Сябры “раёнкі”: разам на гады і праз кіламетры

Мабыць, не знойдзецца нічога больш прыемнага і натхняльнага, чым разуменне, што з «Астравецкай праўдай» чытачы сябруюць нават знаходзячыся за сотні кіламетраў ад нашага горада… І кожны знаходзіць у «раёнцы» штосьці для сябе і, магчыма, пра сябе. Кожны сёння можа выбраць, дзе яе чытаць – узяўшы друкаваны экзэмпляр, зайшоўшы на сайт або ў сацыяльныя сеткі. 

34343434.jpg

Ірына Міхно, г. Мінск:
– У дзяцінстве «Астравецкую» не чытала. Мне выпісвалі «Зорку» і «Пераходны ўзрост». Але пра «раёнку» ведала – дапамагала маме, якая працавала паштальёнам, разносіць яе па Завельцах. Пазнаёмілася з газетай значна пазней – калі пачала цікавіцца тым, што адбываецца ў роднай мясцовасці.
У студэнцкія часы пашчас­ціла папрацаваць у «раёнцы» і пабачыць на ўласныя вочы, як яна ствараецца. Гэта быў пазнавальны і карысны вопыт.
Чытаю родную прэсу і цяпер – праўда, у асноўным у «Фэйсбуку». Нядаўна падпісалася і на яе суполку ў «Тэлеграм» – тут, дарэчы, навін значна больш, толькі паспявай праглядваць стужку, і з’яўляюцца яны хутчэй, чым у друкаваным варыянце. Сацыяльныя сеткі дапамагаюць нават на адлегласці быць у курсе падзей на радзіме. А калі завітваю да бацькоў, абавязкова бяру ў рукі друкаваную газету.
Да слова, раней муж выпіс­ваў PDF-версію, цяпер «пераключыўся» на сацыяльныя сеткі і часта мне падказвае, што цікавага там з’явілася.
Самае каштоўнае для мяне на старонках «Астравецкай праўды» – гістарычныя матэрыялы. Да прыкладу, пра школы, якіх ужо няма. Гэта цэлы пласт сферы адукацыі раёна, карэспандэнтам зроблена вялікая і карысная работа. 
Увогуле «Астравецкая праўда» – як летапіс раёна, па яе старонках можна пісаць кнігі. Як, дарэчы, зрабіла Ніна Рыбік. І менавіта яна, рыхтуючы матэрыял у газету, знайшла ў архівах звесткі пра дзядзьку майго таты. Так, гадоў праз 20-30 сённяшняя «раёнка» можа спатрэбіцца для напісання чарговай кнігі па гісторыі нашага краю.
Падабаюцца ў маёй газеце (менавіта так я ўспрымаю «Астравецкую») матэрыялы і праекты аўта- і мотатэматыкі – нова, смела, актуальна. Гэта своеасаблівы жаночы варыянт разумення і бачання традыцыйна мужчынскай тэмы.  Заўсёды цікавыя артыкулы, па якіх бачна, што тэма падабаецца самому аўтару – у такіх адчуваецца душа.
Увогуле ў «раёнцы» шмат патрэбнай і актуальнай інфармацыі, у тым ліку аб’яў. А сям’ёй мы на старонках роднай газеты віншуем адзін аднаго з юбілеямі –  гэта ўжо даўняя традыцыя. 
Заўсёды прыемна ўбачыць у «Астравецкай» знаёмых людзей: родзічаў, аднавяскоўцаў, аднакласнікаў, сяброў. Такіх матэрыялаў у абласной і рэспубліканскай прэсе не знойдзеш. Тым наша «раёнка» і цэніцца.
Сачу за дасягненнямі «Астравецкай праўды» і ганаруся імі.  Журналісты стараюцца трымаць руку на пульсе, асвойваюць новыя віды работы, адсочваюць апошнія тэндэнцыі – каб было інфарматыўна і адначасова цікава.

