праз некаторы час сям’я пераехала ў Альгіняны, а затым – у Рымдзюны. У школу Таццяна хадзіла ў Рымдзюны, там жа і скончыла 11 класаў. Выбіраючы прафесію, доўга не раздумвала – родныя ў адзін голас раілі ісці на бухгалтара, абгрунтоўваючы тым, што з такой адукацыяй дакладна не прападзеш і работа заўсёды знойдзецца. Дзяўчына да парад дарослых прыслухалася. Але ехаць паступаць кудысьці далёка не захацела – побач, у Ашмянах, вучылі на бухгалтараў. І Таня паехала падаваць дакументы ў суседні райцэнтр.

Працаваць пачынала ў тых жа Рымдзюнах у бухгалтэрыі калгаса «Рассвет». Канешне, не ўсё адразу атрымлівалася на «выдатна», але з цягам часу і дзякуючы падказкам старэйшых калег малады бухгалтар спасцігала нюансы прафесіі на практыцы і ўнікала ў іх сутнасць. І працаваць з набытым вопытам станавілася прасцей.

Але ж не работай адзінай жыла Таццяна. На той момант ёй было 19 гадоў – непаўторны час маладосці і яе верных спада­рожнікаў: летуценняў, жадан­няў, памкненняў, забаў. А дзе моладзі збірацца і весяліцца, як не на танцах? Дзяўчына з сяброўкамі хадзіла на дыскатэку ў Рымдзюны. Новы клуб славіўся на ўсю ваколіцу прасторным памяшканнем і прыгожай светамузыкай. Таму кожныя выхадныя там збіраліся людзі з усяго раёна. І аднойчы падчас дыскатэкі Таня заўважыла на сабе зацікаўлены ўважлівы позірк незнаёмага хлопца, адзначыўшы пра сябе, што ён не з мясцовых. Праз некаторы час ён падышоў знаёміцца.

– Чым Юра ­гля­нуўся? – жанчына крыху задумалася, а пасля, усміхаючыся, адказала: – Высокі, статны, акуратны. Хоць і жвавы, але паводзіў сябе вет­ліва і далікатна. Вясной мы пазнаёміліся, а ў жніўні Юра ўжо сватоў прыслаў. Восенню згулялі вяселле. На той момант я адвучылася, мела работу – час і сям’ю ствараць. А калі адзін да аднаго цягнемся, чаго чакаць? Міхалішкі мне падабаліся – кожнае лета на аўтобусе да бабулі на Спондаўшчыну ехала праз гэтую вёску. Вялікая, прыгожая, усё неабходнае для жыцця ёсць. Ды і якая розніца, дзе будзеш жыць, галоўнае – з кім. (Усміхаецца.)

Юрый

Яго бацькі, як і многія людзі з Астравеччыны, працавалі на Літве. Нарадзіўся хлопец у Вільнюсе, але хутка сям’я пераехала на радзіму дзядоў у Міхалішкі. Менавіта тут прайшло дзяцінства і юнацтва Юры, тут ён хадзіў у дзіцячы садок і скончыў 9 класаў. А пасля вырашыў пайсці па слядах бацькі, які працаваў механізатарам, і атры­маў гэтую прафесію ў вучэб­на-вытворчым камбінаце. Хутка хлопцу «стукнула» 18 – прыз­валі ў армію. Адслужыўшы, як і належыць, паўтара года, вяр­нуўся дадому мужным і загартаваным – і не толькі фізічна. За гэты час не стала бацькі – Юра застаўся адзіным мужчынам у сям’і. Абранай прафесіі хлопец не здрадзіў: пайшоў працаваць механізатарам у калгас.

Але маладосць на тое і завецца самым цудоўным і бесклапотным часам, які дапамагае зацягваць раны і ісці па жыцці з гумарам і аптымізмам. Паміж работай і хатнімі гаспадарчымі клопатамі Юра паспяваў пра­весці час з сябрамі і завітаць на дыскатэку. Неаднойчы яны ездзілі на танцы ў Рымдзюны – прыгожы клуб і крутая апаратура надавалі яму папулярнасці. На адной з дыскатэк ён і прыкмеціў Таню.

– Яе немагчыма было не за­ўва­жыць – стройненькая, прыго­жанькая, маладзенькая, – успа­мінае мужчына. – Пазнаё­мілі­ся, разгаварыліся, пасля сустра­каліся на танцах, на свяце вёскі. Спадабалася яна мне. А раз так – чаго цягнуць. Заслаў сватоў, а восенню, якраз на Міхала, пабраліся шлюбам. І вось, дзякаваць Богу, амаль 22 гады жывём. Нават і не верыцца, што ўжо столькі прайшло. З іншага боку, старэйшую дачку ўжо можна замуж выдаваць. Час хутка ляціць. (Усміхаецца.)

Жанна, Герман і Павел 

Радасць, надзея, апора і сэнс жыцця сям’і Пяткевіч – дзеці. Жанна – старэйшая. Яна ўжо скон­чыла Слонімскі медыцынскі каледж і працуе фельчарам «хуткай дапамогі». Дарэчы, як і некалі яе маці, вызначыцца з будучай прафесіяй дзяўчыне дапамаглі бацькі. І дзяўчына ні кроплі не пашкадавала, што менавіта так склаўся яе прафесійны шлях – ёй падабаецца быць фельчарам на «хуткай», дзе кожны дзень непрадказальны і цікавы. 

