Свята вёскі прайшло ў Гудагаі


Сёння ў нашай хаце свята… Гэтыя словы сталі лейтматывам святочнай праграмы, якая прайшла ў пасёлку Гудагай.

З пачаткам лета па раёне зноў сталі праходзіць святы населеных пунктаў. Адно з першых сустракаў Гудагай. Невялікі пасёлак – родная старонка і для мяне. Тут я нарадзілася, тут хадзіла ў школу і затым вярнулася працаваць. Таму з задавальненнем прыняла запрашэнне паўдзельнічаць у свяце.

Адкрыў урачыстаць старшыня сельвыканкама Уладзімір Іосіфавіч Барысевіч:


– Спадзяюся, што падобныя мерапрыемствы стануць у Гудагаі штогадовымі. Канешне, хацелася б, каб у зале было значна больш людзей, бо ў пасёлку жыве больш за тысячу чалавек. У маштабах раёна ён трэці па колькасці жыхароў. Усе мы марым пра тое, каб ён развіваўся, аднак для гэтага трэба ўсім разам прыклалі намаганні па навядзенні парадку ў родных мясцінах. Віншую са святам, моцнага ўсім здароўя і ўсяго найлепшага!

Гісторыя не захавала звестак пра тое, кім і калі быў заснаваны пасёлак. Аднак большасць навукоўцаў і даследчыкаў схіляюцца да таго, што яго развіццё пачалося з моманту пракладкі праз Гудагай чыгункі. Жыхарам пасёлка давялося зведаць гора і горыч Вялікай Айчыннай вайны: тут размяшчаўся філіял канцэнтрацыйнага лагера “Шталаг 342”, аб якім напамінае брацкая магіла на ўскрайку вёскі; разбурэнне падчас вызвалення пасёлка ад нямецкіх акупантаў – гісторыя сведчыць, што ў ходзе перастрэлкі загарэлася некалькі будынкаў, ад іх зайшліся ў пажары іншыя – і ў адзін дзень, 7 ліпеня 1944 года, у Гудагаі згарэла 19 дамоў. Але ён выстаяў, адбудаваўся і стаў яшчэ большым і прыгажэйшым.

У пасёлку жыве шмат паважаных людзей, з багатым прафесійным вопытам і жыццёвай мудрасцю – менавіта ў іх адрас і гучалі віншаванні і песні.

Сярод іх ёсць і доўгажыхары, якія пражылі больш за 90: Марыянна Станіславаўна Бразевіч, Іосіф Феліксавіч Сальмановіч, Элеанора Мікалаеўна Ажгірэвіч – іх ушанаваў старшыня сельвыканкама.



Успомнілі ў гэты дзень і сем’і, якія ў згодзе і каханні пражылі 50 і больш гадоў: Іосіфа Феліксавіча і Ванду Аляксандраўну Сальмановічаў, Адама Дзмітрыевіча і Валянціну Ільінічну Горбаляў, Віталя Іванавіча і Эму Іосіфаўну Лянкевічаў. Падарункі і цёплыя пажаданні ім адрасавала старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Раткевіч.

– На свяце ў Гудагаі я ўпершыню. І, па праўдзе кажучы, гэта была мая мара, бо за гады працы ў “Белай Русі” аб’ехала мноства нашых вёсачак. У вас сёння цудоўнае свята – ўпэўнілася, што ў Гудагаі жывуць працавітыя, творчыя людзі. Са святам, гудагайцы! Няхай у вашых сем’ях заўсёды будзе цёпла і ўтульна, – павіншавала вяскоўцаў Ірына Фёдараўна.


Ёсць у пасёлку і шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць 5 і больш дзяцей, іх матулі ўзнагароджаны ордэнам Маці. На сцэну запрасілі Віктара Францавіча і Галіну Іосіфаўну Вайцяхоўскіх, а таксама Таццяну Іванаўну і Валерыя Генрыхавіча Войдакаў.

Жыве вёска і тады, калі яе вуліцы поўняцца дзіцячымі галасамі. Самай маленькай жыхаркай пасёлка з’яўляецца Дамініка Канчанін. Яе мама Дар’я таксама атрымала падарунак.

Успомнілі на свяце і самых адданых чытачоў мясцовай бібліятэкі. Сярод дзяцей такой прызнана Агнія Скерла, а сярод дарослых – Данута Пятроўна Рамацкая і Яніна Антонаўна Радзішэўская. Іх адзначыла ўзнагародамі загадчык мясцовай бібліятэкі Анджэла Чаславаўна Кукаловіч.

У Гудагаі жывуць таленавітыя майстрыхі Марыя Іосіфаўна Багдановіч, Галіна Чаславаўна Новікава, Надзея Іванаўна Кулікоўская – іх работы былі выстаўлены ў фае Дома культуры, і кожны мог палюбавацца пладамі іх стараннай працы. Пажаданні здароўя і доўгіх гадоў жыцця вядучыя адрасавалі настаўнікам, якія прысвяцілі сябе школе і дзецям: Віталю Іванавічу і Эме Іосіфаўне Лянкевічам, Элеаноры Мікалаеўне Ажгірэвіч, Галіне Чаславаўне Новікавай, Тарэсе Чаславаўне Ізотавай, Ірыне Браніславаўне Слясарчык, Яўгеніі Міхайлаўне Літвіновіч, Надзеі Іванаўне Кулікоўскай, Марыі Карлаўне Васілёнак, а таксама чыгуначнікам Вераніцы Іванаўне Багдановіч і Людміле Іосіфаўне Вафінай.

У дзень медыцынскага работніка, які якраз прыпаў на 16 чэрвеня, шмат добрых слоў было сказана былому фельчару Гудагайскага ФАПа Валянціне Іванаўне Тарашкевіч, якая аддала медыцыне больш за 40 гадоў і цяпер працягвае працаваць, як і раней, яе паважаюць і любяць аднавяскоўцы. Валянціна Іванаўна атрымала Падзяку ад старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч.

– У народзе кажуць: калі цябе запрасілі на свята, то ты сябар. І я рада сёння быць разам з вамі. Няхай у вашых дамах будзе ўтульна, няхай там пануюць парадак і дабрабыт, а ў кожнага з вас будзе моцнае здароўе. Я не ведаю, ці ёсць нейкі рэцэпт шчасця, але няхай заўсёды ваша сэрца спявае ад радасці, няхай менш будзе гора, няхай на гудагайскай зямлі нараджаюцца дзеці і будзе больш доўгажыхароў, – сказала Наталля Вікенцьеўна.


З утварэннем Астравецкага раёна ў 1940 годзе быў створаны райспажыўсаюз. Праўда, з пачаткам вайны яго дзейнасць была перарвана, але пасля вызвалення зноў аднавілася. На тэрыторыі Гудагая працавала аптова-гандлёвая база, адкуль усе тавары раз’язджаліся па раёне. Шмат гадоў аддалі гандлёвай сетцы і нашы землякі: Міраслава Вацлаваўна Врублеўская, Данута Яўгенаўна Андраловіч, Вераніка Яўгенаўна Мальдзіс, Станіслава Іванаўна Козіч, Міраслава Раймундаўна Блашкевіч, Галіна Станіславаўна Шпіронак і іншыя.

А пра такіх людзей, як Марыя Антонаўна Сальмановіч, гавораць: на сваім месцы. Жанчына адпрацавала на пошце больш за трыццаць гадоў. Праз яе рукі прашло тысячы пісем, паштовак, тэлеграм, мільёны часопісаў і газет. І увесь гэты час яна была паштальёнам у Гудагаі. Падзяку за працу яна атрымала ад дэпутата раённага Савета дэпутатаў, галоўнага рэдактара газеты “Астравецкая праўда” Алены Ярашэвіч.

Павіншавала гудагайцаў і пазаштатны аўтар “Астравецкай праўцы”, жыхарка суседніх Ліпак, якая і Гудагай лічыць сваёй радзімай, Рэгіна Іосіфаўна Дрэма – жанчына прысвяціла роднай старонцы вершы.

І, канешне ж, гучалі песні ў выкананні таленавітых мясцовых артыстаў і калектыву “Рэха Астраўца”. Прадугледзелі на свяце і забавы для дзяцей: бяспройгрышную латарэю, тату-салон, горкі, батуты і іншыя забавы. А каб нагадаць малышам, школьнікам і дарослым пра бяспеку, працавалі інфармацыйна-забаўляльныя пляцоўкі РАНС. Словам, арганізатары зрабілі ўсё, каб свята спадабалася і запомнілася землякам.


Жыве і квітнее наш Гудагай. Тут будуюць дамы і нараджаюць дзяцей. А гэта значыць, што ў пасёлка і яго жыхароў ёсць светлая будучыня.

З першых вуснаў

Саша Леўшын:

– Свята цудоўнае. Можна пакатацца на горцы, паскакаць на батуце. Вельмі спадабаліся пажарная машына і канцэрт.

Такія святы патрэбны, каб жыццё ў вёсцы станавілася лепшым, гэта радасць для людзей.

Мар’яна Кот:

– Мне вельмі спадабалася. Ёсць батуты, можна паскакаць, пагуляць – не так як у звычайны дзень. Уразіў і канцэрт.

Павел Кузьміцкі:

– Тут ёсць усё. Хацелася б, каб такія святы былі часцей. Гэта паляпшае жыццё ў нашым пасёлку. Для дзяцей тут шмат забаў. Мне спадабалася на батуце – вельмі страшна, але пазітыўна. Цікавым быў і канцэрт.

Пасядзеў у пажарнай машыне, пагаварыў нават у рацыю. Яны прыехалі сюды, каб расказаць пра бяспеку. Гэта здорава!

Рэгіна Іосіфаўна Дрэма:

– Гудагай гэта і мая радзіма, любімая старонка. Тут я нарадзілася. Такія святы патрэбны – гляньце, колькі людзей прыйшло і ўсе задаволены: апладзіруюць і падпяваюць артыстам. Гэта патрэбна і маладым, і старым.

Увогуле, хочацца нашай культуры сказаць дзякуй! У пятніцу ў нас у Ліпках была “Ваколіца” – яны часта да нас прыязджаюць. Малайцы! Усе прыходзім – нам падабаецца!

Аксана Аляксандраўна Высоцкая:

– На свята прыйшла са сваёй свякроўю, трыма дзецьмі і пляменніцай. Такія мерапрыемствы проста неабходны. Дзецям весела і нам канцэрт спадабаўся.

Нашаму Гудагаю пажадаю працвітання. Яго жыхарам – здароўя і ўсяго самага найлепшага.



Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич, Ярослава Ладейщикова