Святары Астравеччыны віншуюць з Уваскрэсеннем Хрытовым
Як кожны год, у велікодныя святы мы разам з жанчынамі з Евангелля скіроўваемся ў духу да гроба Хрыста. Поўныя ашаламлення, бачым камень, адсунуты ад уваходу, і разумеем, што ў магіле няма цела Езуса. Мы чуем словы анёла, якія напаўняюць нашы сумныя, устрывожаныя сэрцы радасцю і супакоем: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5-6).
Хрыстос уваскрос, Хрыстос жыве і будзе жыць заўсёды. Гэтая найважнейшая праўда хрысціянскай веры дазваляе нам іншымі вачамі паглядзець на свет, на гісторыю чалавецтва і рэчаіснасць нашага жыцця. У Пасхальнай таямніцы мы пазнаём Хрыста як Пераможцу над сіламі зла, цемры і граху. Яго мукі і смерць з'яўляюцца задаткам нашага збавення, а крыж становіцца знакам Божай любові і прабачэння, брамай, якая вядзе да вечнага шчасця.
Дарагія браты і сёстры! У святы дзень Уваскрасення Пана жадаю вам, каб вера ў Хрыста, які ёсць з намі і жыве ў нас, стала крыніцай глыбокай унутранай радасці, моцы духу, мужнасці і стойкасці ў добрым. Нам нельга стамляцца сведчыць аб надзеі, якая ёсць у нас. Няхай Божая любоў, аб'яўленая ў таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрэсення Хрыста, асвячае нас кожны дзень і робіць здольнымі праслаўляць Бога кожным добрым учынкам.
З дарам малітвы ксёндз-дзекан Астравецкі Анатоль Захарэўскі, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках.