Свята “Квітней, мая Беларусь” сабрала ў Міхалішках аднавяскоўцаў (+відэа)


Гадоў з 15 таму, вяртаючыся сям’ёй з Нарачы, заўважылі на беразе ракі Віліі пры ўездзе ў Міхалішкі вялікі натоўп людзей. Зацікавіліся – і вырашылі спыніцца.

На паляне каля ракі стаялі лаўкі, ва ўсю грымела музыка, людзі весяліліся, спявалі і танцавалі -- адзначалі свята вёскі.

Потым высветліла, што гэтай традыцыі не адзін дзясятак гадоў.Міхалішкі вызвалілі ад фашыстаў на наступны дзень пасля Астраўца, 4 ліпеня, – і супрацоўнікі мясцовай культуры штогод у выхадныя пасля свята ладзяць вечарыну для аднавяскоўцаў.

– У нас стала добрай традыцыяй да Дня Незалежнасці праводзіць ушанаванне жыхароў аграгарадка. Гадоў восем на гэтай летняй пляцоўцы свята не ладзілі – яно праходзіла ў клубе. Сёлета вырашылі аднавіць. Дзякуй арганізацыям, якія нам дапамаглі ў гэтым: лясніцтва, КСУП “Міхалішкі”, сярэдняя школа, – расказала загадчык мясцовага сельскага клуба Надзея Вайцяховіч. – Такія святы праводзіць трэба. Па-першае, гэта заўсёды сустрэчы з новымі сябрамі і знаёмымі. Па-другое, можна паслухаць канцэрт, патанцаваць, паесці шаўрмы, нарэшце. Ёсць забавы для дзяцей – горкі, салодкая вата, папкорн. Настрой добры. Мы, канешне, перажывалі, ці збяруцца людзі сюды, але бачым, што ўсё атрымаецца!



І сапраўды аднавяскоўцы дружнай талакой завіталі на свята. Хутка і ўсталяваных лавачак стала не хапаць. Ды гэта не было праблемай – многія прыйшлі з пакрываламі і размясціліся на іх. Бо нават надвор’е ў гэты суботні дзень спрыяла адпачынку.

Прыгожае дзейства разгарнулася і на імправізаванай сцэне. Песні пра родную краіну, патрыятызм, вайну, якая пакалечыла лёсы мільёнаў чалавек, танцы нікога не пакінулі раўнадушным.

На “ўра” зайшло і выступленне народнага ансамбля народнай песні “Світанак” – артыстаў узнагародзілі бурнымі апладысментамі.


Паставілі міхалішкаўцы і казку пра сваю вёску, чым парадавалі яе жыхароў. Свята прадоўжылася ўшанаваннем самых сталых і самага маленькага жыхара Міхалішак, а таксама сямейных пар, якія жывуць разам 50 і 60 гадоў.

– Лёс кожнага чалавека будуецца па-рознаму. І, на жаль, не бывае без гора і бяды. Але сёння цудоўны дзень – 80 гадоў мы жывём пад мірным небам, бачым яркае сонца. У нас ёсць усё. І трэба проста гэта зберагчы, як бы складана не было. Усё гэта мы маем у тым ліку і дзякуючы доўгажыхарам, якія ведаюць, што такое вайна і мірнае неба, што такое голад і смачны свежы хлеб. Мне прыемна павіншаваць тых, хто сваёй працай развіваў нашу краіну, рабіў яе квітнеючай і прыгожай, – адзначыла старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Наталля Баніцэвіч і павіншавала самых сталых жыхароў аграгарадка Альфрэду Станіславаўну Кляцоўскую, Францішка Іосіфавіча Лісоўскага, Веру Пятроўну Чыркову, Марыю Антонаўну Штуру. На жаль, не ўсе яны змаглі прыйсці на свята, але арганізатары паабяцалі даставіць падарункі ім дамоў.


Віншаванні гучалі і ад першага сакратара райкама ГА БРСМ Вольгі Максімавай і старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірыны Раткевіч. Яны ўшанавалі самую маленькую жыхарку аграгарадка Варвару Дэнюш і сямейныя пары: Генрыха Іосіфавіча і Тэрэсу Браніславаўну Часнойцяў, Мар’яна Уладзіміравіча і Яўгенію Адольфаўну Буглакоў, Ганну Іосіфаўну і Генрыха Сцяпанавіча Лаздоўскіх, якія разам пражылі 50 і 60 гадоў.

І, канешне ж, гучалі песні ў выкананні астравецкіх артыстаў і жыхароў аграгарадка. Свята прайшло на ўздыме – і, верыцца, старая добрая традыцыя ладзіць яго на беразе Віліі прадоўжыцца.

З першых вуснаў

Ганна Карвель, кіраўнік спраў Міхалішкаўскага сельсавета:


– Даўно мы не збіраліся ў гэтым цудоўным куточку нашых Міхалішак. Але ўсе помняць, як мы тут цудоўна праводзілі час. Сёння таксама нас шмат – і ўсё гэта дзякуючы нашай Надзеі Вайцяховіч, якая працуе з душой, і яе артыстам.

У нашым аграгарадку жывуць самыя добрыя цудоўныя людзі, якія разумеюць, падтрымліваюць адзін аднаго і ўсе пытанні вырашаюць разам. Здароўя вам, поспеху і ўдачы. Няхай птушка шчасця заўсёды кружыць над вашымі сем’ямі. І самае галоўнае – міра на нашай зямлі.

Агнія Лаздоўская і Ксенія Мацкела:


– Нам вельмі падабаецца. Тут весела і цікава, артысты прыгожа выступаюць. Мы прыехалі ў вёску ў госці. Гуляем тут, а цяпер глядзім канцэрт, а яшчэ скачам на батуце, на качэлях гушкаемся.

Святлана Мацкевіч:


– Такія святы аб’ядноўваюць народ, жыхароў адной мясцовасці. А ўлічваючы, што ў нас амаль супадаюць дзень вызвалення Беларусі і нашага населенага пункта, то вельмі добра, што аднавілі менавіта на гэтай пляцоўцы правядзенне такіх святаў. Я думаю, што гэта будзе працягвацца і стане традыцыяй. Такія мерапрыемствы цудоўна выхоўваюць маладое пакаленне ў духу любові да сваёй Радзімы, у духу патрыятызму.

Марыя Пагада і Тэрэса Часнойць:


– Вельмі добрае прыгожае свята. Надвор’е харошае. І мы так рады, што ўсё ў нас цудоўна. Лепш не можа быць!

Мы задаволены, што нам такое добрае свята арганізавалі. Усё добра: і надвор’е, і людзі рады.

Юлія Часнойць:


– Такія святы ў нас праходзілі раней, цяпер аднаўляем традыцыю праводзіць яго на беразе Віліі. Ужо цяпер бачым, што ўсім падабаецца. Колькі гасцей прыехала! І нават надвор’е радуецца разам з намі! Усё прыгожа і весела.


Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Видео: Елена Ярошевич