Свята “Сям’я талентамі багата” адбылося ў Варнянах
Цэнтральная плошча ў парку –гістарычнае сэрца аграгарадка Варняны – у цёплы нядзельны вечар для многіх вяскоўцаў стала месцам сустрэчы і адпачынку. Тут прайшло свята “Сям’я талентамі багата”.
Арганізаваны варнянскай сельскай бібліятэкай вернісаж творчых работ “Майстэрства рук, душы і сэрца” раскінуўся абапал дарожкі, якая вяла да канцэртнай пляцоўкі. Немагчыма было адарвацца ад вышываных крыжыкам карцін Людмілы Саленік і Галіны Штура. Домікі вокнамі ў сад, лебедзі на замярзаючым вадаёме, шыкоўныя кампазіцыі з кветак – тэматыка работ таленавітых жанчын шырокая і разнастайная. Тонкім лірызмам і непрыхаванай настальгіяй напоўненыя карціны па нумарах аўтарства светлай памяці Юрыя Граблеўскага, які, нягледзячы на складаную хваробу, цалкам аддаваўся творчасці. Кошыкі, скрынкі і падносы з газетных трубачак прадставілі на выставу Марына Кіб і Алена Багдановіч. Вязаныя пруткамі пакрывалы Лідзіі Лакевіч і зробленыя з кавалкаў тканіны дыванкі Таццяны Радкевіч – яскравае сведчанне, што ў жанчын залатыя рукі. Агульную мову з драўнінай, па ўсім бачна, даўно знайшоў Яўген Дваяжонаў – яго работы можна лічыць сапраўднымі творамі мастацтва. Гледзячы на гадзіннік з цікаўнымі і жартаўлівымі бабуляй і дзядулем складана паверыць, што яны выразаныя на дрэве. Анёлкі, вялікі шэры кот, да якога з розных бакоў туляцца мышы, – работы ў тэхніцы пап’е-машэ Валянціны Субаткевіч вылучаліся аўтарскім стылем і незвычайным поглядам творцы на жыццё. Злавіла сябе на думцы, што мне, як і многім варнянцам, пашчасціла быць знаёмай з нашымі таленавітымі і адоранымі аднавяскоўцамі і жыць з імі на адной зямлі, лічы, па-суседску.
Пакуль адны атрымлівалі эстэтычную асалоду ад выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, іншыя адпачывалі, гутарылі са знаёмымі ці ласаваліся шашлыком. Дзеці таксама не сумавалі: для іх арганізавалі надзіманыя батуты, папкорн і салодкую вату, гульнёвую праграму “Настрой – лета!” са шматлікімі конкурсамі...
Канцэртную праграму аўтарскай песняй “Мая маленькая радзіма” адкрыла ветэран педагагічнай працы, паэтэса і краязнаўца Людміла Кухарэвіч. Яе сястра Тамара Батура з каляжанкай па калектыве “Чаромушкі” аздобілі кампазіцыю танцам. Прыемна здзівіў моцнымі галасамі сямейны калектыў Сямашка-Ярмак – мама Вікторыя з дзецьмі Цімафеем, Васілісай і пляменнікамі Алесяй і Вікторыяй парадавалі гледачоў добра вядомай кампазіцыяй «Ты знаешь, всё ещё будет». Смела і гарманічна гучалі са сцэны галасы яшчэ адной сям’і – Святланы Круглякоўскай і яе дзяцей Арыны, Сашы і Яны. Пра “Размовы” праспявала Мая Качан, а інструментальнымі і песеннымі нумарамі аднавяскоўцаў парадавалі выхаванцы мясцовага філіяла дзіцячай школы мастацтваў. Завіталі ў Варняны з музычнымі падарункамі і лепшыя артысты і выканаўцы Астравеччыны.
Удзельнікі канцэртнай праграмы і выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва атрымалі падзячныя пісьмы ад сектара культуры райвыканкама і падарункі ад спонсараў свята.