454554554.jpg



Сняжана Янушэўская, аг. Рымдзюны:
– З «раёнкай» знаёма з малых гадоў: яна заўсёды была на стале бацькоў. Выпісваю друкаваную газету і я, аднак больш чытаю яе ў «Інстаграм». 
Цікавіць усё, што з’яўляецца ў стужцы – прагортваю яе кожны дзень і абавязкова стаўлю «лайкі» – падабаецца, што падае газета. Нашы, педагогаў, матэрыялы з жыцця Рымдзюнскай школы з’яўляюцца на  старонках «Астравецкай» – так што мы, можна сказаць, пазаштатныя аўтары. 
Заўсёды звяртаю ўвагу на каментарыі і інтэрв‘ю прадстаўнікоў мясцовай улады, асабліва сачу за выступленнямі Генадзя Паўлавіча Бычко – ён курыруе нашу «адукацыйную» сферу.
Цікава пачытаць пра знакамітых людзей краю, пра землякоў – з апошняга ўспамінаецца матэрыял пра Дайву Пашкявічуце-Гурыновіч і літоўскую абшчыну. 
Друкаваную газету чытаем з вучнямі на інфармацыйных гадзінах: дзеці рыхтуюць матэрыял на акрэсленыя тэмы менавіта са старонак «раёнкі». Паўтаруся, там можна знайсці ўсё: і пра народнае адзінства, і пра гістарычную памяць, і пра гісторыю Астравеччыны, і пра дасягненні землякоў…
Да слова, у нашай школьнай бібліятэцы працуюць тэматычныя выставы і на іх абавязкова змяшчаюць мясцовую газету.

Маланія Пяткевіч, аг. Міхалішкі (без фота):
– «Астравецкую праўду» выпісваю спрадвек – з таго часу, як пера­ехалі з Літвы. Гэта быў 1983-ці – значыць, 40 гадоў ужо. Ды і як было інакш? Мясцовыя навіны толькі ў «раёнцы» і знойдзеш, а рэспубліканскія можна па тэлебачанні пагля­дзець, таму ў нашай газеце на іх асаблівай увагі не звяртаю. Па тэлевізары гляджу і Прэзідэнта.
Як па мне, цяпер у газеце стала шмат рэкламы – хацелася б менш, можа, таму што ёй не цікаўлюся.
А вось анекдоты, гумарэскі, абразкі падабаюцца. Апошнія старонкі пятнічнага выпуску, дзе змяшчаецца народны каляндар, надвор’е, фотаздымкі «з жыцця», – мае любімыя. Яны падымаюць настрой. Парады цікавяць – як і калі, да прыкладу, памідоры перасаджваць… Такое «лёгкае» чытаем разам з унукам. 
Не ўяўляю «раёнкі» без праграмы тэлеперадач. Як традыцыя: атрымала газету, сярэдзінку выняла і каля тэлевізара паклала…
Лёсы людскія, гісторыі жыцця і кахання, пра людзей працы – гэта заўсёды цікава, асабліва калі іх ведаеш. Грэюць душу падзякі медыкам – яны простыя, зразумелыя, ад чыстага сэрца. «Забіраюць» да дрыжыкаў матэрыялы пра вёскі, якія ўжо аджылі сваё, – з апошніх успомнілася Віктасіна. 
Не прапускаю сельскіх матэрыялаў – пра ўсё, бо сама вясковая: нарадзілася і вырасла ў Маркунах.
Неяк газета і пра нашу сям’ю пісала. Гэта быў 1987 год – мы  з мужам арандавалі ферму: 340 галоў трымалі, у два трактары шчыравалі, каб кармы нарыхтаваць. Тады і з Астраўца, і з Гродна, і з Мінска карэспандэнты прыязджалі. Доўга той нумар раённай газеты захоўвала, а потым ён кудысьці знік. 
Прыгожыя ў газеце календары, што выходзяць традыцыйна ў першым нумары года. Вунь вісіць за 2022-гі – не здымаю: на ім новая частка Астраўца, хлопчык і камбайн у полі – цудоўны здымак!
Дзеці і ўнукі газету больш глядзяць у інтэрнэце, а я, колькі буду жыць, папяровую буду выпісваць. Да слова, падпісваю адразу на 6 месяцаў, каб не забыць і без мясцовых навін не застацца. 

Фота з архіва герояў. 



Текст: