Свята сэрцам маладых
Адметнасць гэтага свята – Дня пажылых людзей – адзначаюць многія. Яго асаблівая сардэчнасць – выразнае сведчанне таго, што ўшанаванне пажылых людзей становіцца найлепшай, высакароднейшай традыцыяй ва ўсім свеце. Вось і ўрачысты сход заслужаных людзей Астраўца, ветэранаў працы, быў прадстаўнічым і прайшоў вельмі душэўна. Кожнага, хто ўваходзіў у канцэртную залу “Астравец”, ахутвалі цёплыя хвалі прыязнасці і любві. У многіх у руках былі букеты кветак – падарункі ад родных калектываў. Падзяліць радасць свята прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў прыйшлі іх дзеці і ўнукі – таксама з кветкамі.
Шчырае захапленне выклікала выстаўка прыкладной творчасці пенсіянераў: фігуркі коней і птушак, шкатулкі і нават сапраўдны куфар з залатой саломкі народнага майстра Валянціны Вільеўны Віннічак, вязаныя цацкі і работы з фанеры Юзэфы Антонаўны і Здзіслава Іосіфавіча Адынцоў, цудоўныя вышываныя абразы і карціны Святланы Іванаўны Мешкіс і Ніны Уладзіміраўны Шаўроўскай, карвінг і арыгінальныя самаробкі, сплеценыя з газетнай паперы, Ванды Іосіфаўны Лосевай. Хараство — вачэй не адвесці...
Віноўнікаў урачыстасці сардэчна прывітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, выказаў ветэранам словы ўдзячнасці за самаадданую шматгадовую працу і захапленне іх незгасальным аптымізмам, цягай да творчасці і шматлікімі талентамі. Цёплыя, шчырыя пажаданні выказаў паважаным землякам старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт.
А затым пачалося вялікае музычнае дзейства – бенефіс народнага хору ветэранаў працы “Вясёлка” з нагоды яго дзесяцігадовага юбілею. Здавалася б, калектыў павінен толькі прымаць віншаванні, а ён працаваў – радаваў цудоўным мастацтвам землякоў. Паказаў свой творчы патэнцыял ва ўсёй паўнаце і разнастайнасці: выступіў усім складам і асобнымі маленькімі ансамблямі – вакальнай групай, квартэтам, трыа, дуэтам і, вядома, цудоўным букетам салістаў. Гучалі песні гадоў маладосці большасці гледачоў.
Паток віншаванняў быў шчодрым: В.В. Барташэвіч уручыў мастацкаму кіраўніку хору Дануце Адольфаўне Папеня Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў, шчырыя прыхільнікі яе творчасці паднеслі кветкі. Дружнымі апладысментамі прывіталі гледачы і першага кіраўніка хору Генрыха Адольфавіча Стаціну, і акампаніятара Аляксандра Аркадзьевіча Якіменку. І зноў – песні: ад калектыва-юбіляра і ў гонар яго.
Усім удзельнікам хору, а таксама майстрам-умельцам падарылі сувеніры і кветкі валанцёры атрада “Прамень” з цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А заключны акорд свята аказаўся ў поўным сэнсе салодкім – вядучая канцэртнай праграмы Святлана Куцько ўручыла хору-юбіляру вялікі торт ад аддзела культуры.
Урачыстасць паяднала артыстаў і гледачоў, як сапраўдных сяброў.
Таіса СЯМЁНАВА.