Святочны "агеньчык" этнічных палякаў

Вось ужо каго нельга абвінаваціць у адсутнасці энтузіязму, дык гэта астравецкіх палякаў, дакладней, членаў раённага аддзялення “Саюза палякаў на Беларусі”. Распаўсюджаную прымаўку “Дзе фэст – там я ест”, яны даўно перарабілі ў: “Дзе мы – там і фэст”.



Адзін з такіх традыцыйных “фэстаў” – “ламанне аплаткі”, на якое этнічныя палякі збіраюцца штогод самі і запрашаюць шматлікіх гасцей. Яны рады сустрэць кожнага, хто завітае на святочны “агеньчык”, але асаблівыя ўвага і пашана спонсарам – тым людзям, якія на працягу года матэрыяльна дапамагалі членам аддзялення ўдзельнічаць у розных конкурсах за межамі раёна і вобласці, набыць прызы для правядзення ўласных конкурсных праграм і павандраваць па родным краі. Найчасцей спонсарамі выступаюць астравецкія прадпрымальнікі муж і жонка Шырынскія, Русецкія, Багдзюны, Грабоўскія, Петрыкі і Лабачэўскія.
Суб’ект, якому ў пасцельных справах адказаць практычна немагчыма, – маю на ўвазе грып – не дазволіў усім вышэйназваным сямейным парам прысутнічаць на “ламанні аплаткі”, але тыя, хто змог, не пашкадавалі – персанальна для іх хор “Польскае рэха Астраўца” пад кіраўніцтвам Алены Такарчук выканаў нізку калядных песень, а таксама іншых – на польскай, беларускай і нават на ўкраінскай мове. Спявалі хорам, дуэтам, сола. Пад фанаграму і пад баян Генадзя Мялешкі. На імправізаванай сцэне рэстарана “Вясёлка” і ўсе разам акапэльна за сталамі.
А колькі было цікавых конкурсаў і не менш цікавых прызоў для іх пераможцаў! Дарослыя сур’ёзныя людзі забыліся пра сваю сур’ёзнаць і на адзін вечар вярнуліся ва ўласную маладосць – у вясёлыя калядныя дзянькі свайго дзяцінства.


Францішка КРАСКО, фота аўтара.