Свои исследовательские работы островецкие школьники посвятили 70-летию освобождения Беларуси и 200-летию Иосифа Гашкевича

Канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі і 200-гадоваму юбілею Іосіфа Гашкевіча, прайшла на базе гімназіі №1.

Ганаровымі гасцямі раённага школьнага мерапрыемства сталі галоўная захавальніца фондаў раённага музея Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч і старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт.
Канферэнцыя ператварылася ў сапраўднае свята памяці пра тыя далёкія часы і гонару за сённяшнюю незалежную і квітнеючую Беларусь.
Пачалася яна з літаратурна-музычнай кампазіцыі, якую паказалі вучні Падольскага НПК. А затым школьнікі, змяняючы на сцэне адзін аднаго, расказвалі пра свае даследаванні.
Старшакласніца СШ №1 Ксенія Марцінчык сваю работу назвала “Пісьмы з фронту” і прысвяціла яе жыццю і дзейнасці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Франца Станіслававіча Дамброўскага-Дубіцкага.
Пра Фёдара Рыгоравіча Маркава – камандзіра партызанскай брыгады імя Варашылава – рас казала Сняжана Янушкевіч са Спондаў.
Дар’я Лях з Гервяцкай школы паведаміла сваім аднагодкам і членам журы пра беларусаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны працавалі на чыгунцы і сваімі баявымі подзвігамі дапамагалі заваёўваць для нас будучыню.
Пра баявыя дзеянні, якія разгарнуліся ў час вайны на тэрыторыі Астравеччыны, гаварыў у сваім выступленні Эдгар Бабіч з Кямелішак.
Вольга Ожэг і Вольга Лазарэвіч з Альхоўскай школы расказалі пра палітыку генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі не толькі нашай краіны, але і нашага раёна. Сумныя падзеі, якія разгарнуліся ў Кямелішках, Падольцах і Варнянах, і сёння жывуць у памяці старажылаў, а дзякуючы іх успамінам пра гэта ведае і маладое пакаленне.
Пра настаўнікаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, падрыхтавалі работу школьніцы з Гудагая – Аксана Кранкоўская і Алеся Сцефановіч. Дарэчы, раённай канферэнцыі папярэднічала міжнародная, якая праходзіла ў Мінску і на якой гудагайскія школьнікі за сваё выступленне атрымалі пахвальныя водгукі.
Немалаважную ролю ў Вялікай Перамозе адыгралі сродкі масавай інфармацыі – менавіта пра газеты і часопісы, якія выходзілі ў 1941-1944 гадах, у рабоце “Словы білі, нібы кулі” паведаміла Вольга Колтан з Варнянскага НПК.
А Вераніка Анімуцкая і Аляксандра Нікалайкава сваё даследаванне прысвяцілі 200-гадоваму юбілею Іосіфа Гашкевіча.
Але конкурс ёсць конкурс, таму, нягледзячы на тое, што кожная з работ заслугоўвала ўвагі, неабходна было вызначыць пераможцаў. У выніку Дыпломам І ступені была ўзнагароджана калектыўная работа Аксаны Кранкоўскай і Алесі Сцефановіч з Гудагая. Другое месца падзялілі юныя даследчыкі з Альхоўкі – Вольга Ожэг і Вольга Лазарэвіч і з гімназіі №1 – Вераніка Анімуцкая і Аляксандра Нікалайкава. Трэцяе месца і Дыплом ІІІ ступені былі аднагалосна аддданы даследчай рабоце Эдгара Бабіча з Кямелішкаўскага НПК.
Падчас канферэнцыі былі падведзены вынікі раённай віктарыны “Мы ведаем і помнім”, прысвечанай вызваленню нашай краіны, арганізатарам якой стаў раённы савет ветэранаў. Удзел у віктарыне прынялі прадстаўнікі 11 устаноў адукацыі.
Узнагароды і памятныя падарункі ад прэзідыума раённага савета ветэранаў атрымалі вучні 10 “Б” класа гімназіі №1 – менавіта іх работа была прызнана лепшай. Другое месца было прысуджана вучням 2 класа Альхоўскай СШ, трэцяе – калектыўнай рабоце вучняў 9 “А” класа СШ №1. Астатнія ўдзельнікі віктарыны таксама не засталіся без узнагарод – яны атрымалі Падзячныя пісьмы і памятныя падарункі.
У сваім выступленні старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт ад імя ветэранаў павіншаваў усіх са святам Перамогі і пажадаў моладзі быць вернымі подзвігу іх дзядоў і прадзедаў.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.