Бацькі ў адзін голас кажуць, што дачка з дзяцінства была самастойнай. А яшчэ з маленства любіла чытаць. Іншыя дзеці цацкі прасілі, а Жанна – выпісаць ёй часопіс ці купіць кніжку. І пра ўрокі не трэба было нагадваць, не кажучы ўжо пра тое, каб правяраць ці сядзець разам з ёй над падручнікамі. Падчас вучобы ў каледжы бацькі таксама не ведалі клопатаў. Дзе зняць жыллё, куды пайсці на практыку, як і калі прыехаць дадому – дзяўчына адразу сказала, што з гэтымі задачамі справіцца сама. І ні разу не падвяла маму і тату.

Такі ж адказны, як сястра, і 15-гадовы Герман. Падлетак таксама з маленства прывык не турбаваць лішні раз дарослых з урокамі і ўдала спраўляецца з імі сам. А яшчэ ён нязменны памочнік у гаспадарцы, дарадца бацьку ў рамонце тэхнікі, бо ўжо можа перабраць матор трактара, надзейны сябар для сястры, абаронца і прыклад для брата.

Паша – малодшы. Таму, можа, крыху больш распешчаны. Хлопчыку 8 гадоў і ён дзіця свайго часу, якое любіць «завісаць» у мабільным тэлефоне і не ўяўляе жыцця без інтэрнэту. Але ў Пашы, як і ў астатніх членаў сям’і, таксама ёсць свае абавязкі, якія ён стараецца добрасумленна выконваць.

Сям’я

Канешне, не ўсё і не заўсёды ў Пяткевічаў было гладка. Як і большасць маладых, у пачатку сямейнага жыцця яны нярэдка спрачаліся, пасля мірыліся, і спатрэбіўся час, каб прыцерціся і вывучыць адзін аднаго да драбніц. Праз гэтыя выпрабаванні, напэўна, праходзіць кожная пара, і вытрымаўшы іх, муж з жонкай могуць смела звацца палавінкамі аднаго цэлага і шчасліва крочыць разам далей.  

Дарэчы, Пяткевічы не прос­та ідуць разам, яны яшчэ і займаюцца агульнай на ўсіх справай. Сутыкнуўшыся з пэўнымі матэрыяльнымі цяжкасцямі і заручыўшыся падтрымкай маці Юры – Меланіі Іванаўны, якая жыве з імі разам, яны ўсур’ёз заняліся падсобнай гаспадаркай, якая неўзабаве стала іх асноўнай работай і сродкам існавання.

– Мы і самі не заўважылі, як паступова ўцягнуліся ў гэтую справу, – расказвае Юрый. – Я і Таня  ранейшай загартоўкі і лічым, што жыць на вёсцы і не трымаць жывёлу неяк не па-людску. Мама ўсё жыццё працавала, а выйшла на пенсію і таксама не змагла без работы – прапанавала не здаваць, а пакінуць адну-дзве цялушкі. Маўляў, усё роўна дома сяджу, занятак патрэбны. З гэтага ўсё і пачалося. Каровы, быкі, свінні, хатняя птушка... Спачатку цяжка было: накасіць, насушыць, навазіць кармоў. Мы з Таняй звольніліся з працы. Дзяцей дапамагала гадаваць мая бабуля. А пасля маці з назбіраных яшчэ з бацькам грошай купіла трактар  МТЗ-50. І справа пайшла лягчэй і шпарчэй. Цяпер у нас вялікая гаспадарка, 2 трактары, камбайн, апарат для дойкі – усё, так бы мовіць, механізавана. Так, мы ішлі да гэтага не адзін год і было складана, але вынік сябе апраўдвае. Малако здаём дзяржаве, жывёлу на мяса – пастаўшчыкам, на свініну заўсёды знаходзяцца пакупнікі з акругі. Ёсць пастаянныя кліенты на тварог і сыр, які, дарэчы, маці робіць сама. Так, без справы не сядзім, але і ў крэдытах – таксама. Жывём, так бы мовіць, як нашы продкі – з мазаля і ўласнай працы. А з іншага боку, калі паразважаць, напэўна, ужо і не зможам інакш. У горад ехаць позна, ды і не хочацца – гэта вось хай яны (ківае на дзяцей) туды туляцца, калі будуць мець жаданне. 

Вось такая яна сям’я Пяткевіч з Міхалішак: тата Юрый, мама Таццяна, дзеці Жанна, Герман, Павел і бабуля Меланія Іванаўна. Працавітая і дружная, звычайная і ўнікальная. Адзіная ў сваім родзе на свеце. 

Пытанне ў тэму:

– На якіх трох кітах трымаецца ваша сям’я?

Юрый: 

– На дзецях! Яны найвялікшая радасць на свеце!

Таццяна: 

– На ўзаемаразуменні, уменні састу­піць, слухаць і чуць адзін аднаго.

– Ці ёсць у вас раздзяленне абавязкаў на мужчынскія і жаночыя? 

Юрый: 

– Посуд, на шчасце, ні разу не мыў – тры жанчыны ў хаце! (Усміхаецца.) А па гаспадарцы мы ўсё разам робім, тут няма: гэта – маё, а там – тваё.

Таццяна: 

– На поле еду, дапамагаю тэхніку пад­чапіць і так што зрабіць, калі спатрэбіцца. 

Пажаданні з нагоды Дня сям’і: 

Юрый: 

– Цярпення, здароўя і шчасця!

Таццяна: 

– І каб не было ліха ў сям’і. Лепш быць бяднейшым, але жыць у зго­дзе. Тады ўсё будзе добра.



Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Мацкевич