Свой шлях да беларускай мовы ўзгадвае карэспандэнт газеты
Я ні ў якім разе не хачу прынізіць рускай, тым больш, што ў Канстытуцыі замацавана раўнапраўе дзвюх моў, я пра тое, што, як і ў Юрыя Левітанскага, кожны выбірае па сабе…
Для мяне размаўляць і пісаць па-беларуску, стасавацца, у тым ліку ў мэсэнджарах, – настолькі натуральны і звыклы працэс, як, напрыклад, у ранішняй цішы выпіць кубачак заваранай кавы ці прачытаць перад сном хоць некалькі старонак мастацкага твора.
Але так было не заўсёды. Злавіла сябе на думцы, што сёлета ў мяне паўкруглы юбілей: пасля невялікага перапынку (дзяцінства і школьны час не бяром у разлік) ужо 15 гадоў у паўсядзённым жыцці і на рабоце стараюся карыстацца выключна роднай мовай. Некаторыя артыкулы, вядома, пішу па-руску – разумею, што ёсць з’явы, падзеі, якія аўдыторыяй нашага выдання будуць лепш успрымацца менавіта на гэтай мове.
Каюся: я таксама выракалася матчынай мовы… Правінцыяльнай дзяўчынай прыехала ў абласны цэнтр вучыцца ва ўніверсітэт. Не мне расказваць, якія складанасці ўзнікаюць і што адчувае ўчарашні старшакласнік, у якога ўсе прадметы ў вясковай школе выкладалі па-беларуску, а тут у максімальна сціснутыя тэрміны трэба засвоіць вышэйшую матэматыку (і навошта яна псіхолагам?) па-руску, а ты нічога не разумееш…
Прызнацца, хапіла мяне толькі на год. З другога курса я цалкам стала размаўляць па-руску, а неўзабаве – і думаць. Толькі з самымі блізкімі і роднымі і па прыездзе дадому я пераходзіла на тутэйшую гаворку.
Пытаннем пра тое, дзе месца беларускай мовы, я задалася пасля нараджэння дзіцяці і падчас пераасмыслення жыцця, адчування важнасці повязі з каранямі і пошукаў свайго месца ў гэтым свеце.
Разам з двухгадовай дачкой, можна сказаць, пачынала вучыць мову, калі не з нуля, то амаль з самых азоў. Разам мы рабілі невялікія крокі ў гэтым накірунку. Памятаю, што выпісвала шмат перыёдыкі, акрамя «раёнкі», газету «Звязда», часопісы «Маладосць» і «Полымя». Чытала шмат кніг – і толькі па-беларуску. Папаўняла свой слоўнікавы запас, пазначаючы ў нататніку словы і выразы, якіх не было ў маім штодзённым карыстанні… І з дачкой мы размаўлялі на матчынай мове, разам прыдумвалі казкі…
Памятаю, неяк перад сном злавіла сябе, што думаю па-беларуску – і была шчаслівай. Тады (як і цяпер) не была ўпэўнена, што валодаю мовай нават на адзнаку «добра», але мне вельмі і вельмі не хацелася адбіраць у свайго самага блізкага чалавека магчымасць ведаць сваю мову з-за стэрыатыпаў. Мы вучыліся разам – і гэта быў наш шлях да мовы.
У допісе ў «раёнку» ў 2011 годзе (тады я яшчэ не працавала ў рэдакцыі, але рэгулярна ліставала ў газету) прызнавалася, што вельмі хачу, каб маё дзіця ўспрымала беларускамоўнасць як норму, а не выключэнне; каб яно не саромелася гаварыць «па-нашаму»; што я хачу даць ёй права выбару… Азіраючыся назад і ведаючы, як упэўнена і аднолькава цудоўна Аляксандра валодае абедзьвюма мовамі, я разумею: наш шлях быў недарэмным.
…Усё ж кожны выбірае па сабе. Магчыма, кагосьці з чытачоў натхніць мой прыклад ці неверагоднейшы праект «Кожная пятніца – роднае, сваё!», які за дастаткова кароткі тэрмін свайго існавання без перабольшвання стаў народным. Прызнаюся, што атрымліваю вялізнае задавальненне, калі ў стужцы трапляюць допісы знаёмых і зусім не вядомых мне людзей з гэтым хэштэгам. Цудоўна, што ў пятніцу яны пякуць дранікі ці бабку, замест «спасибо» кажуць «дзякуй» і вучаць з сынам і дачкой не «Мишка косолапый», а «Села кошка на парожку…» Засмучае толькі, што гэтыя класныя пасты падпісаны па-руску. Так, мне здаецца, траціцца значнасць самой задумы і яе глыбінны сэнс. Ну напішыце ў наступны раз па-беларуску ці хоць бы паспрабуйце гэта зрабіць, каб роднае хоць крыху стала сваім!
